Суполка Another Music, што падтрымлівае маладыя індзі-гурты зь Беларусі, прэзэнтавала другую частку складанкі. "Дзякуючы нашаму першаму дыску мы зразумелі, што такая музыка цікавіць людзей. Нашу складанку спампавалі ўжо 500 разоў", – кажа кіраўнік Another Music Станіслаў Голадаў.
Першая складанка "іншай" музыкі "Another Music 2009" пабачыла сьвет у лістападзе 2009 году. На пачатку сакавіка кіраўнікі ініцыятывы падрыхтавалі новы дыск з удзелам маладых індзі-гуртоў зь Беларусі. Другая частка складанкі атрымала падназву "Another Spring" і зьмяшчае 15 трэкаў. Тут і вядомыя наведнікам "Тузіна" Glofira ды "Голая Манашка" і зусім новыя адкрыцьці кшталту Crystals, Marget, Labo.
Прэзэнтацыя абодвух дыскаў адбудзецца 21 сакавіка ў клюбе "Графіці". Выступяць гурты Tok Rukoo, Artefact, The Stampletons. Кожны наведнік атрымае дыск з поўнай кампіляцыяй "Another Music".
Наступныя складанкі "Another Music" будуць падзеленыя стылістычна: "У бліжэйшы месяц мы жадаем выдаць дыск экспэрымэнтальнай музыкі. Там будзе пост-рок, электроніка, джаз-кор. Жадаем пасьпець да 4 красавіка, бо ў гэты дзень у клюбе Jolly Roger Cafe адбудзецца нашая post-rock party з гуртамі Hum Flying Bulletproof Noodle, Behind The Crowd, EyeSmiling і Blackpaperplanes", – апавядае Станіслаў.
У плянах каманды зрабіць паўнавартасны сайт і электронны часопіс, падтрымліваць музыкаў і ладзіць канцэрты. Таму хлопцы знаходзяцца ў пастаянным пошуку, як памагатых у гэтай справе, так і ўласна музыкаў, якім было бы цікава браць удзел у праектах "Another Music". Каб патрапіць на наступную складанку ці проста увайсьці ў суполку, трэба зайсьці на старонку ў кантакце і знайсьці там інструкцыю. Мяркуючы па энэргічнасьці і добразычлівасьці каманды, ад гэтага выйграюць усе.
Афіцыйнае інтэрнэт-прадстаўніцтва суполкі на "Вконтакте" - тут.
Спампаваць складанку можна на файлаабменніках: Freespace.by, Mediafire.com, Rapidshare.com, Turbobit.net, Rghost.net, Depositfiles.com.
Тэкст: Zap, "Тузін гітоў"