О проекте

Rock Profі: адзначылі тых, хто заўсёды на слыху (+фота)

 

24 красавіка мінскі клуб "Таранціна" трашчыць па швах: прэмія Rock Profi аб'яўляе пераможцаў па выніках мінулага года ў 6 намінацыях. Rock Profi — гэта прафесійная музычная прэмія, у якасці журы якой выступаюць самі музыкі. Сёлета іх было 46.

Першымі пераможцамі становяцца далёка не навічкі ў музыцы, але навічкі ў плане выпуску альбомаў гурт BosaeSonca — іх называюць "Дэбютам года". Дарэчы, пласцінка гурта "Адпусці" да таго ж здабывае статус "Лепшага запісу", які зрабіў гукарэжысёр Павел Сініла. "За цяжкую працу — цяжкая ўзнагарода", — каментуе Павел вагу статуэткі "Пік прафесіяналізму".


Павел Сініла

Трэк "Say Hello To My Baby" трыа The Toobes называюць "Лепшай песняй". Другі год запар на прэміі духавы аркестрык "12 датчан" грае ўрыўкі твораў гуртоў-пераможцаў. "Яны сыгралі нашу песню! Першы раз нехта сыграў нашу песню!" — радуюцца The Toobes. — "Вялікі дзякуй і нізкі паклон!" Самі музыкі прызнаюцца, што галасавалі за Akute, і што ў іх новым альбоме будзе ўрывак знакамітай "Hit the Road Jack".


The Toobes атрымліваюць узнагароду ад Akute


аркестр "12 датчан"

"Лепшым альбомам" музычнае журы прызнае "Фобос" "Петли Пристрастия". Мінулагоднія пераможцы ў гэтай катэгорыі, гурт "Серебряная Свадьба" уздымаюцца на сцэну, каб адкрыць запаветны канверт. Бенька папярэджвае, што калі яе меркаванне не супадзе з вынікам, то яна з'есць цыдулку з імем пераможцы. Аднак вынік спявачку цалкам задавальняе!


"Серебряная Свадьба" радуецца перамозе "Пятлі"


"Петля Пристрастия": Іван Селішчаў (гітара) і Цімафей Савіцкі (бас-гітара)

"На маю думку, узнагароды атрымалі менавіта тыя гурты, якія гэтага заслугоўваюць, — ужо пасля абвяшчэння вынікаў разважае гітарыст "Пятлі" Іван Селішчаў. — Фактычна, гэта самыя актыўныя каманды ў беларускай музычнай прасторы. Бо мне даслалі спіс усіх, хто ўдзельнічае ў прэміі, шчыра прызнаюся, што 90 адсоткаў з іх я ўвогуле не ведаў. Таму цалкам лагічна, што прызы атрымліваюць усе, хто заўсёды на слыху, хто нешта робіць, працуе і пастаянна развіваецца".


Лэслі Найф, Gods Tower

"Артыстам года", як і ў на прэміі Еўрарадыё "Даём рады", музычнае журы прызнае "Ляпіса Трубяцкога". Натуральна, што каманда, якая вось-вось завершыць свой доўгі і цярністы творчы шлях, не аднойчы за мінулы год сабрала больш за 500 чалавек на свой выступ — такі быў абавязковы крытэрый перамогі.

"Мне было вельмі цікава пераслухаць усю гэтую музыку, — прызнаецца фронтмэн Gods Tower, Лэслі Найф падчас аб'яўлення "Артыста года". — Я вядомы антысацыял і касмічны пірат. Для мяне шмат што было навінкай. Я пачуў многія калектывы, і не зразумеў, якое дачыненне яны маюць да рока. Я прызвычаіўся, што рок — гэта, як мінімум, Морысан, максімум — Озі Осбарн. Мусіць быць бунт у любым выпадку, а там я бунта не пачуў". Сам жа Лэслі пацвярджае чуткі, што галасуе за Паліну Рэспубліку. Маўляў, у нас мусіла з'явіцца свая Энія. І вось яна з'явілася.


"Крама" атрымлівае ўзнагароду


"Крама" выступае

Узнагароду "За ўнёсак", як было аб'яўлена раней, атрымлівае "Крама", якая сёлета да таго ж адсвяткуе сваё 20-годдзе. Варашкевіч успамінае першае крамаўскае "Басовішча", падчас якога музыкі пілі спірт "Раяль" і запівалі яго вадой з рэчкі.

"Слухайце, так час ляціць! Лічба 20! Тады мне было 33. А сёлета ўжо будзе 54. Айяяй! Але ж ёсць Мік Джагер! Піт Таўшэнд! Яны яшчэ старэйшыя, так што мы маладыя! Ну, і вялікі дзякуй! Узнагароды заўсёды прыемна атрымліваць", — рэзюмуе музыка, пасля чаго шчаслівая "Крама" грае вялікі святочны сэт для наведвальнікаў прэміі.


"Серебряная Свадьба" і падрастаючае пакаленне


Стас Мурашка (The Toobes), Міхей Насарогаў і Цімафей Савіцкі ("Петля Пристрастия")

Мы ж знаходзім даўняга прыхільніка беларускай музыкі Арцёма, які кажа, што ўсё ў нашым року, як мае быць: "Я назіраю за ўсім гэтым рухам з 98 года. Беларускі рок ідзе туды, куды мусіць прыйсці — то бок, у трансфармацыю новага беларускага рока. Ён не павінен ісці ў нагу з сусветным рокам, бо час і Беларусь — гэта розныя рэчы".

Самая бяскрыўдная і зразумелая прафесійная музычная прэмія Rock Profi паставіла кропку ў беларускай музыцы 2013 года. Працяг будзе.

Тэкст: Маша Калеснікава, "Еўрарадыё"
Фота: "Еўрарадыё"


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net