О проекте

Надзея Кудрэйка: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2016 год (+аудыё)

 

Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Працавала на радыёстанцыях "Беларуская маладзёжная", "Крыніца". У выніку на працяглы час затрымалася на "Першым канале" беларускага радыё. У мінулым аўтар перадач "На ростанях", "Яшчэ не вечар", "Сонца ў вочы", "Вечаровы акорд", а таксама праграмы "Тры акорды", прысвечанай беларускай рок-музыцы.

Мне падалося, што год ў плане дыскаграфіі быў даволі спакойны, без выбухаў і здзіўленняў. Паважаныя артысты і групы працягвалі весці сваю лінію, ўдасканальвалі і раўнялі яе, дараблялі задуманае раней, стваралі працягі і г.д. І няшмат было нейкіх гучных прац. Але не будзем ставіць знак роўнасці паміж адчуваннем прадказальнасці і тым, што не з'явілася добрай цікавай музыкі. Для кагосьці з творцаў новы альбом, можа, стаў і галоўным дасягненнем ў жыцці!

Правільныя адказы дасць час, а мы тут проста людзі са сваімі эмоцыямі і клопатамі, мы можам і не супасці з нечым. Вось як я не супала, напрыклад, з новымі альбомамі Сяргея Пукста. Падалося, што зараз мне гэта не вельмі цікава. Ці другі выпадак – разумею, што опус зроблены прафесійна, салідна, але эмацыйнага водгуку ў мяне няма. Гаворка пра альбом групы Nebulae Come Sweet.

Пры даволі роўнай суме якасцяў і недахопаў ацэненых прац, абіраць лепшыя ўсё ж было няцяжка. Канешне, як звычайна, у Топ-10 хацелася ўціснуць яшчэ тры-чатыры альбомы. Хацелася пласцінку "Старога Ольсы" адзначыць. Там ёсць недахопы і недапрацоўкі, але яны не ў тым, што група стварыла альбом кавераў. Хацелася адзначыць Макса Коржа – за нейкі сумленны падыход да творчасці, можа так. Хацелася адзначыць Botanic Project – песні пакідаюць прыемнае адчуванне, для свайго стылю гэта вельмі добрая пласцінка. І гэтак далей. Але – вось мой Топ-10.

1. Петля пристрастия "Мода и облака" – слухаць

На пласцінцы ёсць усё, чым асаблівая і каштоўная "Петля пристрастия". І гэта прыведзенае ў такую форму і даведзенае да такога гучання, каб песні як мага лягчэй уваходзілі ў вушы слухачоў. Альбом без крайнасцяў, без зрываў. Альбом, які можна назваць мэйнстрымам "Петли". Запамінальныя мелодыі, даволі лагодны зразумелы змест, простыя хітовыя хады, празрыстае моцнае гучанне. Што ўраўнаважвае дзіўнасці і андэграунднасці творчага почырку групы, і стварае даволі пераканаўчую гарманічную карціну. Магчыма, даўнія фанаты і хацелі б чагосьці больш экстрэмальнага і непрычасанага, але гэта не тая група і аўтары, якіх можна западозрыць у імкненні да фарматнасці. Значыцца, такі быў настрой, думкі і адчуванне. Магчыма, і такое вось цяпер майстэрства.

2. Лявон Вольскі "Псіхасаматыка" – слухаць

Пласцінка месцамі нагадала лепшыя часы N.R.M.. Лявон Вольскі ўжо так многа разнастайнага зрабіў у сваім жыцці, што для параўнанняў хапае прасторы ў яго ўласнай творчасці. І час, і музычныя моды, і нейкія заходнія аналагі не маюць значэння. Можна сказаць, што калі і адчуваецца недзе рэтра – то рэтра менавіта Вольскага. І правільнае ў гэтым выпадку слова "рэтраспектыва" – з розных часоў дзейнасці. Альбом "Псіхасаматыка", як па мне, складаецца з вельмі выразных, запамінальных песень. Ясна, лаканічна, без залішніх упрыгожванняў, хітрыкаў і метафар што ў музыцы, што ў тэкстах. Аўтар, такое адчуванне, адмовіўся ад звыклай трохі саркастычна-іранічнай ролі, і быццам сышоў са сцэны, стаў больш блізкім і больш чалавечным.

3. Shuma "Сонца" – слухаць

Мая цікавасць да гэтага альбому на пачатку была не вельмі вялікая, бо мне хацелася большай заснаванасці на вакале, на песнях, кампазіцыі падаваліся занадта фонавымі. Але потым услухалася, уцягнулася і пачала атрымліваць задавальненне. Даволі мінімалістычна па гуках і гучнасцях, але з цікавымі і трапнымі фішачкамі на кожным кроку. Трохі механістычная праграма, малаэмацыйная, але з цёплым адчуваннем. Можна з прыемнасцю слухаць, і не раздражняцца.

