Гурт TonqiXod прэзэнтаваў на Tuzin.fm міні-альбом "Лямант, хаос і вэрхал". На думку музыкаў, менавіта гэтыя тры словы характаразуюць іх музыку ды перадаюць зьмест, як EP, так і іх будучага поўнафарматніка, паўдзельнічаць у фінансаванні якога можна праз платформу Ulej.by.
У міні-альбом увайшло тры кампазіцыі, якія ўжо гучалі на жывых выступах гурту, але не былі запісаныя.
"Пасьлядоўнасьць трэкаў не выпадковая, кампазыцыі як музычна, так і сэнсава перагукаюцца, месцамі перацякаюць адна ў адну. Можна сказаць, што гэта досыць канцэптуальны міні-альбом. Спачатку гэта холад, трымценьне, нерухомасьць, капітуляцыя і абмаражэньне. Але потым унутраная пульсацыя надломвае крыгу і вырываецца нястрымнай плыньню, абрынаецца долу крыніца жыцьця і адначасова крыніца разбурэньняў", – распавядае вакаліст гурту Ўладзь Лянкевіч. Музыка зазначае, што абраная назва добра пасуе пад іх музыку – такі кароткі зьмест у адной фразе.
"Канцэпцыя ЕР для нас асабіста была ў тым, каб зьмясьціць у міні-альбоме кароткі зьмест будучага другога поўнафарматніка, – кажа суаўтар музыкі і клявішнік гурту Макс Субач. – І на мой погляд гэта атрымалася: "Камняпад" мае просты запамінальны матыў, так бы мовіць, для масаў. "Лямант" – разгорнутыя вакальныя і інструмэнтальныя імправізацыі, а "Марозная" – нешта паміж імі абедзьвюма: папсовенькія лірычныя матывы ўперамешку з закручанымі адступамі, каб не засумаваць".
Гурт пачаў краўнфандынгавую кампанію ў падтрымку свайго другога студыйнага альбому на платформе Ulej.by.
Тэкст: Tuzin.fm