Гурт "Ворона", які быў удзельнікам праекта "Lyapis Crew: ТРУбьют", прэзентаваў на сайце Tuzin.fm дэбютны ЕР. У дыск увайшлі тры песні на беларускай мове, запісаныя ў новым складзе. Лідарам праекта з'яўляецца сьпявачка Алена Варона, якая нарадзілася у Бароўцы, што на Віцебшчыне, потым жыла ў Лунінцы і ва Ўкраіне.
На пачатковым этапе выступала ў асноўным сольна і ў акустыку, брала ўдзел у бардаўскіх фэстах і мела посьпех. Стала ляўрэатам фэсту "Белыя росы – 2008", далінскага фэсту ў 2012 годзе. У пэўны час прыняла рашэньне перабрацца у Менск. "Я мела два варыянты: пераехаць у сталіцу, дзе ў мяне былі сябры, і пачаць усё з нуля, альбо сьпівацца ў вёсцы, дзе і заробкі нізкія, і творчасьць няма куды падзець", – распавядае сьпявачка. Яна трапіла разам з сынам у Менск у той час, калі кватэру тут зьняць было проста немагчыма, таму з год тулялася па знаёмых, пакуль не знайшла сваё месца. Алена рэалізавала тут сябе і ў творчым пляне – акрамя сваёй асноўнай працы стылістам-цырульнікам яна стала працаваць гукарэжысэрам у клюбе "Салтайм". Там знайшла і музыкаў для свайго гурта. Разам яны далі за два гады нямала канцэртаў, перамаглі ў адборы на расейскі фэст "Схватка", трапілі ў ратацыю на радыё "Сталіца" і на расейскае "Нефарматнае радыё". Гурт таксама вызначыўся тым, што трапіў у афіцыйны трыб’ют гурту "Ляпіс Трубяцкі" з сваёй вэрсіяй песьні "Грай".
Цяпер Алена вырашыла цалкам абнавіць склад сваёй каманды. Набрала ўжо новых музыкаў, акром гітарыста. Пакуль іх шукала, зьезьдзіла ў якасьці канкурсанта на фэстываль "Бардаўская восень" у Польшчу. Там і нарадзілася жаданьне давесьці да ладу беларускамоўныя песьні. "Па прыезьдзе вырашыла не губляць дарэмна час ды зьвярнулася да таленавітага аранжыроўшчыка Яўгена Сіраты, які і запісваў мой сынгл, куды ўвайшло тры песьні: „Крылы за сьпіной“ распавядае пра сапраўднае каханьне, якое жыве вечна; „Мая праўда“ адпраўляе нас на пошукі сябе, сваёй асабістай свабоды і сваёй праўды; „Дастала!“ паказвае, што ня варта вінаваціць іншых у сваіх няўдачах, што варта пазбавіцца ад унутранай злосьці і агрэсіі на карысць Дабра", – прадстаўляе сваю працу наведнікам Tuzin.fm Алена. Акром таго адмыслова для рэлізу на Tuzin.fm яна запісала навагодняе віншаваньне.
Цяпер гурт "Ворона" рыхтуе свой першы кліп, які будзе зьняты на адну зь беларускіх песень каманды. На пачатку новага году каманда мяркуе выдаць расейскамоўны міні-альбом.
Тэкст: Tuzin.fm
Комментарии
Сильный энергетический вокал.
Сильный энергетический вокал. Приятно слушать