4. Грёзы Пафнутия "Сутра подсолнуха" – слухаць

Такая праграма магла б стаяць асобкам ад астатніх альбомаў, што мы ацэньваем. Занадта вольны фармат, нават унутры самога альбома няма нейкага аднаго прынцыпу ці шаблона стварэння кампазіцый. Была ідэя, былі вершы. Кожны паэт усё ж пісаў пра нешта сваё. А праграма "Сутра подсолнуха" апынулася трохі будысцкім поглядам менавіта Паўла Кузюковіча і музыкантаў. І слова ў назве "сутра" дакладна перадае змест, вызначае форму, дапамагае разуменню. Пры адсутнасці выразнай структуры музыканты здолелі пратрымацца пры стварэнні кампазіцый на хвалі натхнення як ў святле нейкага праменьчыку, калі ўсё складваецца неяк само сабою, і не патрабуе разбіральніцтва па дробных элементах. І ў выніку, здавалася б, даволі сціплая работа пакідае такі ўспамін, што хочацца і згадваць, і пераслухваць, і думаць над словамі і ідэяй. І, на фоне астатніх альбомаў года, уключаць у спіс лепшых.

5. Зміцер Вайцюшкевіч "Камета" – слухаць

Добра знаёмы нам Вайцюшкевіч, фірменныя гучанне і тэмбр, якія не надакучваюць. І нават пра тое, што музыка на альбоме – не Вайцюшкевіча, а аўтара песень Яраміра Нагавіцы, даведваешся, калі толькі прачытаеш пра гэта. Увогуле, цікавы досвед – паслухаць песні Нагавіцы на зразумелай мове, увайсці ў яго свет. І Зміцер Вайцюшкевіч з калегамі зрабіў усё густоўна, з павагай. Можа, нават, павагі было і зашмат. Даволі роўна і крыху асцярожна. Проста мы ведаем, што Зміцер можа і драйву даць. Але цалкам дапускаю думку, што гэты матэрыял патрабаваў менавіта такога падыходу.

6. IOWA "Import" – слухаць

Так, група IOWA – гэта ўжо не дзіва, і новы альбом нічым не здзівіў, ён яшчэ развівае знойдзенае раней. Але мы тут параўноўваем, ці не праўда? Калі ўсё ж разглядаць альбом на беларускім музычным полі, то гэта ў любым выпадку вельмі годная праца. Стыльная музыка, тэксты, ад якіх не заварочваюцца вушы, накірунак да больш актуальнага гучання. Такі бі-сайд дэбютнага альбома, з менш просталінейнымі, менш хітовымі і больш зфармаціраванымі песнямі. Але так апынулася, што гэтую, другую пласцінку мне слухаць было лацвей.

7. Zui "Вопрос" – слухаць

Трохі дзіўная пласцінка, якая спачатку прымушае задумацца над пытаннем – а для каго яна? Не адразу ўдаецца зразумець, у чыі шэрагі запісаць гэтыя песні. Даволі якасная лёгкая музыка, сучаснае гучанне. А вакал нечаканы, нестандартны для такіх поп-мелодый і гукаў, трохі лялечны. І сапраўды ўяўляецца лялечны тэатр. Потым услухоўваешся у тэксты – і ізноў пачынаеш думаць, як аўтарка магла дадумацца да гэтых радкоў і сюжэтаў? Потым аказваецца, што аўтар "жаночых" песень – Міхаіл Зуй. У выніку пачынаеш усё ўспрымаць як нейкі мастацкі не да канца разгаданы праект, з нейкім падвохам. Магчыма, самі стваральнікі і не разлічвалі на такі эфект, можа, усё рабілі сур'ёзна і ад душы, нічога дзіўнага і не заўважалі. Але так яно склалася. Акрамя ўсяго, проста прыемная музыка, добра зробленая.

8. Akute "Пластыка" – слухаць

Яшчэ адна альбомная праца, да якой падыходзяць мае ранейшыя словы, што музыканты "працягвалі весці сваю лінію, удасканальвалі і раўнялі". Akute удасканалілі гучанне, агульную падачу, у астатнім засталіся вернымі ранейшым здабыткам. Гэта добра збітыя песні, якія усё ж цяжка запомніць. На гэтым этапе ўжо пачынае трохі раздражняць тое, што ў дачыненні да Akute называюць "абстрактнай лірыкай", адны і тыя ж словы, адна і тая ж знаёмая "абстрактная" эмоцыя. Відавочна, што трэба некуды рухацца. Засмуцілі і памылкі ў словах, бо іх жа перад запісам можна было выправіць.

9. Re1ikt "Куфар" – слухаць

Зразумела, што параўнання з папярэднім альбомам было не пазбегнуць, і гэтая пласцінка прайграе менавіта ў канцэптуальнасці і цэльнасці, хаця па духу і працягвае яе. Аднак на якасць асобных песень тое абсалютна не ўплывае. Мне падабаюцца і трэкі, што быццам бы бонусныя – гімн "Крумкачоў", напрыклад, ці "Дробненькі дожджык". Re1ikt гучыць гэтак жа пераканаўча, як і на альбоме "Лекавыя травы". Сваё гучанне, свой голас. Проста штосьці атрымалася лепей, а штосьці горш.

10. Ayva "Точно" – слухаць

Пяшчотны, як спячая котка, альбом. І як у выпадку з коткай ты разумееш, што за гэтай спячай мімішнасцю хаваецца і многае іншае, так і з ціхіх песень Ayva выглядваюць розныя эмоцыі і сэнсы. Вушы, што прывыклі да гучнасці і крыкаў, могуць пачаць адрозніваць больш тонкія нюансы. І усё гэта пад лёгкім флёрам чароўнасці і недагаворанасці.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net