Новы альбом гурта Neuro Dubel, а таксама доўгачаканы трыб’ют легендзе беларускага року парадуюць прыхільнікаў каманды ўжо бліжэйшай восенню.
Аляксандр Кулінковіч характарызуе новы альбом як адну з найбольш вясёлых пласцінак у гісторыі "Дзюбеляў", якая стылістычна блізкая да амерыканскага панку.
Аляксандр Кулінковіч: "Гэты альбом будзе вясёлым. Магчыма, самай светлай плямай у "Дзюбелі". У меру цяжкім будзе, бліжэй да амерыканскага панку схіляцца".
Працоўных назваў у будучага альбома Neuro Dubel дзве – "Авторы правды" і "Музыка для клиентов", аднак якая з іх у выніку пераможа, пакуль не вядома.
Аляксандр Кулінковіч: "Назва альбома мне пакуль не вядомая. Я схіляюся да дзвюх назваў, якую з іх я абяру – не ведаю. Мне трэба будзе паслухаць агульны прадукт і ткнуць пальцам у тое, што мне падабаецца. Аднак, хутчэй за ўсё, альбом будзе называцца "Музыка для клиентов".
У трыб’ют гурту Neuro Dubel, які рыхтуецца як мінімум ужо тры гады, па словах Кулінковіча, увойдуць каля 20 песень каманды у выкананні розных артыстаў, сярод якіх Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, "Палац" і шмат маладых гуртоў. Галоўным крытэрыем, па якому адбіраліся песні ў трыб’ют, музыка называе непадобнасць да арыгіналу.
Аляксандр Кулінковіч: "Увогуле, ён будзе вельмі цікавым, на мой погляд. Я адбіраў песні, якія былі не падобнымі да арыгіналу, таму што дасылалі мне шмат усяго. Песні, якія былі блізкімі да арыгіналу, я адразу бракаваў. Галоўнае, каб максімум былі не падобнымі".
Паводле Аляксандра, новы альбом і трыб’ют могуць быць прымеркаванымі да 21 дня нараджэння Neuro Dubel, які, нагадаем, гурт адзначае ў ліпені. Сёлета з нагоды ДН гурт збіраецца адыграць "сямейны канцэрт" у Jolly Rogger Cafe, які адбудзецца 22 ліпеня ў 20.00.
Тэкст: Маша Лагодзіч
Фота: Tarantino
"Еўрарадыё"
Комментарии
Надоело
Уже столько лет Куллинкович говорит про этот трибьют, причем все время "уже вот-вот". Надоело.