Пабачыў свет новы альбом рок-гурта "Верасень" пад назвай "Караблі". У кружэлку ўвайшло 9 беларускамоўных кампазіцый, а таксама бонус – песня "Этот вечер, это вино" – саўндтрэк да кароткаметражнага камедыйнага фільма "Вяселля не будзе" (сцэнар Дзіяна Балыка, рэжысура Вольга Акуліч).
Па словах музыкаў гурта, кожная песня альбому "Караблі" – маленькая гісторыя, якая пасля напісання і запісу пачынае сваё жыццё, непадуладнае аўтарам ды выканаўцам.
– Мне здаецца, нам удалося данесці да слухача крыху пяшчоты без "цукровага сіропу" і дадаць драйва без гістэрыкі, – распавядае вакалістка гурта Вольга Акуліч. – Мы не абмяжоўваем сябе ў стылёвых пошуках. Але гітарная музыка і рок у класічным разуменні былі для нас актуальнымі заўсёды. Мы пішам песні, над якімі можна было б задумацца. Таму гэта – інтэлектуальны рок.
Пяць трэкаў з альбому былі запісаныя раней і ўвайшлі ў папярэднюю плытку "Другі", яшчэ пяць – абсалютна новыя.
– Канечне, вельмі хацелася б выпусціць цалкам складзены з прэм’ерных песен нечаканы для нашых слухачоў альбом, і гэта яшчэ наперадзе. Пакуль жа "Караблі" – выбранае з нашых выступаў, – адзначае Вольга.
Адной з асаблівасцяў альбому "Караблі" стала ягонае аздабленне. На вокладцы рэлізу – сапраўдная карціна, аўтарства якой належыць украінскаму мастаку Дзмітрыю Смаўзюку.
– Калі запіс быў скончаны, паўстала пытанне пра тое, як назваць новую плытку. Пасля нядоўгіх разваг калегіяльна была прынятая назва, прапанаваная Арцёмам Лабіным, нашым гітарыстам, – "Караблі", – распавядае Вольга Акуліч. – Кружэлка, натуральна, патрабавала аздаблення. Але ж як яны выглядаюць, тыя самыя мае караблі? Я паспрабавала ўявіць сабе іх, і калі ў інтэрнэце выпадкова натрапіла на карціну, рэальную (!), але настолькі эстэтычна адпаведную, як быццам бы бачыла яе ў сне раней, зразумела: гэта і ёсць той самы вобраз! Яе аўтар адгукнуўся на мой ліст і даў дазвол на выкарыстанне карціны.
"Караблі" – прэзентацыйнае выданне, якое будзе вольна распаўсюджвацца ў інтэрнэце. Невялікі сувенірны наклад плыткі на кампакт-дасках будзе даступны толькі на канцэртах гурта.
У запісе альбома ўзялі ўдзел спявачка Вольга Акуліч, гітарысты Арцём Лабін і Дзяніс Балахонаў, бас-гітарысты Іван Бандацкі, Аляксандр Мішугоў і Фёдар Немцаў, бубначы Мікалай Пахомчык і Аляксей Кулеш, харпер Віталь Валошын. Запіс і звядзенне зрабіў гукарэжысёр Эдуард Іваноў.
Прэзентацыя альбому "Караблі" адбудзецца 31 сакавіка ў паб-клубе "Графіці". Да "Верасня" далучаецца гурт "Вочы" (фолк-ф’южн, Гродна), а таксама спецыяльны госць – драматург і паэтка Дзіяна Балыка.
Спампаваць альбом на сайце Ultra-Music.
Текст: Вячеслав Радионов, Ultra-Music
Комментарии
Музыка показалось сыроватой,
Музыка показалось сыроватой, но честной и искренней, так сказать блюзы с собственным лицом. Именно такую музыку люблю (не блюзы, а у которой собственное лицо). Но, думаю, что если немного посмелее и поэнергичнее - было бы в каком-то плане лучше. В общем работа понравилась. Респект музыкантам. Не побоюсь сказать, что это что-то новое для нашей страны, не революционно-новое, но новое...