Фестываль "Басовішча" аб’явіў прыём заявак на конкурс маладых гуртоў. Яны будуць прымацца да 13 студзеня ўключна. Адборачны канцэрт адбудзецца ўжо 19 лютага ў клубе Re:Public. Cёлета вырашана акрэсліць узроставы цэнз – сярэдні ўзрост удзельнікаў калектыва не мусіць перавышаць 30 год.
Да ўсяго гурт, які хоча падаць заяву, не можа мець больш за два выдадзеныя альбомы. Ну і звыклае абавязковае патрабаванне да канкурсантаў – мець пераважна беларускамоўны рэпертуар.
Жадаючыя паўдзельнічаць у адным з самых вядомых музычных конкурсаў мусяць даслаць на адрас konkurs@basowiszcza.org запоўнены фармуляр, біяграфію, фота, два трэкі ў фармаце MP3, а таксама як мінімум адзін відэазапіс у фармаце "live".
Такія раннія навіны пра "Басовішча-2016" яго арганізатарка Ганна Пякарская тлумачыць жаданнем паўнавартасна падыйсці да конкурса:
"Гурты, якія трапяць у фінал, будуць мець час падрыхтавацца, загадзя будуць ведаць, ці возьмуць удзел у фэсце (у мінулым годзе 2 гурты не змаглі паўдзельнічаць у конкурсе з-за даты). Будзе відаць, як яны выкарыстаюць паўгода, якія будуць у іх у запасе".
Адбор да "Басовішча" пройдзе ў два этапы. Падчас інтэрнет-праслухоўвання журы абярэ 10 гуртоў, якія нажыва сыграюць у клубе Re:Public 19 лютага. Па выніках галасавання журы будуць абраныя чатыры каманды, якія і выступяць у конкурснай праграме фестывалю маладой беларускай музыкі ў Гарадку.
Пераможцы фестывальнага конкурсу атрымаюць грашовую ўзнагароду, магчымасьць выступіць у другі дзень фэсту, гарантаванае месца ў праграме "Басовішча-2017" ды ратацыю сваіх песень ў этэры "Беларускага Радыё Рацыя". "Басовішча-2016" пройдзе 22-23 ліпеня.
Тэкст: паводле Еўрарадыё" і Tuzin.fm