О проекте

Віктар Сямашка: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2011 год (+аўдыё)

 

Пазаштатны эксперт і сябра "вялікага журы". Аўтар і вядучы радыёпраграм "Новая зямля" (радыё Unistar, 2005-2009), "Кракатук" ("Радыё Рацыя", ад 2010). Ад 2001 года – музыка гурта "Князь Мышкин", у 2004-2007 гадах таксама ўдзельнік гурта "Нагуаль". Аўтар паэтычных зборнікаў "Марыя S." (2006), "Rera" (2011).

2011 – найлепшы год за ўвесь час маіх прыватных назіраньняў за беларускай музычнай прыродай. Сам таму зьдзіўляюся, але я ледзь пасьпяваў адслухоўваць неверагодны гукавы шквал – як ніколі разнамасны, сьмелы й зьмястоўны. Па сутнасьці адбылася рэвалюцыя формаў, зьдзейсьненая празь міжнароднае пасярэдніцтва: FolkRoll і "Троіца" запісваліся ў Польшчы, "Ляпіс Трубяцкі" ва Ўкраіне, альбом Kazalpin быў выдадзены ў Нямеччыне, дэбютнік B_Side апублікаваў баўгарскі лэйбл, "Чара" Вайцюшкевіча – вынік супрацы са швэдамі, "Драбадзі-драбада" "Крамбамбулі" – навогул, апатэоз мультыкультуралізму.

Гэты шэраг можна працягнуць вартымі ўвагі рэлізамі, што з розных прычынаў не разглядаліся на Experty.by: альбом Андрэя Хадановіча і "Рацыянальнае дыеты" на вершы Чэслава Мілаша, інсьпіраваны польскім бокам; дэбютны дыск The Unlimited Trio, што пабачыў сьвет у Францыі; беларуска-швэдзкі праект Чмыр vs Плакс "Перашкоды й націскі"; шматмоўны дэбютны дыск фармацыі Fratrez; тайваньскі рэліз "Князя Мышкіна" "Fool’s Day"; запіс з польска-беларускае вечарыны Гармаш-Круглы-Мінькоў "live improvisation at "Ў" gallery"; альбом Рамана Яраша на вершы латыскага паэта Яня Яўнсудрабіня; польская кружэлка былога гарадзенца Генэка Лёскі; дыск Аляксандра Ліцьвіноўскага "Windophonia" зь міжнародным складам удзельнікаў ды інш. Варта згадаць і праект "Перазагрузка-2", дзякуючы якой па-беларуску засьпявалі жыхары Ўкраіны, Нарвэгіі, Нямеччыны, Расеі, Бэльгіі ды Швэцыі.

Такім чынам, галоўнымі прыкметамі 2011-га музычнага году ў Беларусі сталі інтэграцыя й авангард: то бок, паступовае ўключэньне нашае гукавое творчасьці ў сусьветны калейдаскоп з аднаго боку й наватарскія экспэрымэнты з формай з другога. Відавочна, што авангард (у шырокім сэнсе слова) пачаў пакрысе займаць сваё належнае мейсца – сьпераду. Прынамсі, такой колькасьці рэлізаў зь вельмі спэцыфічнай музыкай у нашай краіне яшчэ не здаралася ніколі. Ды й публіка пачынае больш-менш цікавіцца чымсьці, акром агульнавядомага. Відавочна, што гэтыя тэндэнцыі набылі працяг і ў 2012 годзе.

1. Ляпис Трубецкой "Веселые картинки" – слухаць

Самы сур’ёзны альбом Сяргея Міхалка й кампаніі, як і зьнешне, так і знутры нагадвае памятны зь дзяцінства стэрэаскапічны каляндарык. Магнэтычную кружэлку хочацца слухаць па частках і ад пачатку да канца. Яна яскрава пераліваецца багацьцем рэлігійных, гістарычных, культурных спасылак, раскошай ёмістых вобразаў і выслоўяў, што неадрыўна чапляюць увагу. У параўнаньні з папярэднімі трыма альбомамі гэты атрымаўся больш "артавым": цікава вырашаецца праблема часова звольненых "дудак" – іх замянілі этнічныя й акадэмічныя інструмэнты, з электрагітарамі яднаюцца габоі ды клявэсіны. Прытым цэнтральны сьпеў альбома, на мой погляд, - "Космонавты", які варта ўключаць на поўную моц з усіх вокнаў на Вялікдзень.

