У межах праекта Experty.by мы любім казаць: "Добрай беларускай музыкі больш, чым прынята лічыць". Цалкам натуральна, што яна не абмяжоўваецца нават рэйтынгамі і рэцэнзіямі нашага сайта. У пацверджанне гэтага пазаштатны экспэрт Віктар Сямашка прапануе дадатковы топ-10 беларускіх альбомаў 2014, якія не трапілі ў асноўную сетку аглядаў Experty.by па стылістычных і іншых прычынах.
1. Leon Gurvitch "Remember Me" – слухаць
Альбом, які ніхто не чакаў. Тым больш ад беларускага рэзыдэнта ў Гамбургу. Назоў плыткі вельмі сымбалічны – Леона я цяпер ніколі не забуду. Толькі клявішы, жывыя клявішы… Хаця трэкліст даволі кантрасны. Аўтар вырашыў разбавіць, умоўна скажам, авангардова-імправізацыйныя нумары ў духу Сэсіла Тэйлара з калякінематаграфічнымі сэнтымэнтамі, дзе ён зьвяртаецца да акадэмічных клясыкаў – Шапэна, Саці й Камітаса. Магчыма за кошт такога кантрасту, зьмест хоць і доўжыцца болей за гадзіну, але не дазваляе стаміцца. Вельмі хацелася б пачуць цалкам імправізацыйны альбом Леона. Тым больш, наколькі ведаю, шмат менавіта такога, спантанна запісанага матэрыялу засталося па-за кружэлкай.
2. Zabelov Group "Secret session" – слухаць
Сэсія ў пустой канцэртовай залі праскае кансэрваторыі сапраўды атрымалася настолькі сакрэтнай, што ў Беларусі да нядаўняга часу яе мала, хто чуў. Беларуска-чэскі тандэм складаецца з акардэаніста Рамана Забелава ды бубнача Яна Шыкла. Дуэт дэманструе сумесь самых розных накірункаў – уплывы эмбіенту й даўнтэмпа, элемэнты джазу й этна. У іх музыцы бачацца складаныя, але менавіта натуральныя структуры, заснаваныя на цыклічнасьці, заканамернай рэгулярнасьці, розных відах сымэтрыі, самаадлюстраваньні, зьменлівым тэмпарытме. Узор фармуецца, як у дзіцячым калейдаскопе. Калі параўноўваць, то праект Zabelov Group блізкі па гучаньні да трыё Port Mone й да спачылага дуэту Gurzuf. Дарэчы, старэйшы брат Рамана Ягор Забелаў сярод іншага парадаваў летась выдатнай кампазыцыяй "9 крокаў".
3. Раса мечтателей "Сны кантрабасістаў" – слухаць
Адметна, што ў рэпэртуары гарадзенскае "Расы" шмат песень, аднак дэбютны альбом цалкам заняты імправізацыйнымі пьесамі. Гэта цыкаль каляровых імпрэсіяў. Клявішніца, флейтыстка й мастачка Дар’я Багаслова грае імпульсыўна, жарсна, неўтаймоўна, з падскокам. Атрымоўваецца музыка з падкрэсьлена жаноцкаю душой альбо, скажам так, авангард з чалавечым тварам. Вельмі пачуцьцёвая музыка, насычаная да бязьмернасьці й не бяз долі гіроніі. Варта заўважыць, што альбом стаўся вынікам падрыхтоўкі да жывога саўндтрэку – "Раса" аздобіла сваёй музыкай стужку "Die Puppe" ("Лялька") 1919 г. Публічны паказ фільму й рэпэтыцыйны прагон таксама выкладзеныя ў Сеціве.
4. Dead Frank "Under The Baseboard" – слухаць
Зь леташніх рэлізаў ад Dead Frank найбольш зачапіў "Under The Baseboard". Ад іншых гукасэсіяў менска-піцерскае фармацыі дадзеная адрозьніваецца наяўнасьцю двух саксафаністаў. Dead Frank – гэта візыт на самае гарадзкое дно, поўнае алькаголю й крыміналу. Расслаблена-важкі, індустрыяльна-паранайдальны джаз уяўляе сабой наўпроставае супрацьпастаўленьне рэстарацыйным мэйнстрымшчыкам. Дадаткова варта згадаць і ўласны праект беларускага сакс-радыкала Фрыда Самотнага Masque Noir, які выдаў летась канцэртовы альбом на бэльгійскім лэйбле Tape-Safe.
