О проекте

Віктар Сямашка: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2015 год (+аўдыё)

 

Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Аўтар і вядучы радыёпраграм "Новая зямля" (радыё Unistar, 2005-2009), "Кракатук" ("Радыё Рацыя", ад 2010). У 2001-2012 гадах – музыка гурта "Князь Мышкин", у 2004-2007 гадах таксама ўдзельнік гурта "Нагуаль", зараз працуе сольна. Аўтар паэтычных зборнікаў "Марыя S." (2006), "Rera" (2011), “Габітацыя” (2013). Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў з 2015.

2015 музычны год выдаўся насычаным (ёсьць, з чаго складаць рэйтынг), але не такім прарыўным, як папярэдні. Тым ня менш, леташні сэзон мае свае выразныя асаблівасьці. Я б назваў яго Годам жанчынаў. "Моцны пол" на сьпеўнай сцэне выглядае ў сучасных варунках неяк непераканаўча ў любым амплюа – ад брутальнага мача да экзальтаванага інтэлігента ці фрыка. Мужчынская псыхіка ў творчасьці – эгацэнтрычная, прамалінейная, вузкая й таму прымітыўная.

На гэтым тле нотныя пошукі нашых кабетаў выглядаюць куды больш крэатыўнымі й тонкімі, пачуцьцёвымі ды атмасфэрнымі, часам нават экспэрымэнтальнымі, але гарманічнымі. Адчуваецца, што менавіта жанчыны дадаюць дынамікі ў агульны працэс. Як бачна па першых пазыцыях майго рэйтынгу, матрыярхат лягічна праявіўся ў першую чаргу праз фальклёрныя рэлізы, якіх моцна бракавала пазалетась.

У дадатак да свайго сьцьвярджэньня ды паводле традыцыі я складу яшчэ альтэрнатыўны Топ-10 з таго, што не разглядалі экспэрты-штатнікі. А частку бачных й схаваных тэндэнцыяў у нашай гукавой прасторы альбо працяг раней заўважаных установак назаву ўжо цяпер.

1. Kazalpin "Снежкі/Schnee" – слухаць

Больш-менш прымальны выдаўся год у пляне фолькавых і (каля)джазавых рэлізаў, альбо, як у выпадку з Kazalpin, таго й другога разам. Песьні з палескіх балотаў і раўнінаў ізноў узьняліся на засьнежаныя вяршыні Альпаў. Падалося, што беларускія й швэйцарскія музыкі ў сваім другім альбоме лепш зразумелі адзін аднаго. Першаснае знаёмства й спробы судакрананьняў здабылі цэльнасьць і яшчэ большую арганіку, амаль маналітнасьць. Дыстанцыі між нашым фолькам ды іхнім джазам практычна ліквідаваліся. Болей за тое, вакалісткі Ірэна Катвіцкая, Руся й Надзея Чугунова слушна разьмеркавалі ролі ў межах свайго трыё, спэктральна расклалася па тэмбрах, па фарбах… Хаця пэрсанаж быццам бы адзін – архетыпічная беларуская жанчына ў розныя фазы свайго жыцьця. Шляхавод па "Сьнежках": калі кампазыцыя "Schnee" – экватар альбома, то "Іскарка-прыгаўка" – самая яго глыбіня, а "Magic Circle" і "Колядо" адпаведна – два халодныя палюсы.

2. Shuma "Жніво" – слухаць

Фальклярызацыя аўдыёпрасторы працягваецца, закранаючы новыя сфэры й набываючы новыя формы. Калі хто ня ў курсе, Shuma этымалягічна зьвязаная з Kazalpin. У "Жніве" таксама гучаць галасы Русі ды Надзі + сакс Альбіна Бруна ў адным трэку. Вяршыня альбома – "Перапёлка" зь яго ўдзелам. Калі злучаць аўтэнтыку з электронікай, то менавіта такім чынам – глыбока, густа, дэталёва, з павагай да народнага сьпеву. Ён апынаецца нібыта інкруставаным ў гарадзкое высокатэхналягічнае асяродзьдзе. Абодва паўшар’і задзейнічаныя, інтуіцыя спалучаная зь інтэлектам. Мова й мэлёдыя становяцца элемэнтам саўнддызайну, а саўнддызайн знаходзіць сябе на ільняным палатне й мімаволі пачынае камбінаваць элемэнты арнамэнту.

