20 верасня гурт Handmade прадставіць свой дэбютны альбом, адзін з самых адметных беларускіх рэлізаў 2012 году. Альбом быў прэзентаваны ўвесну на Tuzin.fm, а цяпер яго ў рэальным выглядзе выдала кампанія BelTonMedia. Праўда пад іншай назвай – "На вачах тваіх…". Гэты канцэрт будзе стартам новага сезону праекту "Жывы Тузін", які ладзіць інтэрнэт-партал Tuzin.fm пры падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі".
"У той час, як мы запісалі ўвесь матэрыял, я ад’язджаў за мяжу, але з музыкай падвязваць не збіраўся, – тлумачыць лідар гурта Яўген Валошын. – Таму і назва была падабраная такая больш наменклатурная, якая пасуе пад замежжа. Калі ж мы сутыкнуліся з выданнем альбому ў Беларусі, то ўзялі іншы загаловак, больш нейтральны. Цяперашняя назва больш адпавядае сэнсу нашай працы". Перадпрэзентацыя новага альбому Handmade адбылася ўлетку на фестывалі "Пікнік.BY", а клубная прэм’ера запланаваная якраз на адкрыццё канцэртнага сэзону, які распачынае інтэрнэт-партал Tuzin.fm пры падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі". Цяпер канцэрты ў межах праекту "Жывы Тузін", будуць праходзіць штомесяц у Loft cafe. Стаўка гэтым разам будзе зроблена не на акустычныя выступы, як у мінулым сезоне, а на эксклюзіўныя прэм’еры ад маладых і вядомых беларускамоўных выканаўцаў.
"На гэтым канцэрце можна будзе пачуць нашае новае гучанне, якое заўважна змянілася з часу выхаду альбому. У нашых песнях цяпер крыху іншая рытміка, яны нават сталі больш цяжкімі", – кажа Яўген Валошын і абяцае шэраг прэм’ераў. Сярод іх – зусім новая песня "Сіньярыта з Коста-Рыкі" на верш Максіма Танка, якая была напісана падчас прыбывання Яўгена ў Коста-Рыцы. Музыкант апынуўся ў гэтай краіне роўна праз 50 год пасля славутага беларускага паэта і трапіў у тую самую сітуацыю, г.зн. закахаўся ў мясцовую дзяўчыну. "Толькі мне, відаць, пашанцавала больш, чым Танку, бо я не быў абцяжараны дзяржаўнымі паўнамоцтвамі і выправіўся ў Лацінскую Амерыку трошкі пажыць, зрабіўшы тое, пра што марылася нашаму паэту паўстагоддзі таму", – іранізуе лідар Handmade. CD "На вачах тваіх…" можна набыць праз інтэрнэт, а таксама на самім канцэрце 20 верасня па самым дэмакратычным кошце.
Наведнікаў імпрэзы чакае яшчэ адзін сюрпрыз. У гэты ж вечар сваю новую праграму прадставіць Павел Кузіч, выканаўца, вядомы, як лідар гуртоў UrbanLife, "Летні Song", "Існасьць". Цяпер Паша ўсур’ёз узяўся працаваць з электроннай музыкай, натхнёны перадусім французскім праектам M83. А вось тэксты па-ранейшаму выканаўца піша перш за ўсё па-беларуску. Адну з новых кампазіцыяў "Мяккай белай ватаю" ён прадставіў нядаўна на "Тузіне Гітоў". На канцэрце Паша пакажа і свае іншыя музычныя прыдумкі.
Гурты, якія хочуць выступіць у межах праекту "Жывы Тузін" могуць падаваць заявы на рэдакцыйную пошту парталу tuzin@fromby.net. Галоўнае патрабаванне – наяўнасьць арыгінальных ідэяў і беларускамоўны рэпертуар. Кавэр-бэнды просьба не непакоіць :)
20 верасня (чацвер). 19.00. Loft cafe (вул.П.Броўкі, 22). Гурт Handmade з прэзентацыяй новага альбому "На вачах тваіх" у межах праекту "Жывы Тузін". Пры падтрымцы Паўла Кузіча. Кошт квітка – 50 000 руб., 60 000 руб. (столік). Квіткі будуць прадавацца непасрэдна перад пачаткам канцэрту! Замовіць столік можна загадзя па тэл. +375 29 38 000 10. Іншыя пытанні: + 375 29 6872093.