Пасьля сыходу бубнача з гурта Tarpach вырашыла пайсьці і вакалістка Вольга Самусік. Пра прычыны сыходу сьпявачка распавяла "Тузіну Гітоў": "Гэта пакуль яшчэ для мяне самой вельмі неверагодна. Калі б запыталіся пра такую магчымасьць яшчэ некалькі месяцаў таму, я бы сказала, што такога проста ня можа быць. Але цяпер дакладна ў "Tarpach" больш не сьпяваю".
Вольга кажа, што менавіта сыход бубнача Аляксея Яфрэменкі быў для яе каталізатарам. "Для мяне самой яшчэ нядаўна такая думка падавалася неверагоднай, але цяпер мушу сказаць дакладна, што ў Tarpach больш не сьпяваю". Вольга кажа, што пакуль ня вырашыла, чым далей будзе займацца, але ў музыцы яна хоча застацца: "Безь яе сваё жыцьцё не ўяўляю, таму калі ёсьць прапановы — гатовая іх разгледзіць".
Гітарыст Tarpach Зьміцер Астапук кажа, што сыход Вольгі аніяк не паўплываў на графік репэтыцыяў гурта. І тым больш музыкі і ня думалі разыходзіцца. "З намі грае новы бубнач, рэпэтуем два разы на тыдзень. Вось цяпер шукаем дзяўчыну-вакалістку, так што запрашаем ахвочых на праслухоўваньне".
Па згодзе абодвух бакоў, песьні, напісаныя Вольгай Самусік падчас яе ўдзелу ў гурце, застануцца ў рэпэртуары Tarpach.
На пачатку 2006 году з гурта сыйшла першая вакалістка — Сьвятлана Сугака, зь якой гурт здабыў перамогу на "Басовішчы-2004".
Тэкст: "Тузін гітоў"
Фота: Tarantino, "Еўрарадыё"