3. Розныя артысты "Anima" – слухаць

Паўсюднае спалучэньне неспалучальнага – ня толькі постмадэрнісцкі пастулят, але й сьведчаньне (перад)рэвалюцыйнага пэрыяду ў нашае культуры. Сьпеўна-фартэпіянная патрыятычная сюіта атрымалася значна глыбейшай за просты трыб’ют й пашырана шматзначнай. Агінскі на свой 250-гадовы юбілей злучыў у адно абсалютна розныя палюсы айчыннае сцэны. Ён паўстае пры тым ня як асоба, а як зьява, і перадаецца не прамымі цытатамі, а атмасфэрай, гучаньнем, тэматыкай, настроем, інтанацыяй. Пра яго ня кажуць у лоб, але няспынна маюць на ўвазе. Вобразы складаюцца ў цэльную мазаіку: песьня Атмараві адсылае да паўстаньня Касьцюшкі, у якім Агінскі браў непасрэдны удзел, скалы ў Пукста нагадваюць пра Італію, дзе кампазытар пахаваны, дом зь песьні Вайцюшкевіча ўяўляецца той самай сядзібай у Залесьсі, да якой імкнецца душа эмігранта, Вольскі зьвяртаецца да будучыні, пра якую марыў і юбіляр.

4. Крамбамбуля "Чырвоны штраль" – слухаць

Чарговае сьведчаньне запатрабаванасьці й усёпранікальнасьці джазавага "насеньня". Па сутнасьці, лепшы беларускі саксафаніста Павал Аракелян ўзарваў "Крамбамбулю" знутры пры поўнай усьмешлівай згодзе "брыгаднага генэрала" Лявона Вольскага. Акром жывога ненапружанага джазу, у "Чырвоным штралі" хапае й гітарнае брутальшчыны. Гэты альбом не параўнаць з дэбютнікам "Крамбамбулі" ні па гуку, ні па складзе, ні па тэме. Суворая беларуская рэчаіснасьць ненавязьліва змушае нават прадстаўнікоў альтэрнатыўнае эстрады да крымінальнага хардкору. У цэнтры расповяду – партызан (часам нявызначанае прыналежнасьці), які рызыкуе жыцьцём бяз шанцаў на перамогу й разам з тым любіць патанчыць пад ля-мінор. Галоўная песьня кружэлкі зьмешчаная ў самым нізе плэйліста.

5. Зьміцер Вайцюшкевіч & WZ-Orkierstra "Наша песня" – слухаць

Яшчэ адзін выдатны, хоць і не аднародны патрыятычны сьпеўнік. Ледзь ня кожная з тузіну прадстаўленых кампазыцыяў прэтэндуе стаць нацыянальным гімнам альбо ўжо ёсьць такім. Свайго кшталту "Я нарадзіўся тут II" толькі ў сольным выглядзе. Хаця, што адметна, у запісы дзьвюх кампазыцыяў Вайцюшкевіч увогуле ня ўдзельнічае, і большая палова песень створаная не на ягоную музыку. Лёзунгі-мантры, гішпанска-польскія "Муры" зь ямайскім калярытам, вялікалітоўскі шансон, джазавая "Вераніка"… Асабліва ўдалая ў альбоме менавіта фінальная частка – апошнія чатыры трэкі, што блізкія й па настроі, і па размаху, па глыбокіх ценях і прыглушаных адценьнях. Менавіта такія песьні будуць гучаць на галоўных гарадзкіх пляцоўках у новай Беларусі.

6. Серебряная свадьба "Музыка – всё!" – слухаць

Выбітны ўзор тае самае жаночае крэатыўнасьці. Сьвета Бень і кумпанія стварылі папросту шэдэўр гукавое анімацыі альбо тэатру гукаў: пераблытаныя гірлянды стукаў, грукаў, скрыпаў, віскаў, трэскату, зьвякаў і г.д. Звышдэтальная праца, ажно да мікронаў! Зьмест нагадвае стары часопіс "Трамвай" – авангард для дзяцей, мастацкі гармідар. Прычым, даўгія сьпісы непатрэбных рэчаў – характэрная асаблівасьць тэкстаў гэтага альбома, як і ўсялякія блошкі-букашкі ў якасьці асноўных пэрсанажаў. Прычым, варта ўлічваць, што гук – гэта толькі частка пэрформансу. Адмыслова вырабленыя самімі музыкамі інструмэнты, на якіх запісаны альбом, самі па сабе ўяўляюць жывыя арт-аб’екты. Праграма мае надзвычай філязофскае, мэтафізычнае імя, адзін з сэнсаў якога я зразумеў толькі нядаўна. То бок, пасьля такога ўжо больш ніякае музыкі быць ня можа ў прынцыпе: усё, music's over!

