Гурт Re1ikt выдаў новы альбом "Kufar". Як і яго папярэднік, "Лекавыя травы" (2015), дыск быў запісаны ў польскай Studio-X вядомага гукарэжысёра і саўндпрадзюсара Марціна Кілбашэўскага ў Ольштыне і атрымаўся такім жа лірычным і атмасферным.
"Мы сабралі ўсё тое каштоўнае, чым могуць ганарыцца беларусы: нашы традыцыі, наша прырода, наша культура, нашы перамогі, наша ўменне сябраваць і рабіць добрыя справы талакой", – распавядае пра канцэпцыю новага альбома Алесь Дземідзенка.
У "Kufar" патрапілі "Дробненькі дожджык" са зборніка "Песні Матчыны з Вушаччыны" – песня, якую напявала маці Рыгора Барадуліна, вясельная "Сваточкі", запісаная музыкамі ад Марыі Сямёнаўны Амос ў вёсцы Халопенічы Крупскага раёна, аўтарскія творы, натхнёныя роднымі краявідамі.
Акрамя таго, у альбом увайшоў сапраўдны стадыённы хіт "Разам!" – гімн, створаны музыкамі Re1ikt для футбольнага клуба "Крумкачы", першае жывое выкананне якога адзначылася сенсацыйнай перамогай маладой каманды над мінскім "Дынама".
На дыску ёсць і два цікавыя дуэты: з саксафаністам Паўлам Аракелянам ("Крамбамбуля", Лявон Вольскі) гурт запісаў джаз-рокавую кампазіцыю "Толькі снег" на лірычны верш Янкі Купалы, які паэт прысвяціў жонцы, а з Сяржуком Доўгушавым (Vuraj) – народную песню "Вэлытай" з беларускага Палесся.
Грошы на выданні альбома "Kufar" былі сабраныя ў выніку краудфандынгавай кампаніі, у якой паўдзельнічалі больш за 80 чалавек з розных краін свету: Беларусі, Польшчы, Сербіі, Канады, ЗША. Сума ахвяраванняў склала 2 453 рублі. Гэтых сродкаў хапіла не толькі на тое, каб выпусціць дыск, але і прафінансаваць здымкі кліпа да песні "Дробненькі дожджык", які ўдзельнікі Re1ikt абяцаюць прэзентваць публіцы ў хуткім часе.
Папярэдні дыск "Лекавыя травы" атрымаў узнагароды "Лепшы рок-альбом", "Прыз народных экспертаў", "Прыз штатных экспертаў" на прэміі Experty.by, "Альбом года" на ўзнагародах "Даём рады" і Rock Profi.
Прэзентацыя альбома "Kufar" адбудзецца ў сталічным клубе "Бруге" 10 снежня. Музыкі рыхтуюць вялікі сольны канцэрт з удзелам цікавыя гасцей і, вядома ж, сюрпрызамі.
Тэкст: прэс-рэліз
Комментарии
Офигенно круто звучит, вот
Офигенно круто звучит, вот такой Реликт мне нравится