О проекте

Виктор Семашко: личный топ-10 белорусских альбомов за 2010 год (+аудио)

 

Внештатный эксперт и член "Большого жюри". Автор и ведущий радиопрограмм "Новая зямля" (радио Unistar, с 2005 по 2009), "Кракатук" ("Радыё Рацыя", с 2010). С 2001 года – музыкант группы "Князь Мышкин", в 2004-2007 годах также участник группы "Нагуаль". В 2006 году издал книгу собственных стихов "Марыя S.".

Такога шквалу музычнае інфармацыі made in Belarus, як летась, я не адчуваў ніколі: літаральна штотыдзень новыя запісы, адкрыцьці й усялякія неверагоднасьці. У цэлым, на маю думку, 2010-ы стаў годам дэбютаў. Хаця разумею, што з маёй дзесяткі тое не вынікае. Справа ў тым, што яна складзеная са сьпісу, прапанавага сайтам Experty.by. А дэбюты рэалізаваліся ня столькі празь CD-альбомы, колькі з дапамогай нэт-сынглаў ды міньёнаў, а таксама праз старонкі ў сацыяльных сетках.

Заўважце, што віртуальная прастора выціскае ня толькі кампакт-дыск, але й бізнэсовае паняцьце альбома як сродку данясеньня музычнае інфармацыі. Губляюць сэнс развагі пра працягласьць "паўнафарматнага" запісу, таксама як і пра яго "мэйнстрымавасьць" ці "артхаўзнасьць". Бо аўдыторыя становіцца ўсё болей спэцыялізаванай, падзяляецца на гурткі й суполкі паводле сваіх інтарэсаў. Мне па-ранейшаму прыкра з-за таго, што паважаныя штатныя экспэрты лічаць мэтазгодным разглядаць альбом нейкай Ташы ці Дамэнікі, і абсалютна абмінаюць увагай такія ўнікальныя плыткі, як Rational Diet "On Phenomena And Existences" (італьянскі лэйбл Altrock) ці Re123+ "Magi" (расейскі лэйбал BadMoodMan). Шкада, што нават незалежныя рэсурсы чамусьці мусяць абмяжоўваць сябе ў нашай і без таго да болю абмежаванай краіне.

На жаль, у маім "лісьце лепшых" не хапіла месца для цікавых кружэлак "Кассиопеи" ("Стивен Кинг и мы") і Yellow Brick Road ("Honeymoon"). Дарэчы, альбомы Neuro Dubel, "J:морс" і Mauzer выглядалі б лепей менавіта ў выглядзе максі-сынглаў (то бок, скарочаныя напалову). А, навогул, для паўнаты музычнае карціны рэкамэндую азнаёміцца з наступнымі "альбомнымі" рэлізамі, што не разглядаліся экспэртамі: С.Пукст і А.Крывуля "Чорны бусел", Дар’я Кадамская "Неба-рака" (зьмешчаны vkontakte.ru/club5667981), Altanka "Live In Mragowo" (самвыдат), Князь Мышкін "Pasiarod" (нэт-лэйбл Clinical Archives), Voka "Басанож" (самвыдат), Зьм.Сідаровіч і Т.Матафонава "Дзіцячы альбом" (CD), Аляксандар Рыбак "No boundaries" (CD), Czeremszyna & Todar "Што на сэрцы…" (CD, Польшча), Дядюшкин Сон "Punk-Funk" (інтэрнэт-рэліз), Marie Chante Quelle Elle Telephone "Self-Titled" (інтэрнэт-рэліз), CJClip "Fucking Breakcore" (інтэрнэт-рэліз), Paviel Ambiont "Foundamental podcast" (інтэрнэт-рэліз), Мяtnа "Мітрэнгі" (самвыдат), ILO & Friends "Сланечнікі" (сам яшчэ ня слухаў, але павінна быць займальна), альбом А.Хадановіча, які дадаецца да кнігі "Несымэтрычныя сны", ды інш.

Былі запісаныя ў 2010-ым, але пакуль не пасьпелі пабачыць сьвет дэбютнік FolkRoll і альбом беларуска-швэйцарскага праекту Kazalpin, якія могуць стаць падзеяй у межах Эўропы. А з SP і EP адзначу выданьні гуртоў Re1ikt, Nevma, Kusudama, Lilac, Sang Sattawood, Clover Club, Overmore, Behind The Crowd, Blackpaperplanes, Lights Fall From Behind, Hum Flying Balletproof Noodle ды інш.

Баюся, што 2011-ы будзе ня менш ураджайным на разнастайныя рэлізы ўсіх формаў і памераў. Баюся, бо ў такім шквале інфармацыі, які папросту зьбівае з ног, вельмі лёгка патануць. Раю мэляманам у такіх умовах хаця б зрэдчас слухаць цішыню й не забывацца на фізычную працу.

1. Дзецідзяцей "Рух" – слухаць

Адзін зь нямногіх беларускіх альбомаў увогуле, якім я надоўга захварэў і пераслухаў незьлічоную колькасьць разоў. Высока, шырока, глыбока! Разам з тым, альбом не ідэальны, і цяпер у ім можна заўважыць тонкае прадчуваньне катастрофы. Хто ж ведаў, што сьпяваючы "ніхто ня спыніць нашыя крокі", "Дзецідзяцей" гатовыя былі зрабіць гэта самі. Таксама шкада, што не патрапілі у 2011-ты Zombie Zoo ды Mauzer (прынамсі, у сваім звыклым выглядзе).

2. Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra "Беларуская песня" – слухаць

Сапраўды плытка мае агульнанацыянальнае значэньне! Вайцюшкевіч здолеў слушна раскадаваць радкі клясыка, каб словы й музыка зьліліся ў абдоймах. Канцэртовая падача не замінае ўспрыйманьню, эфэкт прысутнасьці дадае грамадзянскага драйву. Нашыя музыкі баяцца live-рэлізаў, бо страшэнна камплексуюць з-за нейкіх сваіх недахопаў. Тодар пераадолеў гэты комплекс і разнастаіў сваю дыскаграфію выдатным канцэртнікам.

3. Ы.Ы.Ы. "Зеленое золото" – слухаць

Цэльны й квятчасты постмадэрнісцкі манумэнт, які дакладна супаў з сучасным градусам абсурду ў нашых галовах. Аранжыроўкі ўражваюць фантазіяй і раскошай, падзеі разгортваюцца парадаксальна, музыка працягвае й разьвівае своеасаблівую паэзію нябожчыка Шугалея.

4. Hvarna "Кола вяртанняў" – слухаць

Падыход піцерскае "Хварны" да нашага фальклёру нечым заварожвае. Але дакладна не зразумела, чым канкрэтна. Бо некіх гераічных адкрыцьцяў яны не зьдзяйсьняюць. Можа, іх фішка ў прастаце? Ці ў магчымасьці паглядзець на беларускі фольк не знутры, а звонку? Уражвае спалучэньне вінтажных тэмбраў Korg X5D з дудой і гусьлямі, аўтэнтычных сьпеваў з працяглымі інструмэнтальнымі імправізацыямі. Крыўя + Карэлія = Хварна.

5. Павел Аракелян & The Outsiders "Ballad Of The Lost Musician" – слухаць

Прызнаюся, гэта не зусім той Аракелян, які падабаецца асабіста мне. Аднак, тут ёсьць, што паслухаць. Тым болей, што джазавыя рэлізы, як і канцэртовыя, для Беларусі дагэтуль рэдкасьць. Павал сьпявае, грае на клявішных і саксе, пакінуўшы фры-джазавыя жарсьці ў баку. Напэўна, дзеля посьпеху сярод шырокіх масаў. Падчас клюбных выступаў The Outsiders рэальна ствараюць адчуваньне, што дзея адбываецца недзе ў закавулках Ню-Ёрку ці Чыкага. Але два інструмэнталы на плыце кранаюць болей, чым сем песень.

6. Лявон Вольскі "Белая яблыня грому" – слухаць

Першая падкрэсьлена сур’ёзная праца пана Вольскага пасьля сэрыі сатырычна-забаўляльных праектаў. Дарэчы, адна з тэндэнцыяў 2010-га – сьпяваць вершы клясыкаў (вельмі юбілейны выдаўся год). Што тычыцца формы, то калі папярэдняя праца Лявона "Такога няма нідзе" апэлявала да 60-тых, то "Белая яблыня грому" з большага базуецца на папулярных кірунках 80-ых гадоў: сынты-поп і хэві-мэтал. Чакаем працягу зь яшчэ больш экспэрымэнтатарскім падыходам.

7. Бан-Жвірба "Дагары нагамі" – слухаць

Выдатна, што фольк-кірунак не здае сваіх пазыцыяў. Тое засьведчыў і альбом "Бан-Жвірба". Прычым, у гамяльчанаў атрымоўваецца рабіць аўтарскія творы, карэктна апрацоўваць малавядомы традыцыйны матэрыял і небанальна прадстаўляць вясковыя шлягеры. Выдатны экспартны фэстывальны фольк-бэнд!

8. The Silicon "Desert Storm" – слухаць

Адзін зь лепшых альбомаў у Беларусі сярод так званае "інструмэнтальнае музыкі". Адзін зь нямногіх сёлетніх беларускіх альбомаў, творы зь якога не цураюцца круціць рабатызаваныя FM-станцыі. Пеністая энэргія сёрфу б’е цераз край! Дыск выдатна скампанаваны. Аўтарскіх кампазыцыяў "Сылікону" – большасьць, праўда, яны трохі саступаюць у мэлядычнасьці шлягерам. Паколькі прыродныя ўмовы для разьвіцьця сёрф-руху ў краіне адсутнічаюць, прапаную пісаць музыку для аматараў скейтбордаў і равэрыстаў.

9. Testamentum Terrae "Angleza" – слухаць

Акустычны глябалізм: народная музыка спалучаецца з замкавай, унутраналітоўская з агульнаэўрапейскай. Россып рарытэтаў. Шыкоўныя мэлёдыі й тэксты. У параўнаньні з дыскам-дэбютам відавочны прагрэс.

10. Вольга Акуліч і Werasen "Трохкутнік" – слухаць

Чарговая спроба зрабіць нешта ў кірунку якаснае інтэлігентнае эстрады, якое ў Беларусі не стае ня менш за разнастайны авангард. Плытка зноў жа падкупляе сваёй прастатой: тэксты, музыка, аранжыроўкі, вакальная манера – усё невычварна й душэўна.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net