7. Life On Marx "Hypnos" – слухаць

Самаідэнтыфікацыя, усьведамленьне ўласнае "тутэйшасьці" ў добрым сэнсе слова – таксама рыса часу. Да прыкладу, калі Re1ikt празь "Лекавыя травы", як блудны сын, павяртаўся на Палесьсе, то экс-рэзыдэнт Clover Club Дзьмітры Кацяшоў урэшце адчуў сябе менчуком. Life On Marx выдатна перадае адчуваньне Менску, характэрнае для 35-гадовага інтэлігента-касмапаліта. Рэдка ў беларускай музыцы здараецца такое, каб альбом цёк і не адпускаў. Мяккі, трансава-санлівы інструмэнтал канкрэтызуецца палявымі запісамі гораду, згадкамі знакавых мейсцаў. Лірычны герой – не абібок, але паводзіць сябе менавіта так, распаволена. Ён блукае ў тумане паркаў альбо ў цішы спыненых заводаў, шукаючы глыбокага задавальненьня, хаця й сам працэс пошуку дастаўляе яму асалоду. Шпацыр зь ляндрынкай за шчакою.

8. Чтобы-чтобы "Ф2" – слухаць

Заяўленую яшчэ пазалетась тэндэнцыю да мэлядэклямацыі 2015 год выявіў напоўніцу ў выглядзе поўнафарматных рэлізаў, якія нават трапілі да разгляду штатнымі экспэртамі! Хаця для творчасьці такога кшталту цяпер ужываецца тэрмін "нішавы прадукт" замест састарэлага "музыка для спакушаных мэляманаў". У абодвух выпадках маецца на ўвазе тое, што нібыта мала каму патрэбна, а значыць ня вартае вялікае ўвагі. Дзіма Ску разам з Барысам Штэрнам і NABR даказалі, што гэта не зусім так. Да таго ж Дзіма загучаў інакш – дзякуючы белмове, якая мае ў гэтым альбоме выключныя правы, і насычаным дыгітальным аранжыроўкам. Новае "Чтобы-чтобы" нашпігаванае запазычанымі матывамі, сэмпламі, рэміксаванымі цытатамі й, пасур’ёзьнеўшы, патрабуе разам з чыткай і сьпеву. Аднак франтмэн пакуль пазьбягае такое адказнасьці.

9. Р.С.П. "Пасрэдствам срэдств" – слухаць

Паводле законаў трэшовага жанру гісторыя гэтага ансамблю мусіла скончыцца на першым жа альбоме. Аднак маем ужо трэці! РСП адмовіўся ад ЭВМ (падтанцоўкі), але не ад трасянкі. Пэрсанажы сталеюць: цяпер у поле іх зроку трапляюць не БРСМаўкі, а алькагалічкі. З партрэта састарэлага маладзёна няма ўжо моцы рагатаць. Гэта перадсьмяротны гарачкавы брэд постгомасавецікуса абодвух палоў, замбаванага тэлебачаньнем і незваротна пашкоджанага садком, школай, войскам, працай, соцыюмам і дзяржавай. Такія сьпевы можа нарадзіць толькі жахлівая калектыўная падсьвядомасьць! РСП выносіць дыягназ і вырак. Дарэчы, агульная прыкмета для 7, 8 і 9-ай пазыцыяў майго рэйтынгу – квятчастае водгульле 1980-ых.

10. Фляус и Кляинн "Тестирование потустороннего гидровелосипеда..." – слухаць

Каляхрысьціянскі сюр з мэлёдыкай савецкіх кінамюзыклаў і франтмэнам-вар’ятам, усяленскім цыганам. Трэкліст ўпрыгожваюць займальныя інтэрлюдыі. А найгалоўнейшы нумар тут – "Не сплю". Іншыя ўражаньні немагчыма вымавіць. Дадамо толькі, што "ФиК" дэманструе яшчэ адну асаблівасьць цяпершчыны: розныя аўтары нарэшце выдаюць тое, што было напісанае даволі даўно, але зь нейкіх прычынаў не публікавалася.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net