30 мая ў Мінск з сольным канцэртам едзе гурт Sciana. Берасцейцы прадставяць публіцы сваё новае гучанне і сінгл "Новая хваля", які папярэднічае выхаду іх трэцяга альбому. Канцэрт пройдзе ў межах акцыі "Жывы Тузін", якую ладзіць партал Tuzin.fm пры падтрымцы кампаніі "Будзьма беларусамі".
Гэтым летам гурт будзе святкаваць ужо 14-ты год нараджэння. Сярод іх дасягненняў – перамога на "Басовішча-2003", прыз, як найлепшаму рэгіянальнаму гурту на "Рок-Каранацыі-2006", галоўны прыз на буйным польскім фэсце "Rock Noca-2011". Sciana дужа шанаваная ў Польшчы ды Украіне, але ў Беларусі выступае даволі рэдка.
Ад часу выхаду альбому "Кропка вяртання" (2010) у гурце Sciana адбылося нямала зменаў. Найперш абнавіўся склад, да музыкаў далучыўся электроншчык Валеры Сакалоў, вядомы з праектаў "Too Late: Frozen" i SKLF. Вакаліст Павел Прохараў кажа, што прыход новага чалавека бясспрэчна адбіўся на гучанні яго каманды.
"Альбом ужо амаль зроблены, выхад яго запланаваны на жнівень. Можа і карціць назваць гэты дыск найлепшым у нашай дыскаграфіі, але казаць гэтага не будзем, бо ведаем, што самае крутое толькі наперадзе!" – зазначае Павал і абяцае, што на альбоме будзе нямала сюрпрызаў.
Як гучыць сёньня каманда можна пачуць у загалоўнай песні з новага сінгла музыкаў "Новая хваля", што была нядаўна прэзентаваная ў сеціве. Яшчэ тры новыя песні будуць прадстаўлены ў інтэрнэце ў хуткім часе.
Sciana выйдзе на сцэну клуба Loft 30 мая ў фінальным канцэрце сезону праекту "Жывы Тузін". У вечарыне таксама возьме ўдзел "ар’ергарднае трыё" Tonqixod на чале з Уладзем Лянкевічам, якое пакажа сваю дэбютную праграму ў стылістыцы блізкай да арт-року.
30 мая ў Loft cafе (вул.П.Броўкі, 22) гурты Sciana і Tonqixod. Кошт квітка – 80 000 руб. Квіткі можна набыць у касах KVITKI.BY і непасрэдна ў клубе перад канцэртам. Замовіць столік : +375 29 38 000 10. Іншыя пытаньні: + 375 29 687 20 93
Тэкст: прэс-рэліз
Фота: Budzma.org