Як распавёў лідар гурта Раман Арлоў, "У нескладовае" "перманентна запісвае новыя песні для праекта" і ў красавіку 2014-га года плануе выпусціць другі альбом. Сярод вакалістаў праекту зноў з’явіцца Уладзімір Пугач.
"Мы працягваем падключаць да праекта вядомых людзей. Напрыклад, мы аднаўляем працу з Уладзімірам Пугачам і запісваем для праекта песню "Паветра" з рэпертуару "J:морс". Але гэта не зусім "J:морс"! – адразу ж папярэджвае Арлоў. – Мы вельмі моцна яе перапрацавалі. Гэта будзе вельмі "пракачаная" версія, зусім не падобная да арыгінала. Магчыма, мы нават здымем на яе кліп. Гэта прадукт, з якога пачнецца прамоўшн новага альбома".
За два гады з моманту выхаду дэбютніка "У нескладовага", у гурта назбіралася столькі новых песень, што Раман Арлоў нават разглядае ідэю выпусціць двайнік. Але як высветлілася, гэта не адзінае, чым цяпер занятыя музыкі. Летась праект "У нескладовае" напісаў музыку для касцюміраванай гістарычнай рок-сюіты па замове Міністэрства культуры. Досвед працы над "буйной формай" спадабаўся музыкам, і цяпер гурт працуе над мюзіклам пад працоўнай назвай "Беларусь – святая зямля".
"Мы прыйшлі да высновы, што проста абавязаныя зрабіць з гэтага паўнавартасны мюзікл, – распавядае Раман Арлоў. – І цяпер некаторая частка маёй творчай працы заключаецца ў тым, што я акумулірую энергію і магчымасці для таго, каб гэты мюзікл сапраўды з’явіўся ўжо ў наступным годзе".
Тэкст: Міра Шульц, "Еўрарадыё"
Фота: Budzma.org