Илья Малиновский о диске группы BosaeSonca: "Альбом натуральна адкідае ў сярэдзіну-канец 90-х гадоў, калі з’явіліся такія шэдэўры, як "Fake Plastic Trees", "Street Spirit", "Karma Police", "Paranoid Android", "No Surprises", "Creep" нарэшце. ".
Як ні вярці, але агляд трэба пачаць з прызнання ў зычлівым стаўленні да музыкаў гурта BosaeSonca, менавіта не да творчасці, а да іх асобаў. Прычым, гэтае прыязнае стаўленне народжанае ніадкуль, бо нельга сказаць, што мы неяк сябруем, ці мелі колькі начных адкрытых гутарак "за жыццё"...
Дэбютнік "Zalaty" толькі ўмацаваў гэтую першапачатковую прыхільнасць, хоць і пакінуў месца для абмеркавання. Пачынаецца альбом са струннага інтра, якое дакладна перадае настрой усёй пласцінкі. Першая ж песня "Адпусці" нібыта выцякае з яго, і далей усе 11 трэкаў альбома льюцца суцэльнай плынню. Складана сказаць, ці BosaeSonca адмыслова падганяла адно да аднаго заканчэнні і пачаткі песень, але часам здаецца, што так і было, бо пераходаў з трэка на трэк натуральна можна не заўважыць.
"Zalaty" натуральна адкідае ў сярэдзіну-канец 90-х гадоў, калі з’явіліся такія шэдэўры, як "Fake Plastic Trees", "Street Spirit", "Karma Police", "Paranoid Android", "No Surprises", "Creep" нарэшце. Адчуванне, што ўсё гэта ўжо было ў старога Radiohead, не пакідае амаль усе 40 хвілін гучання альбома. За выключэннем некалькіх згадак "Торбы на кручы", як, напрыклад, песня "Люблю", дзе чуецца "Не псих".
Але самае цікавае, што падабенства гэтае выключна ў падачы, у манеры выканання, надрыўнасці і тужлівасці песень. Такой жа багаты малюнак бас-гітары, тыя ж рваныя гітарныя рыфы ды вакальныя гульні з павольнымі пералівамі ды выхадамі на фальцэт. Але сказаць, што песні альбома "Zalaty" падобныя меладычна на песні, напрыклад, "Ok Computer" – нельга.
Лідар гурта Алесь Кот-Зайцаў пераконвае, што з творчасцю брытанцаў не вельмі знаёмы, што толькі цяпер пачаў уважліва да іх прыслухоўвацца. "Гэта выпадковасць, – кажа ён. – Было жаданне зрабіць нешта заходняе мэйнстрымавае, а што атрымалася, то атрымалася". А атрымалася насамрэч вельмі моцна і прыгожа. Нягледзячы на ўсе ўзніклыя паралелі, можна сказаць, што гучыць BosaeSonca з разынкаю, запамінальна і пазнавальна.
Прычым, вялікую частку гэтай разынкі стварае струннае трыа ды гукі баяну. Баян увогуле ў гэтым выпадку – сапраўднае вынаходніцтва. Зноў жа, звяртаючыся да словаў лідара гурта, гэты інструмент з’явіўся, бо не ўмеюць музыкі працаваць з камп’ютарнымі гукамі ды рознымі фільтрамі-прымочкамі, а баян іх замяняе. Выдатна! Хочацца параіць музыкам увогуле камп’ютар не ўключаць, каб не згубіць фішачкі, не пераўтварыцца ў "як усе".
Смела можна казаць пра тое, што кожная песня "Zalaty" вартая таго, каб стаць хітом. Але сярод іх моцна вылучаюцца "Адпусці", "Не спі", песня што дала назву альбому "Золатам" ды ўжо вядомы трэк "Зіма". І замест P.S. хацелася б параўнаць уражанне ад дыску з сітуацыяй, у якую часам трапляюць школьныя настаўнікі. Вось хочацца паставіць вучню 10, але гэтая адзнака патрабуе пашыраных ведаў, больш чым у падручніку… Трэба ставіць 9, але адказ жа быў такі выдатны… Так і з дэбютнікам BosaeSonca – выдатны матэрыял, выдатнае выкананне, аранжыраванне, эмоцыя… але нібыта гэта ўжо было.
Оценка: 9 из 10
Прочитать рецензии "штатных" экспертов на этот альбом, ПОСЛУШАТЬ ЕГО и поставить свою оценку вы можете здесь
Источник публикации – "Еврорадио".
Об авторе:
Журналист и в душе музыкант. Родился в 1983 году в г.София Республика Болгария, так случайно получилось!) С четырёх лет изучал музыку в минских дворах. Не без приключений закончил Факультет искусств, специальность журналистика Института современных знаний. С 2002 года работал радио-ведущим на станциях "Мир", "Минск", "Мелодии Века", последние 6 лет работает музыкальным корреспондентом на "Еврорадио". В настоящее время пытается петь в группе, которая выступает под разными названиями!)