Беларускі гітарыст экстра-клясы Ягор Дзыгун прадставіў на Tuzin.fm свой сольны альбом "Насустрач вясьне", у які ўвайшло 10 кампазыцыяў у жанры джазу, боса-новы, самбы, лаціна і гітарнай лірыкі.
Ягор Дзыгун – яскравы прадстаўнік новага пакаленьня беларускіх гітарыстаў. Акром удзелу ў гурце Sounduk і ў прэзыдэнцкім аркестры ў якасьці саліста-інструмэнталіста, ён актыўна займаецца сольнай творчасьцю. Альбом "Насустрач вясьне" – плён ягонай шматгадовай працы.
"Частка маіх песень урэшце набыла канкрэтныя абрысы, таму я іх запісаў і выдаў. Якраз хацелася гэта зрабіць у красавіку, калі вясна бярэ сваё і становіцца неяк больш сьветла і радасна на душы", – кажа з нагоды прэзэнтацыі на Tuzin.fm Ягор. Назву рэлізу ён даў адпаведную свайму настрою, так завецца і адна з кампазыцыяў.
Агулам жа у дыск увайшло 10 інструмэнтальных твораў. Тут можна пачуць і голас, але выкарыстоўваюцца ён тут выключна ў якасьці дадатковага інструмэнта. Альбом сапраўды атрымаўся пекным ды ўзьнёслым, а таксама даволі разнастайным. "Тут ёсьць і балядныя кампазыцыі, і п’есы, прасякнутыя лацінаамэрыканскімі рытмамі самбы і боса-новы, ёсьць джаз і гітарныя творы", – так Ягор акрэсьлівае стылістычны спэктар сваёй працы.