Музыкі гурта IQ48 заяўляюць, што пераадолелі крызыс і цяпер поўняцца плянамі. Гітарыст Яўген Бузоўскі прызнаўся "Тузіну Гітоў", што яны зусім не сумуюць па саксафоне і рыхтуюцца паказаць якасна новы матэрыял: "Мы заперліся на рэпэтыцыйнай базе рыхтаваць новы альбом, практычна ўсе сілы кінулі на напісаньне новага матэрыялу, мы жадаем паказаць наш новы "ласіны" твар".
IQ48 маглі спыніць сваё існаваньне яшчэ ў 2009 годзе. Тады ў камандзе пачаўся сапраўдны крызыс. "У тым складзе гурт існаваць больш ня мог: саксафаніст абсалютна забіў на наш калектыў, забіў цалкам на рэпэтыцыі, басіст зьехаў на доўгі тэрмін за мяжу. У такім выглядзе атрымлівалася адна рэпэтыцыя на месяц. І тое перад канцэртамі. На далейшае разьвіцьцё, розныя там альбомы ды іншае можна было забыцца", – прыгадвае той час Яўген Бузоўскі. Справа трохі адладзілася, калі ў гурт прыйшлі гітарыст Павал Яноўскі і басіст Улад Плюшчаў, тады музыкі нават прэзэнтавалі на ТГ новую песьню "Просты хлопец", але зноў перажылі зьмены ў складзе – на нейкі час зьмяніўся басіст, зь якім давялося наноў уздымаць увесь матэрыял.
Але цяпер IQ48 поўняцца плянамі. Да іх вярнуўся ня толькі Ўлад Плюшчаў, але і першы вакаліст каманды – Фройд, у якасьці тэкставіка. "Мы заперліся на рэпэтыцыйнай базе рыхтаваць новы альбом, практычна ўсе сілы кінулі на напісаньне новага матэрыялу, мы жадаем паказаць наш новы "ласіны" твар", – заяўляюць музыкі і не пераймаюцца тым, што пазбавіліся адной з сваіх фірмовых разынак – саксафону. "Наша гучаньне сапраўды стала новым, але фразы, што наша музыка нешта страціла без саксафону мы цяпер чуем толькі ад тых, хто даўно ня быў на нашых канцэртах. У новым складзе ў Менску мы далі два канцэрты і бязь лішняе сьціпласьці скажу, што публіка была "на вушах" і адсутнасьць саксафону ім цяпер да дупы", – зазначае Яўген і дадае, што яны ўвесь час экспэрэмэнтуюць ня толькі з падыходам да гуку, але і да напісаньня песень.
У сваім новым альбоме "айк’юшнікі" абяцаюць больш вострасацыяльных тэкстаў і цікавых музычных знаходак. Плянуецца, што ў дыск увойдзе з тузін трэкаў. Большасьць зь іх належыць аўтарству Яўгена Бузоўскага: "Значная частка песень напісалася якраз у крызысны для гурта час. Тады ж нарадзілася мая дачка, якая істотна зьмяніла мой сьветапогляд. Усё гэта адбілася і на песьнях. Мы зьмяніліся, мяркую, што ў лепшы бок. Музыку да песень мы пісалі ўсім гуртом, а такога ў нас не было веееельмі даўно".
Запіс новага дыску музыканты пачнуць увесну. 26 лютага IQ48 выступяць хэдлайнэрамі Ultra-Music Awards 2010, 24 сакавіка возьмуць удзел у канцэрце-трыб’юце гурта Neuro Dubel, а 27 сакавіка выступяць у Варшаве.
Тэкст: SB, "Тузін Гітоў"