О проекте

Петля Пристрастия: "Любім, калі пад нашыя песні скачуць!" (+фота)

 

А фанаты любяць скакаць пад песні "Петли". 8 красавіка гурт Іллі Чарапко-Самахвалава прэзентаваў у Мінску свой новы альбом "Гипнопедия".

На разагрэве ў гурта з паўнавартасным сольным выступам сыграла каманда The Blackmail. У бліжэйшым часе музыканты збіраюцца выдаць свой дэбютны альбом, а таксама зладзіць яго канцэртную прэзентацыю.

Свой выступ "Петля пристрастия" пачала з песні "Диктор". Ужо добравядомыя многім словы рэфрэну "За год тут станет гораздо теплей" публіка крычала ў адзіным парыве. Ілля Чарапко-Самахвалаў адразу ж падзякаваў усім, "хто прыйшоў атрымаць супольны аргазм":

"Дзякуй, што вы прыйшлі нягледзячы на гэтую "знясільваючую" спёку – іранізуе музыка наконт надвор’я. – Але гэта нічога! Зараз бойка, а пасля вяселле будзе!"

Паслухаць новы альбом "Петли" прыйшло каля 500 чалавек. Што тычыцца публікі, Мінск – вельмі стабільны горад, кажа Ілля Чарапко-Самахвалаў:

Ілля Чарапко-Самахвалаў: "Як стала прыходзіць пэўная колькасць людзей – так яны і прыходзяць, незалежна ад таго, што мы граем і дзе. Чалавек 200-250 мы заўжды чакаем на сваіх канцэртах. Не тое, каб гэта вельмі многа, адносна. Але гэта ўсё роўна стварае добры настрой".

Нягледзячы на тое, што новы альбом з’явіўся ў інтэрнэце зусім нядаўна, многія з прысутных добра ведалі тэксты песень і падпявалі гурту. Гэтым разам Ілля з'явіўся на сцэне ў выглядзе Спайдэрмэна, але пры гэтым амаль адразу, падчас першай песні, зняў свае вялікія акуляры – адзін з фірмовых элементаў "Петли Пристрастия".

"Не было акуляраў таму, што мне было б вельмі шкада гэты брэнд страціць. – тлумачыць Ілля – Я за іх проста пабаяўся, яны ў мяне такія адны. Я гэтыя акуляры берагу, як зрэнку вока, выбачайце за каламбур".

Далей прагучалі "Летучий корабль", "Состоянье", "Ножи" і "Карамоджонг" з новага альбому. Паміж песнямі Ілля звяртаўся да публікі, танчыў і разам з астатнімі музыкантамі святкаваў 50-годдзе са дня першага палёта чалавека ў космас.

"Ваша здароўе! Вып’ем за юбілей палёта чалавека ў космас! І за тое, што, тым не менш, вы ўсе сёння тут – дзякуй вам за падтрымку, сябры!"

Падчас "Реинкарнации" гледачы "сарваліся" з танцпола на сцэну. Стэйдждайверы скокалі ў натоўп нават па двое. Праўда, такому там не вельмі радаваліся… Але традыцыйнага стэйдждайва ад вакаліста гурта фанаты так і не дачакаліся.

Ілля Чарапко-Самахвалаў: "Я для разнастайнасці вырашыў гэтага не рабіць. Таму што час ад часу я ўсё ж такі сігаю са сцэны".

Падчас некаторых песень (напрыклад, "Дышать и Смотреть") жадаючых пасігать са сцэны сабралося столькі, што давялося папрацаваць службе аховы. Але "Петля Пристрастия" толькі вітае стэйджайв, кажуць музыкі.

Ілля Чарапко-Самахвалаў: "Я люблю, калі скокаюць, усё ж такі! А інакш для чаго існуе барабан? Для чаго існуе пульс у музыцы?"

Увогуле, першая частка канцэрта цалкам складалася з песень "Гипнопедии". Што тычыцца новага альбому, музыкі кажуць, што ён вельмі адрозніваецца ад дэбютнага "Всем доволен". Але з агульным меркаваннем наконт таго, што ў песнях гурта стала больш словаў, а структура альбома стала больш складанай, не згодныя.

Ілля Чарапко-Самахвалаў: "Мне так не падаецца. Можа быць, з пункту гледжання некаторых людзей гэты альбом стаў больш перагружаным, увесь наш музычны складальнік… Ну і што? Гэта ж адбываецца не спецыяльна. І, мне падаецца, вельмі дробязна задавацца такім пытаннем. Больш тэксту -менш тэксту..."

Гітарыст "Петли Пристрастия" Іван Селішчаў запэўніў "Еўрарадыё", што цалкам задаволены прэзентацыяй, калі не лічыць таго, што "мастацкі кіраўнік гурта "Кассиопея" Александр Ліберзон зноўку пахадзіў па яго "педальках"":

"Ён зноўку пахадзіў па маіх "педальках", павырываў мае шнуры і я зноў мучыўся. А ў астатнім задаволены! На гэты раз гэта "Гипнопедия", але я таксама "Всем доволен" – жартуе Іван, падкрэсліваючы гульню кантэкстаў" [першы альбом гурта "Петля Пристрастия" мае назву "Всем доволен". – Заўв. "Еўрарадыё"].

Канцэрт суправаджала абсалютна цудоўная відэаінсталяцыя ад ды-джэя Плаха. Для "Петли Пристрастия" гэта відэа стала сюрпрызам, бо, як высветлілася, відэа на задніку сцэны – чыстай вады імправізацыя!

"Ён увогуле вялікі маладзец! – дзеліцца ўражаннямі ад працы дыджэя Плахі Ілля Чарапко-Самахвалаў. – Я, канешне, усяго не бачыў..."

"Ты ўвогуле нічога не бачыў, – перабівае Іллю Іван Селішчаў. – Ты спінай стаяў! Карацей, ён зрабіў усё гэта за 2 дні. І гэта не проста відэаінсталяцыя, чалавек рабіў яе літаральна он-лайн. То бок ён, як сапраўдны дыджэй, у яго проста ёсць нарэзкі рознага відэа, якое ян падчас канцэрта зводзіць пад музыку. То бок гэта жывы выступ!"

"Еўрарадыё" пацікавілася ў музыкаў, ці не надумалі яны заспяваць з кім-небудзь дуэтам – так бы мовіць, "модная" на сённяшні дзень з’ява.

"Увогуле мы вельмі чакаем прапановы ад Энрыке Іглесіаса… А лепш ад яго таты Хуліо! – смяецца Іван. – А паколькі пакуль нічога не паступае, не хацім разменьвацца на дробязі".

"Можа быць, гэта і прыгожа выглядае, але ў нас няма на гэта часу", – дадае Ілля.

Ідэя, на якую гурт "Петля Пристрастия" ўсё ж знойдзе час – гэта тур-прэзентацыя альбома "Гипнопедия" па гарадах Беларусі і Расіі. Але пакуль не ўсё так проста:

Іван Селішчаў: "Пакуль што, на жаль, нас нідзе не чакаюць з шырокімі абдымкамі. Не заўжды атрымліваецца разлічваць на нейкія вялікія туры, ці вялікія выступы ў добрых клубах. Працуем над гэтым, натуральна! У планах ёсць Усходняя Еўропа – Літва, Латвія, Эстонія, Польшча".

Тэкст: Міра Шульц, "Еўрарадыё"
Фота: Цімафей Скібенка, "Еўрарадыё"


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net