2. Крамбамбуля "Драбадзi-драбада" – слухаць

Лявон Вольскі прадставіў чарговы выдатны ды вынаходлівы канцэпт, якому гарантаваны попыт: эўраінтэграцыя праз фальклёр. Безумоўны плюс альбома ў тым, што разнародны матэрыял набыў цэльнае, агульнае вырашэньне. Бо эклектычная традыцыя ў выпадку з панам Лявонам цягнулася яшчэ з часоў "Народнага альбома". Пры гэтым закамуфляваны сюрэалізм маэстра нікуды не падзеўся. Падыход, што абрала "Крамбамбуля", блізкі да пап-панку, запатрабаванасьць якога на постсавецкіх прасторах даказалі вышэй азначаныя "ляпісы". Таксама шыкоўна, што альбом складаецца з двух дыскаў: на адным песьні розных народаў у перакладзе на беларускую мову, на другіх тыя ж песьні й у тым жа парадку, але на мове арыгіналу. У першым варыянце беларуская мова выдатна прыглушае, зьмякчае й зьвязвае між сабой пярэстыя фарбы, сакралізуючы любы зьмест: Беларусь паўсюль і Беларусь наскрозь. Яна праяўляецца нават у выбары менавіта гэтых песень, на якіх бы мовах яны не гучалі. Дадамо, што Лявон Вольскі на вокладцы чамусьці пазначаны як аўтар усіх тэкстаў.

3. FolkRoll і Наста Някрасава "Vir" – слухаць

FolkRoll напраўду грае фальклёр, але ў аванградова-акадэмічнай акустычнай інтэрпрэтацыі кампазытара Паўла Рыжкова зь нейкім унутраным экспрэсіўным рок-н-рольным духам. Праз такі падыход агаляюцца схаваныя мэханізмы архаічнага сьпеву – прыродныя ды псыхалягічныя. Іх па-свойму перадае голас Насты Някрасавай, які гучыць ня толькі пранікнёна й самааддана, але й артыстычна. Калі гэтай музыцы чагосьці й не хапае, дык гэта адвольных імправізацыйных уставак, трохі жыцьця, умоўнае дэзарганізацыі. Цікава было б, калі б музыкі выйшлі па-за межы фальклёру й заняліся перакладаньнем на музыку сучасных вершаў, напрыклад, Алеся Разанава. Мяркуючы па нядаўнім канцэрце ў Менску, у FolkRoll ужо набіраецца матэрыял на другі альбом.

4. Kazalpin "East Side Story" – слухаць

Спалучэньне беларускае архаікі са швэйцарскім фры-джазам выйшла безь перабольшваньня дзівосным. Супраца з айчыннымі джазмэнамі такі ж вынік наўрад ці дала б. Швэйцарцы сярод розных перавагаў маюць і тую, што дазваляе ўбачыць беларускі фольк звонку й у агульнаэўрапейскім кантэксьце. Нельга сказаць, што нашае вакальнае трыё Akana ў гэтай працы выконвала толькі ролю аднаго зь інструмэнтаў у рукох замежных майстроў. Многія аранжыроўкі й тэмы, знаходкі, інтэрпрэтацыі нараджаліся сумесна. Вынікам стала вельмі арганічная й прыгожая, мэлядычная праграма, дзе фальклёр і джаз пераплятаюцца між сабой, паднырваюць адзін пад аднаго. Што праўда, фры-джазу магло б быць і больш.

5. B_Side "Smooth Season" – слухаць

Колішні гурт Rostra, зьмяніўшы імя на B_Side, але захаваўшы стандартна рокавы склад, загучаў абсалютна неардынарна для нашых абсягаў. Альбом утварае адзіную зьвязаную карціну, чутны марудны й цяжкі рух, агульны подых, што праймае кожную рэч. Трэк перацякае ў трэк, акуратна захоўваючы й дабудоўваючы агульную атмасфэру, што важна для стылістыкі ambient trip-hop. Не апошнюю ролю граюць і тэксты, бо напісалі іх прафэсійныя паэты розных генэрацыяў ад Арсеньневай да Трэнас.

