Мінскі гітарыст Сяргей Трухановіч (“Крама”, “Палац”) выдае трэці інструментальны аўтарскі альбом, які атрымаў назву “Шлях да мора”. На дыску будзе 10 трэкаў, два з якіх выкананыя сольна, без удзелу гурта. Прычым, адзін трэк на электрагітары, а другі – на акустычнай.
“Гэта будзе падобна на раманцік-рок, я паспрабаваў зрабіць яго найбольш меладычным, каб можна было слухаць альбом у машыне, – распавядае пра працу Сяргей. – Бо ў нас не хапае меладычнай музыкі, усе спрабуюць вынайсці ровар. А мне падаецца, што ўсё ж варта адарвацца ад гэтых пошукаў”.
Дапамагала працаваць над дыскам Сяргею шмат вядомых беларускіх музыкаў, у тым ліку, і калегі па гурце “Палац” Алег Хаменка, Зміцер Карабач ды Андрэй Хвісевіч. “Шлях да мора” з’явіцца ў музычных крамах ужо ў бліжэйшыя дні, а вось ці выкладаць яго ў інтэрнэт, Сяргей пакуль не вырашыў.
Тэкст: Ілля Маліноўскі, "Еўрарадыё"