Беларускі тэхна-музыкант Аляксей Усіновіч выдаў першы альбом свайго новага праекту Apex Sphere. Рэліз "O.S.T." складаецца з дзевяці трэкаў, якія спалучаюць індустрыяльную эстэтыку з дып-тэхна атмасферай.
Музыкант, вядомы сваімі лайв-выступамі на імпрэзах суполак Euthanasia, Grave Board Clan і Force Carriers пад імёнамі S4DS і Alexe Sfourds, кажа, што новы праект мае мэтай даследваць больш механістычныя і бескампрамісныя плыні тэхна.
– Альбом "O.S.T." прыйдзецца даспадобы і аматарам сучаснага еўрапейскага дысанантнага тэхна, і прыхільнікам "дэтройтскай" sci-fi класікі. Але ж перадусім гэта музыка індустрыяльнага Мінску. Вялікі ўплыў на маё тэхна аказвае сталічная прамысловасць – сваім нойзамі, дронамі і рытмамі, – кажа Аляксей, які нарадзіўся ў Навагрудку, а цяпер жыве ў раёне трактарнага і электра-тэхнічнага заводаў.
Альбом Apex Sphere "O.S.T." выйшаў на лэйбле Force Carriers, які з 2012 выдае беларускае тэхна і электра. Скачаць рэліз бясплатна альбо купіць можна на Bandcamp старонцы лэйбла.
Текст: Вячеслав Радионов, Ultra-Music