О проекте

Надзея Кудрэйка: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2012 год (+аўдыё)

 

Пазаштатны эксперт і сябра "вялікага журы". Працавала на радыёстанцыях "Беларуская маладзёжная", "Крыніца". У выніку на працяглы час затрымалася на "Першым канале" беларускага радыё. У мінулым аўтар перадач "На ростанях", "Яшчэ не вечар", "Сонца ў вочы", "Вечаровы акорд", а таксама праграмы "Тры акорды", прысвечанай беларускай рок-музыцы.

Мінулы дыскаграфічны год мне спадабаўся, пакінуў прыемнае адчуванне. Практычна ўсе альбомы выклікалі нейкія добрыя пачуцці. Не было крытычнай масы шлака, кан’юнктуры, непрафесійнасці, і амаль пра кожную пласцінку можна сказаць нешта добрае. Парадавала разнастайнасць, парадавала вялікая колькасць раней невядомых назваў, якія варта запомніць. Парадавала і тое, што лёгка было выбраць тройку лепшых альбомаў, бо яны адпавядаюць і аб’ектыўным крытэрыям, якія даводзіцца ўлічваць у якасці "эксперта", і маім суб’ектыўным як простага слухача. А гэта не заўсёды супадае, і падчас трэба прымушаць сябе аддаваць перавагу менавіта аб’ектыўнасці. З тройкай прызёраў развагаў не было.

Дзесяці пазіцый сёлета не хапіла, каб адзначыць усе альбомы, якія хацелася б. Напрыклад, Sang Sattawood і некаторыя іншыя англамоўныя праекты ў выніку, пры аднолькавай суме "за" і "супраць", саступілі месца беларускамоўным альбомам. Макс Корж зместам некаторых песень усё ж сапсаваў мой на пачатку радасны настрой, і таму ў Топ-10 не трапіў. Працы Irdorath, Nizkiz, "Тёплые вещи", Алеся Камоцкага, Атма Раві, ili-ili, RetroElektro пакінулі прыемныя ўражанні. "Рабкор" "Ляпісаў" мной успрымаецца па-за конкурснай работай, таму і не трапіў у Топ. Варта спыніцца, бо альбомаў неблагіх было шмат.

1. Серебряная свадьба "Laterna Magica" – слухаць

Абіраючы лепшыя альбомы, я стараюся абапірацца менавіта на крытэрый дасканаласці канкрэтна зробленай працы. "Серебряная свадьба" – калектыў, які можна назваць перфекцыяністам. Прыемна, што і гуказапіс яму скарыўся. Удалося і перадаць "канцэртнасць", і знайсці баланс паміж хітовасцю і мастацтвам, удалося напісаць і запісаць такія песні, з якімі хоць на радыё, хоць у плэер абазнанага меламана. А гэта складана, рэдка атрымліваецца, і вельмі каштоўна ў выніку. "СС" трэба было прайсці гэты этап, узяць гэтую вышыню – удала запісаць менавіта такі хітовы альбом, каб далей ужо са спакойным сэрцам запісваць альбомы хоць на тэксты Брэхта на нямецкай мове. Асобны рэспект за "Чёрную речку". Нумар настолькі дасканалы, што нават хацелася б нейкай дробнай плямкі).

2. Clover Club "Random Mood Jukebox" – слухаць

Альбом, які праляцеў лёгкім цёплым, духмяным ветрыкам, і пакінуў на твары ўсмешку. Хаця напачатку прадказаць такое высокае месца было і складана. Здавалася б, яшчэ адна дастаткова стандартная англамоўная група, з паўтарэннем таго, што недзе ўжо было. Аднак Clover Club усё зрабілі па-эстэцку вытанчана, без напругі, з нейкімі такімі прыгожымі віньеткамі. І, як ні дзіўна, даволі арыгінальна.

