Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы, сузаснавальнік Experty.by. У музычнай журналістыцы з сярэдзіны 70-х. Суаўтар кнігі "Толковый словарь терминов популярной музыки" (1994, 1999), аўтар ідэі і складальнік "Энцыклапедыі беларускай папулярнай музыкі" (2008), адзін з кіраўнікоў лэйбла Dzida Music (з 2011), наместнік галоўнага рэдактара часопіса "Мастацтва" (з 2014).
Калі падводзіць рысу пад агульнымі ўражаньнямі ад 2016 году, дык мушу паўтарыць тое, што казаў падчас цырымоніі ўзнагароджваньня. А менавіта: год гэты мяне асабіста ня моцна парадаваў грунтоўнымі, асэнсаванымі праграмамі. І не скажу, што пэўных пошукаў уласнага стылю, імкненьня скочыць вышэй за ўласную галаву наогул не было. Бо гэта ня так. Аднак жа імкненьне – гэта яшчэ не гарантыя таго, што вынік будзе загадзя плённы. Зь іншага боку, імкненьне зрабіць хоць крыху "ня так" ужо годнае ўхвалы, чым простае, няхай сабе і падсьвядомае капіяваньне таго, што актуальнае і зьвяртае на сябе шмат увагі.
Вось чаму, відаць, мая "гарачая дзясятка" нейкім чынам і арыентаваная на тых выканаўцаў і бэнды, што творчы сверб быць сабой даў пэўныя вынікі. Пры гэтым прызнаюся: калі б я цяпер складаў тую дзясятку, дык, верагодна, уключыў бы ў яе Nebulae Come Sweet. Іх выступ на цырымоніі зрабіў дастаткова моцнае ўражаньне. Прызнацца, адрозна ад праслуханага альбому. Ну, часам такое здараецца: магчыма, настрой у мяне быў паганы, нечага не дачуў, нешта гэткае прасьлізнула міма вушэй. Каюся, пасыпаю галаву попелам. Але такое здараецца. Вось слухаць запісы дыксілэндаў не люблю. А на канцэртах радуюся.
Такім чынам, мае фаварыты.
1. Зьміцер Вайцюшкевіч "Камета" – слухаць
Нехта можа сказаць: ад Вайцюшкевіча зь ягоным выдавецкім імпэтам ужо крыху стаміліся. Можа хто й стаміўся, ды толькі ня я. Бо ў ягоных праграмах, апрача зайздросных па якасьці тэкстаў, заўсёды прысутнічае мэлёдыя, музыка наогул. Я ўжо не кажу пра тое, што аўтарскі стыль Вайцюшкевіча пазнавальны літаральна з першых жа нотак. Для мяне "Камета" – адназначна лепшая праграма году. Сказаў так і нават спрачацца ня буду, ні з кім.
2. Грезы Пафнутия "Сутра подсолнуха" – слухаць
Вось і тут, як і ў Вайцюшкевіча, баль вядзе музыка. Розная і разнастайная, якая і напісана была, і пададзена на годным, прафесыйным узроўні. Яна, канешне ж, не для шырокіх колаў слухачоў, таму што найперш прымушае ўслухвацца ў сябе і габляваць уласны музычны густ. Гэта вам не інтэрнэтаўскія ньюсы: прачытаў, лайкнуў і забыў. Слуханьне такой музыкі – гэта амаль праца, перамога над уласнай лянотай, засьмечанай стэрэатыпамі.
3. True Litwin Beat "Ненужная правда о белорусах" – слухаць
А вось у гэтай праграме, адрозна ад дзьвюх вышэй апісаных, рэй найперш вядзе слова. Музычны складнік тут ня вельмі вынаходлівы й арыгінальны, а тэксты насамрэч чапляюць, дражняць ды колюць. Тым ня менш такі дысбаланс музыкі і тэкстаў дае нечакана плённы вынік. Бадай, першая праграма заўсёды непрадказальнага на рашэньні Пукста, якая прыемна ўразіла.
4. Лявон Вольскі "Псіхасаматыка" – слухаць
У нечым "Псіхасаматыка" падобная да "Ненужной правды о белорусах": абедзьве праграмы тэкстава закранаюць вельмі сугучныя тэмы. Адрозна ж ад "Грамадазнаўства" у гэтай праграме Лявон Вольскі, як мне падалося, у нечым стрымаў уласны творчы імпэт і ў цэлым ад гэтага толькі выйграў, хоць да такога вось Вольскага прывыкнуць зусім няпроста. Пры гэтым асабіста мне частка "Лес" лягла на душу лепш за "Горад"...