5. Guda "Вясельле" – слухаць
Самая беларуская музыка – гэта наш этнічны фальклёр. А адзін з элемэнтаў беларускага культурнага коду – традыцыйнае вясельле. Пэўна, самы ўскладнёны й дэталізаваны з народных абрадаў. Зразумела, чаму жаночы вакал-бэнд вырашыў прысьвяціць гэтай тэме цэлы альбом. Стылістычна й канцэптуальна Guda павярталася да сваёй першае кружэлкі "Абрадавыя сьпевы". Экспэрымэнты з электроншчыкамі, мэдывальшчыкамі й мэталістамі, з Кулінковічам і Вайцюшкевічам засталіся ў мінулым. Guda нібыта паднесла павелічальнае шкло да каляндарна-абрадавага кола й вылучыла адно канкрэтнае зьвяно, фрактал – сьвята вясельля, што само па сабе, як і ўвесь традыцыйны год, складаецца з мноства зьнітаваных этапаў. Адчуваецца, што матэрыял складаўся як мазаіка, як фотаздымкі з альбомаў розных сем’яў, што жылі ў розных мясьцінах. Як вядома, альбом запісваўся цягам 8 год. Памятаю, што ў адной з гукасэсіяў нават удзельнічаў Зьміцер Вайцюшкевіч. Безумоўна, гэтыя песьні варта ня столькі сузіраць з залі ці слухаць на дыску, колькі практыкаваць самім. То бок, папросту сьпяваць падчас вясельляў. Увогуле, судзячы па сьпевах, абрад вясельля, як і ўвесь традыцыйны каляндар, таксама закальцоўваецца: у апошнім нумары ўжо замужняя жанчына згадвае сябе маладую.
6. Essa "Няміга" – слухаць
Гэтая рэч была зьмешчаная 21 сакавіка мінулага году ў сацсетцы "Вконтакте" на старонцы Вольгі Дзядовік адным 32-хвілінным трэкам без назову. Цяпер яе можна паслухаць тут. Шматчастковая кампазыцыя ўяўляе сабой мінімалістычны сьпеўна-шумавы каляж, запісаны ў нізенькай хатцы на ўскраіне мястэчка Ракаў. Матэрыял гучыць насколькі авангардова, настолькі й архаічна, з поўным паглыбленьнем у дахрысьціянскую мінуўшчыну. Тодар Кашкурэвіч замяніў ім жа колісь рэканструяваную дуду на мэталічную бляху са смычком ды іншыя самаробныя інструмэнты. Голас Вольгі літаральна прабірае да костак. Сёлета альбом выйдзе на CD, і яго другой часткай стане ракаўская гукасэсія з мэтрам летувіскага джазу Петрасам Вішняўскасам.
7. Litvakus "Raysn" – слухаць
Дэбютнік квінтэту Litvakus ацанілі такія гранды клезмэру й авангарду як Джон Зорн і Фрэнк Лёндан. А я пад музыку Litvakus падарожнічаў летась на машыне – альбом апынуўся нібыта мапай, спадарожнікам, навігатарам па той самай схаванай у часе Jewish Belarus. Менчук Зьміцер Сьляповіч прывёз у Злучаныя Штаты матэрыял, які зьбіраў падчас экспэдыцыяў у Беларусі, і змусіў тамтэйшых музыкаў граць рыхтык беларуская местачковая капэля. Асаблівага тутэйшага калярыту дадала жалейка, зробленая тым самым Тодарам Кашкурэвічам. У адным трэку можна пачуць мяшанку адразу зь некалькіх моваў – беларускай, польскай ды ідыш. Таксама ў выпадку са Зьмітром вельмі цяжка адрозьніць традыцыйную рэч ад ягонай аўтарскай. Падумалася, што літвакі – беларускія габрэі розных часоў – выступаюць як культурныя амбасадары Беларусі. То бок, празь іх у іншых краінах даведваюцца пра існаваньне нашае.
8. Nikita Koma "Ecstatic" – слухаць
Звычайна сольныя працы гітарыстаў занадта фанабэрыстыя. Быццам бы яны хочуць табе нешта распавесьці, але насамрэч проста дэманструюць хуткасьць свайго маўленьня альбо віртуознае валоданьне фразэалягізмамі. Таму Nikita ўразіў зь першага ж трэку, як гітарыста, які нібыта напалову мутаваў у электроншчыка. Аўтар прапануе такія малюнкі, ад якіх ня хочацца адрывацца. Прытым, манера граньня абсалютна не назойлівая. Часам гэта гульня ў прог-рок з самім сабой. Часам можна ўявіць сабе інтуітывіста "Князя Мышкіна", якім шчыльна заняліся саўндпрадусар і прамоўтар. Дадамо, што Лявон Нарушэвіч ня выдаў у 2014-м ніводнага новага альбома пад лэйблам "КМ", затое зьявілася відэа беларуска-украінска-польскага праекту Liber Alles зь яго ўдзелам.
