12 снежня на ўрачыстай цырымоніі ў клубе "Грай" названыя ўладальнікі музычнай прэміі "Героі году 2016" ад парталу Tuzin.fm. "Адкрыцьцём году" у беларускай музыцы названы гурт Intelligency, прыз "Героі году" атрымаў гурт Vuraj. Лёс узнагарод вызначае рэдакцыя парталу.
Узнагароду Intelligency уручыла Pauline, якая была пераможцай у гэтай намінацыі летась. Праект Ўсевалада Доўбні й Юрыя Тарасевіча вызначае свой стыль, як "тэхна-блюз", спалучаючы электронную і гітарную музыку. Летась музыкі былі названыя "надзеяй году". Пры самым канцы 2015-га яны цалкам апраўдалі ўсе авансы, калі выдалі першы студыйны альбом "DoLoven" на ангельскай мове з масай гітоў. Посьпех падмацавалі сёлета яшчэ адным рэлізам – беларускамоўным міні-альбомам "Мова". І, канечне, жывымі выступамі пашыраным складам (а часам з удзелам струннага квартэту), якіх у гурта было багата – як у цэнтры Менску на фэсьце вулічнай музыкі і на сольных канцэртах у Беларусі, так і за мяжой: яны прайшлі адбор "Басовішча", трапілі ў лайн-ап Halfway Festival у Польшчы, "Джаз Коктебель" і "Файне місто" ва Ўкраіне.
У намінацыі "Героі году" сёлета быў адзначаны за музычную актыўнасьць гурт Vuraj і дадаткова ягоны лідэр Сяргей Доўгушаў – за актыўнасьць грамадзкую. Сяргей вядомы таксама як вядоўца "Сьпеўных курсаў", а яшчэ як музычны мэнэджар. На рахунку Доўгушава-арганізатара два сур’ёзныя праекты – "Песьні і найгрышы вясельля вёскі Лявонпаль і яе навакольляў" і "Песьні матчыны з Вушаччыны". Разам з Vuraj музыка няспынна экспэрымэнтаваў – на Новы год быў прэзэнтаваны дуэт з CherryVata, увесну – супольны рок-гіт з Re1ikt, а на адным з канцэртаў Доўгушаў наогул выступіў вакалістам "рэліктаў". З рэлізаў гурту – пры канцы 2015-га яны выдалі міні-альбом "Шэсьць загадок", на самым пачатку году – сынгл "Сьвяты вечар" з заклікам не падзяляць народныя песьні на паганскія і хрысьціянскія. А ўвосень выйшаў сынгл "Ой, лятала" – музыкі апрацавалі і запісалі ўлюбёную песьню Рыгора Барадуліна. Узімку прэзэнтавалі яшчэ адну новую песьню – "Łastovka". Пераможцаў абвесьціў удзельнік гурту "Крамбамбуля" – папярэдніх "Герояў году" Алесь-Францішак Мышкевіч.
Таксама былі ўзнагароджаны пераможцы мэгатуру на Tuzin.fm: гурт Irdorath – за "Песьню году" і "Альбом году" ды гурт Rahis за "Кліп году".
Тэкст: Tuzin.fm