5. Re1ikt "Куфар" – слухаць
Падалося, што музыкі ўсё ж пасьпяшаліся з выданьнем гэтага альбому, чыя назва гучыць быццам бы апраўданьнем ягонага зьместу. Бо "крумкачоўская" футбольная песенька магла б сьмела застацца сінглавым варыянтам. Таму што тут яна глядзіцца неяк так, калі б у куфар з бабулінымі вышыванкамі паклалі сучасную маечку з прынтам. Песьня гэтая парушыла агульную гармонію праграмы, разрэзала яе бы нажом. Пры гэтым у ёй хапае і твораў, што годна працягваюць запісаны матэрыял да папярэдняга альбому бэнда.
6. Mustelide "Spi" – слухаць
Лёгкая, прыемная на ўспрыманьне праграма, якая нібыта і не прэтэндуе на ўсхваляваны, узрушаны прыём з боку аматараў музыкі, але, тым не менш, дасягае пастаўленай мэты. Можна, напэўна, пры жаданьні адшукаць па-за межамі Беларусі падобныя праекты (я апошнім часам зусім ня шмат слухаю закардоньнікаў з захаду, усходніх – наогул), але для нашае айчыны гэта вельмі зьмястоўная, годная высокіх ацэнак праца безумоўна таленавітай артысткі, якая цалкам усьведамляе, што і дзеля чаго яна робіць.
7. Dzieciuki "Рэха" – слухаць
Натуральнасьць выказваньня – вось, бадай, тое, што найперш адчуваеш, калі слухаеш гэтую праграму. Мне падалося, што: а) каманда заўважна творча расьце; б) ня траціць добра адчувальнай энэргетыкі; в) разнастаіць сродкі выказваньня ды стылявыя прыёмы. Гэта прыемна. Застаецца спадзявацца, што рух наперад ня спыніцца, чаго дзецюкам шчыра й жадаю. P.C.: і хто іх залічыў у шэрагі панкаў? Нашыя дзецюкі – зусім ня панкі, хоць урэзаць здольныя ня горш.
8. Akute "Пластыка" – слухаць
Лёгка пазнавальная стылістыка трыё, як падалося, гэтым разам ня лепшым чынам адбілася на зробленым для "Пластыкі". Бо ў параўнаньні з адчувальным разьвіцьцёвым рухам "Дзецюкоў" у Akute я асабіста адчуў нейкую запаволенасьць і нават ці ня стомленасьць ад зробленага раней. Ёсьць у гэтым альбоме песьні больш удалыя, есьць менш, але ў цэлым адчуваньне такое, што яны маглі быць і ў раней выдадзеных праграмах. А для мяне гэта – дастаткова трывожны званочак. Не, зьмяняць абраны накірунак ня трэба, а вось шукаць новыя фарбы – безумоўна!
9. Shuma "Сонца" – слухаць
Два альбомы – як два бакі Месяца. Гэта Сонца нібыта аднолькавае, зь якога боку да яго не падляці. Месяц не такі. Я разумею пастаўленую мэту падчас падрыхтоўкі гэтай праграмы, і яна, канешне ж, мае сэнс. Але ж сьвядомы ўпор на дансінгавую стылістыку, як падалося, ня лепшым чынам адбіўся на агульным выніку, бо тут і сам сэнс тэкстаў песень, і іх роля апынуліся ў закладніках гукавога вырашэньня. Яно мяне не пераканала. Таму што калі падобную стылістычна праграму рыхтаваць, як кажуць, па-вялікаму рахунку, найперш варта надаць увагу аранжаваньням. А яны тут збольшага такія, што існуюць амаль самі па сабе, а тэксты жывуць сваім жыцьцём. Ну не сустрэліся яны, не хапіла мне гармоніі!
10. Петля пристрастия "Мода и облака" – слухаць
Сам не разумею да канца, чым такім зачапіла мяне гэтая праграма. Бо, шчыра кажучы, "ПП" я раней неяк не прывячаў, лічыў тое, што робяць музыкі, пэўным штучным фрыкам дзеля ўласна фрыка. А вось тут адчуў, што "ПП" менавіта такія, якія яны ёсьць. Працуюць ня дзеля таго, каб спадабацца публіцы з усяе сілы і любымі сродкамі, а маюць індывідуальныя сродкі выказваньня, стылістыку, вобраз. Ну, дайшло нарэшце, праняло. Дзякаваць Богу. Лепш пазьней, чым ніколі.
Experty.by