9. iDAiNET "Цветная цень" – слухаць
Поп-музыка з плянэты юных матэматыкаў. iDAiNET – адзін зь лепшых гуртоў Беларусі, з тых, што сьпяваюць па-расейску. Палітра бэнду – шырокая й нічым не абмежаваная, у лепшых віцебскіх традыцыях. Хлопцы граюць адначасова пісьменна, тэхнічна, наўмысна складана, але разам з тым лёгка, душэўна ды з гумарком. У іх творах шмат джазу, але ўласьцівая джазу непрадказальнасьць дасягаецца ня коштам імправізацыяў, а праз аранжавальніцкія хітрыкі ды выбрыкі – праз гульню з памерамі ды гармоніямі. З такім падыходам можна зрабіць цукерку зь любое, самае банальнае песьні. Іх другі за год альбом "Взлетай Скорей" уразіў менш – замест джазу стала больш дыскатэчнасьці.
10. Serdce "Timelessness" – слухаць
З усяго цяжкога матэрыялу, што мне давялося прапусьціць празь сябе цягам мінулага году, найбольш зьдзівіла Serdce. Іх чацьвертую па ліку плытку выдаў фінскі лэйбал Blood Music, адразу на CD ды на вініле. Канешне, Serdce мае замежныя аналягі, але ў Беларусі так ня грае ніхто. Дэз-мэтал зь бязладавым басам узрывае закасьцянелыя шаблёны як з боку мэталу, так і з боку джазу. Прытым, 9-хвілінныя вопусы складзеныя па правілах акадэмічнае школы, кампазыцыі знаходзяцца ў пастаянным руху, у пэрманэнтным ператварэньні. Разам з тым, агульнае ўражаньне ад мэталу ў мяне сфармавалася такое ж, як і ад рэпу, і ад электроннай музыцы – гэтыя кірункі неяк канчаткова зжываюць сябе. У іх няма разьвіцьця, зьменаў, новых ідэяў. Розныя музыкі запаўняюць амаль аднолькава, безасабова й бязрадасна адную й тую ж вузкую, расквадрачаную матрыцу.
P.S.: Вядома ж, што, акром LP, летась выйшла мноства найцікавейшых EP і SP альбо проста аўдыётрэкаў і відэазапісаў з канцэртаў, зьмешчаных у сацсетках. Пералічу некаторых з аўтараў без камэнтароў і спасылак, каб не ўскладняць працу рэдактару (гугліце!): "Ілюжан", Intelligency, Zui, "Кассиопея", Landau, Павал Аракелян, Pukstband, "Нагуаль", "Джына", Tanin Jazz, The Glitchhh, Haina, JazzDeGround, "Каля Нуля", "Бабэобі", Morph, Аляксандра Грахоўская, "Ягорава гара", E.V.A.N.D., Валеры Воранаў зь Міхеем Насарогавым. Сярод неардынарных праектаў году варта адзначыць сэрыю "гарадзкіх трыб’ютаў" ад лэйблу HAZE, відэаблёг "Музыка гарадзенскіх вуліц", фэстываль сучаснае музыкі й нямога кіно "Кінемо" й імпрэзу "Белая ноч альбо Ноч у тэхніцы бурымэ", што ладзіў музэй Азгура ў Менску.
Пра аўтара:
Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Аўтар і вядучы радыёпраграм "Новая зямля" (радыё Unistar, 2005-2009), "Кракатук" ("Радыё Рацыя", ад 2010). У 2001-2012 гадах – музыка гурта "Князь Мышкин", у 2004-2007 гадах таксама ўдзельнік гурта "Нагуаль", зараз працуе сольна. Аўтар паэтычных зборнікаў "Марыя S." (2006), "Rera" (2011).
Experty.by
Комментарии
9. iDAiNET - не знаю насчет
9. iDAiNET - не знаю насчет джаза, но мне кажется - и по арт-року достаточно сильно чувствуется... :)
джазавы
Найбольш джазавы іх альбомчык завецца "Балет" (2011) - найцікавейшы зь іх дыскаграфіі :)
Беларускі нефармат
Сардэчная падзяка Віктару за інфармацыйную падтрымку цікавых і моцных музычных праектаў!
удакладненьне
усё ж быў у "Мышкіна" альбом у 2014 г., дуэтам з Банкерам - http://h-a-z-e.org/archives/3501#.VVJESZCFvct