Радиоведущий и журналист Виктор Семашко о новом альбоме Владимира Зайченко: ""Кот в мешке" – таксама з часоў 30-гадовае даўніны. Праца вельмі асабістая, настолькі замкнёная ў сабе, што й рэцэнзаваць няма чаго".
Хатняе музыкаваньне – асобная вобласьць у айчынным андэрграўндзе. Самая непадкантрольная й непрадказальная. У суседніх кватэрах могуць адначасова працаваць бліскучы геній і хваравіты графаман, не ведаючы нават пра існаваньне адзін аднаго й мала каму распавядаючы пра свае заняткі.
Хатнія аўтары – самыя самотныя й самыя свабодныя творцы. Аднак, іх рэчы могуць быць як звышавангардовымі, вынаходлівымі, унікальнымі ў межах цэлага сьвету, так і сьціплымі, наіўнымі, шаблённымі й ня вартымі ўвагі.
У сфэру хатняе творчасьці ўваходзяць прадстаўнікі розных пакаленьняў: ад тых, каму за 60 (першыя рок-н-рольшчыкі Яўген Канавалаў, Сяргей Молеў, Андрэй Тарасаў), да больш маладых таварышаў (Міхал Рубін, Moya, гурт "Мяtnа" ды шмат інш.). Старыя робяць апору на гітарную музыку, маладыя на праграмаваньне.
Часта кватэрныя кампазытары ствараюць вакол сябе мноства віртуальных сяброў і праектаў, пішуць альбомы сэрыямі й тамамі, забіваюць памяць кампутараў і паліцы. Многія з гэтых запісаў зьнікаюць у прасторы, так ня кім і не пачутыя. А некаторыя, у выглядзе вялікага выключэньня, афіцыйна выдаюцца аўтарытэтнымі лэйбламі. Так сталася й з альбомам Уладзімера Зайчанкі.
Меў магчымасьць сядзець зь ім калісьці за адным сталом, слухаць бясконцыя байкі й анэкдоты пра музыкаў, потым граць на адной сцэне ў складзе "Князя Мышкіна". Уладзімер пакінуў уражаньне хутчэй рок-дзеяча, чым рок-песьняра. Потым яго імя часта ўзьнікала ў прыватных размовах. То спадар Зайчанка з дапамогай Лявона Нарушэвіча пераводзіць у лічбу дзесяткі сваіх альбомаў. То Зьміцер Лук’янчык распавядзе, як зайшоў да Ўладзімера ў госьці й быццам апынуўся ў музэі. "У гэтай кватэры быццам застыў час на мяжы 70-80-ых. Шпалеры, мэбля, апарат, інструмэнты – усё адтуль", – прыкладна так казаў Зьміцер. Гэта таксама, відаць, уласьцівасьць самотнае хатняе творчасьці – кансэрваваць час сваёй маладосьці.
"Кот в мешке" – таксама з часоў 30-гадовае даўніны. Праца вельмі асабістая, настолькі замкнёная ў сабе, што й рэцэнзаваць няма чаго. "Ветер жизни" з дудукам… За бубнамі – "віртуальны сябар" Mr.Boss… Падлеткавая паэзія… Спробы жартаў тут маюць адваротны эфэкт. Становіцца шкада, але невядома чаго. Разам з тым, адчуваецца, што аўтару падабаецца тое, што ён робіць, ён атрымоўвае свой уласны кайф, не спадзеючыся на грошы й славу – і гэта выдатна! Але ў такім выпадку любыя адзнакі звонку страчваюць сэнс. Ці варта перашкаджаць чалавеку сваімі заўвагамі?
Ня буду паўтараць усё тое, што сказалі "штатныя" экспэрты. Згодны са Зьмітром Безкаравайным – калі стылістыку Зайчанкі давесьці да поўнага абсурду, вынік выглядаў бы куды займальней. Задаткі таму ёсьць. Узяць хаця б опус "Слоны и Блины".
Напрыканцы хацеў бы зазначыць, што, навогул, музЫка ў Беларусі – галоўны аб’ект ганьбы. Так атрымоўваецца. Зь няшчаснага музыкі зьдзекуюцца крытыкі, публіка, улада, прадусары, бандыты, калегі па цэху. У такіх варунках працягваюць працаваць ці то самыя нахабныя, ці то тыя, хто адчувае неабгрунтаваную значнасьць сваіх высілкаў. Хтосьці кідае справу, хтосьці замыкаецца на непублічнае хатняе творчасьці. Кожны сублімуе па-свойму. І Бог нам усім судзьдзя.
Оценка: 3 из 10
Прочитать рецензии "штатных" экспертов на этот альбом и поставить диску свою оценку вы можете здесь
Об авторе:
Музыкант, журналист, поэт. Родился в 1980 году в Минске. Учился в музыкальных школах (фортепиано, гобой). Впервые вышел на сцену в 1998 году в составе музыкально-поэтической формации "Кузнец и Семаня". С 2001 года играет в самодеятельном ансамбле интуитивной импровизации "Князь Мышкин". Параллельно с 2004 по 2007 год сотрудничал с группой "Нагуаль". В 2002 году окончил факультет журналистики БГУ. С мая 2005 по октябрь 2009 - автор программы о белорусской музыке "Новая зямля" на радио "Unistar". В 2006 году издал книгу собственных стихов "Марыя S.".
Комментарии
пажаданне
З рэцэнзіі зразумеў: беларускім музыкам (а мо і ўвогуле беларусам) трэба быць больш адкрытымі і нахабнымі, мець вельмі шырокае пачуццё гумару,і быць меньш сентыментальнымі
Як гаварылася ў адным такім вядомым часопісе--ПАБОЛЕЙ ЖЫЦЦЯ!