Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы, сузаснавальнік Experty.by. У музычнай журналістыцы з сярэдзіны 70-х. Суаўтар кнігі "Толковый словарь терминов популярной музыки" (1994, 1999), аўтар ідэі і складальнік "Энцыклапедыі беларускай папулярнай музыкі" (2008), адзін з кіраўнікоў лэйбла Dzida Music (ад 2011), наместнік галоўнага рэдактара часопіса "Мастацтва" (ад 2014).
Шчыра кажучы, спадзяваўся на большае. Калі ў 2014 годзе намецілася пашырэньне стылявога дыяпазону, агульнага стаўленьня да музычнае мовы, дык і ў годзе 2015 чакаў на тое, што гэтая тэндэнцыя набудзе далейшага разьвіцьця. Яно і адбылося, і адначасова – не. "Тармазнуў" галоўным чынам сэктар рок-стылю, хоць сярод адабраных для рэцэнзаваньня праграм па меншай меры пяць прыцягнулі маю ўвагу перш за ўсё за кошт намацваньня непоўторнага як на нашую рэчаіснасьць музычнага акцэнту. Зрэшты, яно й відаць у маёй дзясятцы.
Шкадую, што зь ліку маіх фаварытаў амаль ніхто не патрапіў у намінанты, што яшчэ раз пацьвярджае: успрыманьне і ацэнка айчыннага року і цяпер застаецца справай вельмі суб’ектыўнай.
Шкадую, што зьнікла намінацыя "Інструмэнтальная музыка". Бо ў годзе 2015 у Беларусі адбылася знакавая падзея: былі выдадзеныя (на носьбітах, а не ў Сеціве!) ажно 2 (цэлых 2!) альбомы джазавай музыкі. А калі далучыць сюды й Kazalpin – дык усе 3. Былі і іншыя інструмэнтальныя праграмы. Адрозна ад поп-прадукцыі, дзе зноў "вековая печаль"... Так што думаю: намінацыі варта пакідаць, а ці будуць на іх прэтэндэнты – вырашаць штогод асобна.
1. Kazalpin "Снежкі/Schnee" – слухаць
2. Shuma "Жніво" – слухаць
Абодва калектывы з музыкай, у аснове якой беларускі фолк, атрымалі ў мяне аднолькавую ацэнку, хоць яны і вельмі непадобныя. "Жніво" больш актуальна-сучасная, але з пэўнымі фармальнымі паўторамі, "Снежкі" – больш прапрацаваная ў сэнсе аранжаваньня. Ды абедзьве дэманструюць, што фолк дае шмат падстаў для ягонага прачытаньня і паміраць ну аніяк не зьбіраецца.
3. Кассиопея "Крестик" – слухаць
Хіба ўпершыню "Кассіопея" такі зачапіла мяне сваёй музыкай. Раней я ўспрымаў яе як у першую чаргу імкненьне запамінальна "намалявацца" ў музычнай прасторы. І ўсё. Гэтым разам я адчуў асобаснасьць, стылёвасьць і ўпэўненасьць у слушнасьці абранага шляху.
4. The UNB "Детский альбомб" – слухаць
Калі ацэньваць творчасьць The UNB толькі з пункту гледжаньня музыкі, дык асаблівых бонусаў адшукаць наўрад ці атрымаецца. Але калі дадаць сюды харызму лідара, ягонае ўменьне прыдумаць тэмкі, выкласьці іх непаўторным літаратурным стылем і пры гэтым, як маці-гераіня, шчодра запаўняць прастору сваімі "законна народжанымі" творамі, варта аддаць бэнду належнае.
5. Фляус и Кляинн "Тестирование потустороннего гидровелосипеда..." – слухаць
Я, прызнацца, чакаў вяртаньня гэтай каманды: надта ўжо шмат непаўторнага і індывідуальнага дэманстравала яна падчас першага прышэсьця. Не памыліўся: праграма прынесла годны прызнаньня матэрыял. І адначасова небясьпеку таго, што музыкі зноў зьнікнуць з поля зроку...
6. Re1ikt "Лекавыя травы" – слухаць
Шчыра рады, што гэты альбом зрабіўся фаварытам 2015-га ў галіне року. Цэласная, моцна зьнітаваная праграма, хоць і, можа, залішне скіраваная ў сябе. Больш сьвятла, больш радасьці! Усё ж гэта – рок-н-рол, а не паседжаньне ідэалягічнай камісіі.
7. J:морс "Воздух" – слухаць
Быў бы проста шчасьлівы, калі б большасьць той музычнай прадукцыі, якая бліжэй да поп-стылістыкі, была такого ўзроўню: адукавана, інтэлігентна, без самалюбаваньня і жаданьня спадабацца адразу ўсім. Мне – спадабалася.
8. Intelligency "DoLoven" – слухаць
Збольшага, гэта мой асабісты аванс калектыву, які нібыта й намацаў дастаткова асобасную, запамінальную стылістыку, але пры гэтым не зусім упэўнена стаіць на нагах. Яшчэ шмат працы наперадзе і назапашваньня ўпэўненасьці ва ўласных музычных магчымасьцях. Буду толькі рады, як гэты працэс працягнецца і прынясе плён.
9. Nizkiz "Лірика" – слухаць
Вялікай нечаканасьцю для мяне зрабіўся факт, што гэтая каманда з гэтым альбомам наогул не патрапіла ў лік намінантаў. Бо і па ўласна музыцы, і па энергічнаму яе паказу Nizkiz былі вартыя прэтэндаваць як мінімум на адну ўзнагароду. Калі музыкаў не падкосіць такое здарэньне, варта чакаць ад іх яшчэ больш пераканальнай праграмы. Спадзяюся на тое.
10. Teleport "Маўкліва" – слухаць
Падазраю, што адзін з асноўных прынцыпаў удзельнікаў гэтага бэнду – ня бегчы за модай. Прыдумваць сваё, абапіраючыся на тое, што было зроблена іншымі раней. Не буду сцьвярджаць, што матэрыял атрымаўся цалкам самастойны, але й называць яго грубай злепкай зь вядомых арыгіналаў аніяк не выпадае. Што ўжо цешыць. Думаю, бэнду варта ўсё ж маўкліва пераходзіць да беларускамоўных тэкстаў: такія песьні гучаць, на маю думку, больш арганічна.
Experty.by