Пазаштатны эксперт і сябра "вялікага журы". Музычны рэдактар, аўтар і вядучая праграмы "КаляРока" на "Аўтарадыё" (2004-2007). Ад 2008 – музычны рэдактар і журналіст "Еўрарадыё". Удзельніца гуртоў "Яр" і Hoha Band, творчы псеўданім – Маша Яр.
І зусім мы не ў балоце. Яно пераўтварылася ў бурлівае мора, якое ўрываецца ў вялікі музычны акіян. Цяпер тут жывуць не толькі беларускі і рускі рок, барадаты фольк і празрыстатвары поп. Тут валадараць халодны індзі, ліхтарныя фрыкі, культурныя джэнтэльмены і неверагодныя маленькія жанчыны, здольныя напісаць музыку з мінулага і будучага. А яшчэ Макс Корж – і сапраўды аншлагавы Палац спорту. Беларуская музыка выходзіць за межы традыцый і мае мэтай здзіўляць.
1. Серебряная Свадьба "Laterna Magica" – слухаць
Люблю музыку, якую пішуць жанчыны. Праз яе цікава назіраць за разнастайнасцю жаночых вачэй і поглядаў. І хоць летась хапала моцных альбомаў, створаных пры ўдзеле жанчын (Clover Club, Sang Sattawood), але ў сваёй дзясятцы адзінае (і пры гэтым першае) месца аддаю галоўнай жанчыне – Беньцы і ейнай "Laterna Magica". Таму што ў альбоме, як і ў сэрцы Бенькі, плывуць караблі, за штурвалам якіх стаяць капітаны. А ў вачах капітанаў адлюстроўваецца вясёлка, што расфарбавала неба пасля дажджу…
2. Hair Peace Salon "Gentleman" – слухаць
Джэнтэльменскі ўчынак для музыкі, якая заўсёды пакарала паветранасцю і прыгажосцю, але мела магчымасць так і не зрабіцца альбомам. Добрым, светлым, з фантастычна прыгожымі мелодыямі і галасамі самага ўдалага мужчынскага дуэта ў беларускай музыцы апошняга часу. Спружына, якая пры выпростванні не робіць больна, а лагодзіць.
3. Сяргей Пукст "Внутреннее" – слухаць
Абсалютна шчыра запісваюся ў шэраг пукстаманаў – Сярожа прыўкрасны ва ўсіх сваіх праявах і амплуа. У дадзеным выпадку давялося прымушаць сябе абстрагавацца ад мелодыі і слухаць тэкст пра ўнутранае і ўнутранасці. Не вельмі вясёлы альбом ад вясёлага Пукста.
4. ДахаБраха і Port Mone "Хмелева Project" – слухаць
Любімы да болю і звядзення скулаў фолк у моры сузірання і пошуках існасці. Узрыўная сумесь гарбаты з мелісы ды празрыстага лёду, іголак ды нітак, аскепкаў ды мяцёлкі, чырвонага і белага, мудрага і бестурботнага.
5. Botanіc Project "Реанимация" – слухаць
Неверагодная мяшанка дзіцячых тэкстаў і дарослых мелодый. Пры чым, мелодый запамінальных, грунтоўна аранжыраваных і выпеставаных. Крокі побач з Джа, і ламбарджыні насустрач.
6. Палац "Кола грукатала" – слухаць
"Палацава" музычная дарожка роўная, без валуноў і ямін. Толькі кола грукоча магутна, рытмічна і аптымістычна. Ды месяц лунае ды пазірае чыстым святлом. Ды страла ляціць далёёёка…
7. Дай дарогу! "Сквозь говно" – слухаць
Жорсткі панк-рок, спеты радасна ды з усмешкай. Шанец зірнуць на жыццё тых, каго не сустрэнеш у галерэі "Ў". Горка, сумна, іранічна і жывёльны драйв.
8. Akute "Не існуе" – слухаць
Пра дзевачак і космас толькі ўжо з іголкамі. Музыкі трымаюцца курсу, які абралі на першым альбоме, аднак спрабуюць пазіраць па баках. Халодная і з пярсцёнкамі пласцінка.
9. Кассиопея "Сердце отдаю детям" – слухаць
Стакан, Д’Артан’ян, Харацьян, 100 грам рыбных катлетах і вечная маладосць пад нестарэючыя рытмы старых сінтэзатараў. Сапраўдныя беларускія танцы ад шчырага беларускага трыа.
10. Мох "Плашка" – слухаць
Таксама запісваюся ў суполку мохаманаў, хоць асабіста не маю гонару быць знаёмай з Антонам Крывулям. Я люблю музыку "Плашкі" за радасць, бестурботнасць і знарочыстую няправільнасць. Гэта вельмі крута – быць сур’ёзна несур’ёзным у музыцы, дзе ўсё веееельмі сур’ёзна.
Experty.by