О проекте

Сяргей Будкін: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2015 год (+аўдыё)

 

Штатны эксперт, сябра вялікага журы, сузаснавальнік Experty.by. Рэдактар парталу "Тузін Гітоў" (ад 2003), музычны аглядальнік газеты "Наша ніва" (2002-2009), вядучы аўтарскіх праграм на радыё. Рэдактар і суаўтар кнігі "Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу" (2004), прадусар узнагарод "Рок-каранацыя" (2005-2007), аўтар ідэі і прадусар праектаў "Тузін.Перазагрузка" (2009, 2011), арганізатар канцэртаў "Тузін.Unplugged"/"Жывы Тузін" (з 2011).

У 2015 у мяне асабіста адбыўся канчатковы разсынхрон з праектам Experty.by. Можа быць таму, што зусім зьнік інтарэс да таго, што завецца альбомам у паняцьці, акрэсьленым на "Экспэртах". Артыста і яго музыку куды цікавей разглядаць празь песьню, а выказацца ён можа і з дапамогаю кліпа, сынглу, міні-альбому, калі на тое пайшло. Да ўсяго ў апошні час, агляд і крытыка рэлізаў таксама не ўваходзяць у лік улюбёных справаў – перавагу хочацца аддаць стваральнай працы ды ўласным праектам, а ўвагу – толькі тым, хто яе сапраўды варты. Дадае складанасьці ў падвядзеньні вынікаў тое, што ў "Тузіна" і "Экспэртаў" чыста каляндарны разсынхрон: мы вынікі падсумоўваем пасэзонна (восень-лета), а ў гэтым праекце ахопліваецца каляндарны год. Тым ня менш, мэханізм адзнакаў, распрацаваных на "Экспэртах" дае ўяўленьне пра галоўныя здабыткі сучаснай беларускай музыкі. Наколькі поўнае і ці даходзіць яно да патэнцыйнай публікі – справа іншая.

Сапраўды – Re1ikt, Shuma, "Крамбамбуля", Паліна Рэспубліка запісалі альбомы, прадказальна вартыя найвышэйшых адзнакаў, бо яны пэрыядычна дэманстравалі сваю дзеяздольнасьць канцэртамі, сынгламі, відэаролікамі. З не зусім прадказальных – безумоўна гэта гурты Teleport ды Intelligency, якія разам з вышэй названымі фаварытамі на сёньня ўвасабляюць новую беларускую музыку. Да гэтай плыні далучаюцца аўтары самых рызыкоўных камбэкаў году – Vinsent, які так доўга маўчаў, што мог і не патрапіць у хвалю, і гурт Trubetskoy, які пасьпяхова давёў, што можа дзейнічаць і без свайго ранейшага франтмэна. І сам жа Міхалок з новымі паплечнікамі па Brutto запісаў сур’ёзны і моцны альбом, зь якога ўжо не падкпіш – але гэтыя два рэлізы якраз паказалі наколькі абедзьвум часткам "Ляпісаў" не хапае адно аднаго, каб гэта быў прадукт цалкам маналітны і самадастатковы. З праектаў – варты ўвагі найперш рэліз "25 АБ-БА Аркестр". Без прывязкі да альбомаў вельмі парадавалі таксама Navi, Pauline, Angst, Zolki band.

А яшчэ ж цудоўны альбом Вайцюшкевіча на Нагавіцу, другі студыйнік гурту Dzieciuki... Але ж гэта я залез у наступны год, які мне ўжо не асьветляць.

1. Re1ikt "Лекавыя травы" – слухаць

Гэта гурт, у якога няма лішніх, неабавязковых для праслухоўваньня ці прахадных трэкаў. Кожны нумар на "Лекавых травах" – твор мастацтва, прадуманы да дэталяў эпічны расповед з сваім драматургічным і музычным разьвіцьцём, сьціснуты ў часе да 4-6 хвілінаў. Што яшчэ надзвычай важна – ужывую гэтыя песьні гучаць гэтак жа магутна, як у запісе, а гэта таксама дарагога каштуе. Re1ikt запісалі альбом, які ёсьць безумоўным гонарам беларускай альтэрнатыўнай музыкі.

2. Розныя артысты "25 АБ-БА Аркестр" – слухаць

У праекце "25 АБ-БА" не адчуваецца фальшу і патасу, які часта сустракаецца ў музычных праектах, дзе бяруць удзел дзеці, бо часта яно пяецца з прымусу і муштры, а не зь любові і пашаны. Усе песьні былі перайграныя наноў беластоцкімі музыкамі – безь перацягваньня коўдры і адсабечыны, але дасканала і грунтоўна, зь мяккімі гітарнымі пасажамі, з далікатнымі аранжаваньнямі, прасякнутымі шчырай павагаю да першакрыніцы, з захаваньнем арыгінальнага нэрву. Гэтыя песьні розных гадоў, настрояў і нават пасылаў яднае адно – узьнёсласьць і веліч.

