О проекте

Dzida Music – лэйбл "недрапежніцкага" тыпу

 

Пачаў працу лэйбл Dzida Music, які ставіць мэту зрабіць беларускую музыку больш даступнай за мяжой. Некаторыя рэлізы айчынных выканаўцаў ужо можна замовіць праз сусветна вядомыя інтэрнэт-сэрвісы, у тым ліку Amazon.com. У планах кампаніі – арганізацыя канцэртаў айчынных выканаўцаў за мяжой, падтрымка радыёратацый па ўсім свеце, прадусаванне гуказапісу і яшчэ цэлы спектр паслугаў.

Ідэя праекту Dzida Music належыць Генадзю Прасвіракову і Змітру Падбярэзскаму. Генадзь – былы музыка, а цяпер бізнэсовец, які мае справы ў тым ліку ў Чэхіі, дзе і была зарэгістраваная Dzida Music. Ён займаецца тэхнічным бокам справы і з’яўляецца выканаўчым дырэктарам кампаніі. Зміцер – вядомы музычны журналіст, які добра ведае шмат якіх беларускіх выканаўцаў. Ён шукае прадукт, які мог бы быць запатрабаваны. Цікава, што лагатып лэйблу стварыў вядомы беларускі дызайнер Уладзімір Цэслер. Мэта іх дзейнасці акрэсліваецца проста – зрабіць беларускую музыку дасяжнай у любым пункце свету, найперш у Еўропе. Ініцыятары праекту ўпэўненыя, што перспектыва ў беларускай музыкі ёсць, проста трэба стварыць функцыянальную сістэму распаўсюду і арганізацыі канцэртаў за мяжой.

Dzida Music можна фармальна лічыць лэйблам, бо ўсе аперацыі ажыццяўляюцца пад іх уласнай маркай. Праўда, пры гэтым Генадзь Прасвіракоў робіць істотную папраўку:

– Мы не лэйбл традыцыйнага "драпежніцкага" тыпу, калі музыкаў "падпісваюць", звязваюць абавязкамі і атрымліваюць рэнту. Выкарыстоўваючы інфармацыйныя тэхналогіі і аўтсорсінг, наша кампанія робіць свае паслугі таннейшымі і больш даступнымі на такой "неграшовай" прасторы, як Беларусь.

Так склалася, што беларускія выканаўцы збольшага самі сябе прасоўваюць і прадаюць, часта артыст сам піша музыку, самастойна яе выдае, сваімі сіламі ладзіць канцэрты і г.д. Адпаведна, і прыбытак (праўда, звычайна проста мізэрны) ні з кім дзяліць не трэба. Але ў Dzida Music лічаць такі спосаб заганным. Тут перакананыя ў тым, што калі ты добры гандляр, то ты кепскі музыка. І наадварот. Прынамсі, такая сітуацыя назіраецца ў Беларусі. Да ўсяго, існуюць непераадольныя пакуль тэхналагічныя ды юрыдычныя перашкоды, якія не дазваляюць ажыццяўляць фінансавыя транзакцыі. Напрыклад, прадаваць беларускім рэзідэнтам тавары і паслугі на заходні рынак. Таму кампанія і зарэгістраваная ў Чэхіі.

Першымі кліентамі лэйблу Dzida Music стала вядомая вакальная група Camerata, гурт Flat і зусім новы праект New Image Orkestra, заснаваны фолк-спявачкай Ірэнай Катвіцкай і лідарам гурта PortMone Аляксеем Варсобам. Распаўсюдам іх музыкі і пачала займацца кампанія. І тут вядзецца не зусім пра продаж дыскаў, заўважае выканаўчы дырэктар Dzida Music.

– Не вельмі дакладна будзе казаць, што наша дзейнасць палягае ў продажы. У першую чаргу мы распаўсюджваем музыку: метадам продажу, метадам прыцягнення людзей да абмеркавання музыкі ды іншымі спосабамі прасоўвання. Заўтра мы прапануем падтрымку радыёратацый па ўсім свеце, прадусаванне гуказапісу. Паслязаўтра – падтрымку камунікацый з суб’ектамі музычнага рынку – прамоўтарамі, букерамі ды іншымі. Мы маем стратэгію свайго развіцця, нарошчвання паслугаў, засваення рынку.

Лэйбл толькі пачаў працу, а таму пра першыя вынікі дзейнасці казаць зарана. На сёння праз лэйбл прасоўваецца пяць рэлізаў. Статыстыкі па продажах пакуль няма – адны інтэрнэт-крамы даюць яе раз на квартал, другія – раз на паўгода.

– Калі нехта мяркуе, што продаж музыкі падобны да продажу гарачых піражкоў марознай раніцай, ён будзе расчараваны. Трэба, каб музыка беларускіх артыстаў была даступная, як і музыка выканаўцаў з іншых краінаў. Мы ствараем такія магчымасці і робім іх роўнымі для ўсіх. Індэксаванне пошукавымі сістэмамі, нашы ўласныя дзеянні па прасоўванні, дзеянні саміх музыкаў – усё гэта мае даць плён, калі сама музыка вартая.

У сетку дыстрыбуцыі і прамоцыі, якую стварае Dzida Music, можа трапіць кожны таленавіты айчынны музыка, калі ён мае матывацыю стаць прафесіяналам. Калі ўжо выканаўца, як кажуць, адбыўся, то ў яго мусіць быць жаданне стаць вядомым. Такія вось простыя крытэры супрацы. Але менавіта ў такой паслядоўнасці і сукупнасці. Інакш, як папярэджваюць стваральнікі лэйблу, адступленне ад гэтага можа прывесці выканаўцу да псіхалагічнай траўмы.

Сувязь з лэйблам Dzida Music – праз афіцыйны сайт dzida-music.eu, сайт dobra-muzyka.org ды акаўнты ў сацыяльных сетках.

P.S. Калі гэты матэрыял рыхтаваўся, кампанія Dzida Music афіцыйна абвесціла той пералік паслугаў, якія гатова прадаставіць айчынным музыкам. У прайс-ліст у прыватнасці ўключана паслуга ў магчымасці ратацыі музыкі на 7 400 радыёстанцыях па ўсім свеце.

Тэкст: Сяргей Будкін, Budzma.org


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net