6. З.Вайцюшкевіч & WZ-Orkiestra "Чара" – слухаць

Гэтым разам Зьміцер са сваёй "Усход-Захад-аркестрай" выправіўся на Поўнач, у Скандынавію, узяўшы ня толькі сваіх землякоў, але й Масуда Талібані, які ўплёў у беларуска-швэдзкі арнамэнт тонкі курдзкі ўзор. Ні ў адной з ранейшых праграмаў пан Вайцюшкевіч не ўжываў столькі мэлядэклямацыі – такім чынам кампазытар вырашыў складанасьці швэдзкіх тэкстаў: іх нерыфмаванасьць і арытмічнасьць. Ды й імправізыцыяў на плытках Тодара столькі яшчэ не было – у кожнай кампазыцыі фармуецца рухавы й бясконцы, "акварэльна-экалягічны" малюнак. Шкада, што ў працы над альбомам не прыняла ўдзел Ксенія Мінчанка – ейныя скрыпічныя фантазіі прыйшліся б вельмі дарэчы. Як і ў выпадку з Kazalpin, падыход мог бы быць трохі больш радыкальным, можа нават нотна-акадэмічным, каб музыка ідэйна адпавядала вершам напоўніцу.

7. Троіца "Зімачка" – слухаць

Па гучаньні й настроі гэты альбом працягвае папярэдні. Новых выяўленчых знаходак – вобмаль. Аднак, у падыходзе "Тройцы" да аўтэнтыкі ўсё больш назіраецца складаназлучаны, сюітны падыход. Падобна, што трыё набліжаецца да сымфанічнае формы. Гітара з пэркусіяй гафтуюць тонкія ўзоры на зімовым палатне, а голас пана Кірчука, тым часам, набывае рысы духа, кагосьці надасобавага, нават надполавага, – то барытон, то фальцэт, то множаньне ў хор. У прынцыпе, "Тройца" ў чарговы раз даказала, што ейны патэнцыял невычарпальны, як зрэшты й народная аўтэнтыка.

8. Яўген Канавалаў "My Way" – слухаць

Першы пасьмяротны альбом Яўгена Канавалава не дае поўнага ўяўленьня пра шырыню ягонага талента, бо з большага сфармаваны з кавэр-вэрсіяў. Тым ня менш, інтэрпрэтацыі "бітлоў", Эльлінгтана, Кальмана вельмі асабістыя. Праз агульнавядомыя стандарты прасьвечваецца аўтарскае "я". Асоба, думкі, ідэі, пасылы ўнікальнага гітарыста захаваліся ў гуку. У сваіх імправізацыях, грунтуючыся на ўлюбёных блюзавых гармоніях ды хадах зь лёгкім дамешкам псыхадэліі, Яўген часам даходзіць да межаў фры-джазу. Прытым ствараецца ўражаньне, што ўсё запісвалася недзе ў глыбіні 60-тых – 70-ых, хаця насамрэч у "нулявых" і ў самых прымітыўных хатніх умовах. Лірычнасьць тут суадносіцца з трансцэндэнтнасьцю.

9. Re1ikt "Рэкі прабілі лёд" – слухаць

У новым альбоме Re1ikt максымальна наблізіўся да свайго alter ego – Re123+. Мяркую, што музыкі на сакральным узроўні нарэшце адкрылі й прынялі сваю палескасьць: увесь альбом прасякнуты туманам і дымам, пахам вільготнае глебы, водарам балотаў, танцам аголеных дрэваў, а таксама невыноснай тугой, такой жа, як у народных сьпевах з Палесься. Re1ikt паспрабаваў стварыць на той жа тэрыторыі новы эпас, новы міт, але раптам страціў свайго галоўнага лірычнага героя.

10. Hum Flying Bulletproof Noodle "Tape" – слухаць

Альбом Hum Flying Balletproof Noodle таксама з разраду засвойваньня беларусамі новых формаў. Музыкі стварылі дзіўнаватае санлівае каралеўства ў межах невялікага кватэрнага пакою. Іх сястра – ляканічнасьць. З мноства дэфініцыяў у адносінах да стылістыкі HFBN найлепш бадай падыходзіць "каталіцкі рамантызм", хаця самі музыкі могуць з тым не пагадзіцца. Гэты тэрмін ужываюць да некаторых ірляндзкіх гуртоў. Відавочна, што музыка HFBN вельмі паўночная, схаваная ад маразоў і завей ва ўтульны прыстанак. Іх манаскія галасы, пазбаўленыя экспрэсіі й асабовасьці, пакорліва аддаюцца Божаму Провіду.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net