3. Сергей Пукст "Внутреннее" – слухаць

Той прыклад, калі хочацца сказаць занадта шумным групам – вучыцеся цаніць кожную ноту, кожны дэцыбел, і кожны ўздых! Не кажучы ўжо пра слова. У кожнай ноце і дэцыбэлу павінны быць сэнс. Сяргей Пукст проста філігранна абыйшоўся з усім, з чаго стварыўся альбом. Мінімалізм вельмі лёгка ператвараецца ў пустату, аднак тут нішто нідзе ні на секунду не правальваецца.

4. Drum Ecstasy "Play Loud" – слухаць

Я адчула энэргетычны ўдар, які прымусіў сэрца біцца больш моцна, а кроў па жылах бегчы хутчэй. Прычым, гэта дасягнута не прымітыўным нагрувашчваннем тэмпу і гуку, а музыкай. Склалася сапраўдная драматургічная музыка, дзякуючы якой уся праграма слухаецца без напругі і стомы. І па заканчэнні праграмы было адчуванне, што я пабывала на якасным жывым рок-канцэрце.

5. Morfe "Ziziaq" – слухаць

Цяжка сказаць нешта занадта арыгінальнае пра гэты альбом. Зацягнуў, прымусіў услухоўвацца, не даў засумаваць, парадаваў новымі этнічнымі матывамі. Хаця я не да канца зразумела, дзе мяжа паміж фонавасцю гэтай музыкі і яе актыўным існаваннем. Большая вызначанасць у той ці іншы бок, мне падаецца, пайшла б на карысць.

6. Аддис Абеба "Механизм" – слухаць

Запамінальныя песні, запамінальныя вобразы, добрая энэргетыка, стварэнне атмасферы – нават пры пэўных хібах "Адыс Абеба" яскрава выявіла менавіта свой, уласны, ні на каго не падобны твар, стварыла свой мікракосмас. Калі гаворка ідзе пра песні са зместам – не з народнымі тэкстамі, не на чужой англійскай мове, не на вершы знакамітых паэтаў – то я аддаю перавагу, несумненна, такім аўтарскім спевам.

7. Нейро дюбель "Дох.. советчиков" – слухаць

у сваім традыцыйным вобразе, гучанні, больш мяккі – і мне гэта падабаецца. Альбом без асаблівых узлётаў, але і без правалаў. І каштоўны ўжо тым самым, што "Нейра дзюбель" застаўся верным сабе.

8. Палац "Кола грукатала" – слухаць

Не магу сказаць, што мне ўсё спадабалася ў гэтым альбоме. Магчыма, таму, што я чакала большага, і што мяне трохі засмуціў нейкі халодны, змрочны настрой песень. І хітоў няма. А менавіта гэтым "Палац" раней славіўся, што дзякуючы хітовасці песні станавіліся любімымі вялікай колькасцю людзей, масамі. Парадавалі якраз інструментальныя п’ескі. Вось такой музыкі ў нас рэальна не хапае, ці – у сучасна запісаным выглядзе – увогуле няма. А яна магла б быць вельмі запатрабаванай. Не ўсюды ж любяць танчыць пад дыскатэчныя рытмы. Пры ўсіх заўвагах, палічыла патрэбным ацаніць значнасць альбома ў кантэксце глабальнай беларускай культуры.

9. З.Вайцюшкевич & WZ-Orkiestra "Ваячак" – слухаць

Я ўсё ж не да канца зразумела – геніяльна ці правальна Зміцер Вайцюшкевіч інтэрпрэціраваў вершы Ваячака. Цэльнага ўражання ў мяне не склалася, катарсіса не адбылося. Аднак за спробу, рызыку, і як бы там ні было – за прафесіяналізм – альбом варты пахвалы.

10. Akute "Не існуе" – слухаць

Мае намаганні адчуць нешта ў гэтай музыцы прывялі да некаторага выніку. Я наступіла на горла звычцы ўспрымаць песенны альбом як складанку з добрых самастойных кампазіцый, і пастаралася прасякнуцца агульнай атмасферай. А зместу мне рэальна не хапіла.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net