3. Shuma "Жніво" – слухаць

Гурт запісаў знакавы альбом ня толькі для беларускай фольк-плыні, але і для ўсёй нашай музыкі. Зроблена ўсё зь неверагодным размахам, вынаходлівасцю і любоўю. Удзельнікі Shuma досыць вольна і сьмела (але з павагаю і трымценьнем) абыходзяцца з матэрыялам. І ў іх выпадку рызыка апраўдваецца. Шаблоны разрываюцца і атрымліваецца цалкам самастойны аўтарскі прадукт.

4. Vinsent "Vir" – слухаць

Выканаўца гне тую ж лінію, што і ў дэбютніку "Пачатак" (2009), які і цяпер ня сорамна слухаць. Толькі тут, вядома ж, і біты тлусьцейшыя, і чытка больш упэўненая, і вакалы прыгажэйшыя. На ім шмат выдатных і прыгожых песень. Дакладней так – тут няма ніводнага прахаднога трэка. Альбом у Вінсэнта выйшаў надзіва мяккі, разважлівы і… рамантычны - адзін зь лепшых і самых пазытыўных.

5. Intelligency "DoLoven" – слухаць

Intelligency уяўляе зь сябе той рэдкі выпадак, калі ўсё зроблена на ўсе 100%, прафэсійна, густоўна, далікатна і смачна. . Электроніка, падмацаваная жывой гітарай ды адметным вакалам, слухаецца з надзвычайнай прыемнасьцю, што зусім неўласьціва для выканаўцаў зь Беларусі, якія вырашаюць сьпяваць па-ангельску ды яшчэ і злавіць музычны трэнд.

6. Крамбамбуля "Чырвоны штраль" – слухаць

Вольскі вярнуўся туды, адкуль прыйшоў: пасьля зайгрываньняў з тутэйшым шоў-бізам і музычнымі фарматамі ажно да поп-музыкі ён сышоў у андэграўнд, паказаўшы усёй гэтай зрусіфікаванай багеме, чынушам, кантралёрам, капітанам, ідэолягам, міліцыянтам ды іншым прыслугачам свой смачны і далікатны фак. Матэрыял атрымаўся нават больш разнастайным, чым у пярэстым першым "Застольным альбоме" (2002) – тут ахоп ад блатняку і джазу да лацінаамэрыканскіх павеваў і рэгі з брутальнымі ноткамі.

7. Trubetskoy "Magister Bibendi" – слухаць

Гэта альбом абсалютна жывога гурта, які мае што прапанаваць. Ад "Ляпіса" у "Трубяцкім" застаўся той самы мэлядычны нэрв, які якраз адсутнічае ў праекце Міхалка Brutto. Хоць, вядома ж, у Булатнікава і Ка, сур'ёзная праблема з тэкстамі, у стварэньні/канструяваньні якіх тут былі задзейнічаныя ажно 8 асобаў, уключна з прадусарам Калмыковым (+ніякі кавэр на БГ). Часам Trubetskoy гучыць зусім ужо брутальна і невытлумачальна, але пры гэтым – зноў жа! – не губляе сваёй пазнавальнасьці. Вярнулася б яшчэ духавая сэкцыя, была б наогул прыгажосьць!

8. Серебряная Свадьба "Музыка – всё!" – слухаць

Гэты альбом можа выклікаць сьлязу замілаваньня і прыступ настальгіі ў дарослых, бо выклікае сталыя асацыяцыі з паэзіяй Хармса і Міхалкова ды мультом пра "коробку з карандашами", а дзетак – проста зачараваць пранікнёным шчырым голасам і забаўнымі гісторыямі з жыцьця вясёлай сямейкі, паводле якіх хоць ты сэрыял здымай. Няздарма гурт так любяць расейскамоўныя слухачы - віцяблянка Сьвета Бень настолькі тонка адчувае рускае слова і рускую душу, што ўлюбляе ў сваю музыку і ў створаныя ёю вобразы на сцэне мамэнтальна.

9. Паліна Рэспубліка "Бясконцы красавік" – слухаць

Самая яркая беларуская сьпявачка апошняй пяцігодкі выдала ўрэшце дэбютны альбом, які выклікае гнеў у нядобразычліўцаў і не гарантуе эўфарыі і катарсісу даўнім прыхільнікам. Сыграла тут сваю ролю з аднаго боку прыпозненасць рэлізу, і пошук гуку ды вобразу з другога. Ня скажаш, што гурт Паліны знайшоў сваё гучаньне, але тое, што ён на правільнай дарозе, – гэта дакладна.

10. Brutto "Родны край" – слухаць

У музычным пляне Brutto слухаць няпроста, хоць гэты іх альбом стаў ледзьве не галоўнай падзеяй у нашай альтэрнатыўнай музыцы за год. Справа тут не ў наўмысным прымітывізьме – ясна, што гэта панк-рок. Але пры ўсім задоры "Роднага краю", адчуваецца, што згас у творчасьці Міхалка той самы агонь, які запальваўся калісьці агульнымі высілкамі музыкаў зь "Ляпіса Трубяцкога". Таму зразумелы зварот Сяргея да ранейшай спадчыны ды эмацыйныя заявы на адрас былых калегаў.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net