Частка ўдзельнікаў гурта "Дзецідзяцей" на чале з Ганнай Хітрык заснавала новы праект S*unduk. "Мне падалося, што куды больш шчыра будзе распачаць з нуля, чым адраджаць старое", – кажа Ганна. Адзін з заснавальнікаў "Дзецідзяцей" Міхась Зуй: "Гэта дзіўна і непрыемна, бо перакрэсьлівае магчымасьць аднаўленьня нашай дзейнасьці".
У S*unduk увайшлі Ганна Хітрык, Юлія Глушыцкая, Павал Чымбаевіч і Андрэй Сапоненка, што гралі разам у гурце "Дзецідзяцей". Да іх таксама далучыўся гітарыст Клім Лук’янёнак. Сузаснавальнікі Міхась Зуй і Зьміцер Ясеневіч засталіся па-за праектам.
Сама Ганна кажа, што спадзяецца на доўгатрываласьць гурта S*unduk. "Мне падалося, што куды больш шчыра будзе распачаць з нуля, чым адраджаць старое. Прынамсі, ня будзе патрэбы задумвацца пра ўзаемадносіны, калі выходзіш на сцэну. А хлопцы не прападуць, у іх жа свой праект ёсьць", – кажа цяпер ужо экс-вакалістка "Дзецідзяцей". Што здарылася ў гурце, яна ня хоча казаць і праз тры месяцы пасьля прыпыненьня дзейнасьці. "Мы вырашылі гэта аніяк не камэнтаваць, бо калі я скажу, што прычына ўва мне, дык усе на тое адкажуць, што Хітрык грае ў ахвяру, а калі скажу, што праблемы паўсталі празь іншых музыкаў, дык абавязкова нагавораць, што я перакладаю віну на хлопцаў".
Вобраз Ганны, як і музычная стылістыка новага праекту мала чым будзе адрозьнівацца, ад таго, што сьпявачка рабіла раней. Хітрык хоча выконваць і свае ранейшыя песьні. Праўда на прэм’еры праекту S*unduk 2 кастрычніка музыканты мяркуюць сыграць абсалютна новыя песьні.
Удзельнікі "Дзецідзяцей" і калегі Ганны па Купалаўскім тэатры Міхась Зуй і Зьміцер Ясеневіч са зьдзіўленьнем дазналіся пра ўтварэньне праекту зь сеціва. "Мне было дзіўна і непрыемна, бо гэта перакрэсьлівае магчымасьць аднаўленьня дзейнасьці "Дзецідзяцей". Мушу сказаць, што мы з гурта не сыходзілі, ініцыятыва была за Ганнай", – кажа Міхась. Пры тым, ён пажадаў посьпехаў сьпявачцы зь яе новым гуртом. "Не хацелася толькі, каб выконваліся песьні, якія мы рабілі разам", – зазначыў музыкант.
Зьміцер Ясеневіч кажа, што навіну пра зьяўленьне новага праекту S*unduk найбольш балюча ўспрыняла яго жонка, якая толькі што нарадзіла яму дзіця. "Мы пазнаёміліся дзякуючы нашаму гурту і ў яе вельмі папсаваўся настрой з той нагоды, што наша дачка ніколі ня трапіць на канцэрт "Дзецідзяцей"".
Прэзэнтацыя праекту S*unduk заплянаваная на 2 кастрычніка ў Палацы культуры вэтэранаў.
Тэкст: "Тузін гітоў", UDF.by
Фота: Юра Сідун, "Generation.by"
P.S. ад Experty.by: Паводле афіцыйнага сайта "Дзецідзяцей" Міхась Зуй і Зьміцер Ясеневіч таксама рыхтуюць да прэм'еры новы праект, які атрымаў назву "Или-Или". Ён быў заснаваны яшчэ да прыпыненьня дзейнасьці "Дзецідзяцей".