О проекте

Дзмітрый Падбярэзскі: асабісты топ-10 беларускіх альбомаў за 2017 год (+аўдыё)

 

Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы, сузаснавальнік Experty.by. У музычнай журналістыцы з сярэдзіны 70-х. Суаўтар кнігі "Толковый словарь терминов популярной музыки" (1994, 1999), аўтар ідэі і складальнік "Энцыклапедыі беларускай папулярнай музыкі" (2008), адзін з кіраўнікоў лэйбла Dzida Music (з 2011), намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Мастацтва" (з 2014).

Мушу яшчэ раз паўтарыць тое, пра што казаў падчас цырымоніі. Год 2017 падкінуў мне не вельмі радасныя пачуцьці. Прычынай таму найперш хіба тое, што як ніколі раней сярод рэцэнзаваных праграм было шмат (умоўна кажучы) "новай музыкі", якая ў мяне асабіста не выклікала аніякіх эмоцый – ні адмоўных, ні станоўчых. Было шмат эксперымэнтаў, аднак, такое ўражанне, што яны так і засталіся "недапечанымі", калі імкненьне ЯК выказацца пераважала магчымасьці ШТО належыць сказаць. Імпэт выказваньня панаваў над думкай і, прабачце, кампазытарскімі, аранжавальнымі магчымасьцямі.

Канешне ж, сваю ролю адыгралі і ўзроставыя катэгорыі. Шаную музыку, але ня моду. Мабыць, менавіта таму ў маю дзясятку патрапілі збольшага тыя праграмы, дзе музыка, мелодыя дый майстэрства выказваньня былі на першых пазыцыях. Нават Blaine Rohmer, хоць і не зьяўляюся вялікім прыхільнікам цяжкага жанру. Тым ня менш…

І трэцяя, бадай, прычына агульнага расчараваньня з нагоды 100-годдзя рэвалюцыі. Канешне ж, сказалася і адсутнасьць новых запісаў тых каманд, якія ўжо трывала сьцьвердзілі сябе на айчыннай сцэне. На вольнае месца імкліва ўварваліся маладыя, што цалкам натуральна, і прыцягнулі за сабой новае пакаленьне спажыўцоў новых музычных прапаноў, сярод якіх я, прызнацца, пачуваюся ня надта ўтульна. Таму ў год 10-годдзя сайту мне найперш хацелася пачуць нечага дастаткова простага, але з галавой зробленага, увасобленага з дакладным разуменьнем што і да чаго рабілася. Без азіраньня на моды і прыхільнасьці публікі, а найперш дзеля таго, каб музыку адчуць найперш у самім сабе.

1. Yegor Zabelov Trio "The Rose Festival" – слухаць

Адзіны альбом, якому я выставіў максімальны бал. Тут усё як мае быць: і ідэя, і кампазыцыйныя вырашэньні, і прафесыйнае ўвасабленьне. Цалкам эўрапейскага ўзроўню праграма, якая дарэчы будзе і ў нятанных клубах, і ў намоленых камэрных залях, якія ў дачыненьні да гэтага трыё куды больш прэстыжныя, чым стадыёны.

2. Tonqixod "Колер, якога няма" – слухаць

Тут, магчыма, у нечым спрацавала і пэўная мая інэрцыя мысьленьня. Хоць у параўнаньні з дэбютнай праграмай "Колер" выглядае больш узважанай, адпрацаванай. Хіба што аднаго нейкага больш лёгкага (не, ня шлягера!) нумару мне тут не хапіла. Тым ня менш падалося, што музыкі трыё сапраўды сказалі ўсё, што маглі і хацелі. Ці не таму абвесьцілі аб перапынку? Думаю, паўза і сапраўды будзе дарэчы…

3. Стары Ольса "Вада, хмель і солад" – слухаць

Гадоў з 20 таму ўжо былі распрацаваныя ідэя і зьмест падобнай праграмы, базавым калектывам для якой павінен быў стаць "Палац". Ну, вядома ж, што ідэі лунаюць у паветры і нікуды не зьнікаюць. "Стары Ольса" недзе падхапіў ідэю праграмы застольных песень і цалкам прыстойна яе ўвасобіў. Адзінае, што крыху мяне тармазнула: а наколькі ўсё ж такі шляхетныя аранжаваньні песень прымусяць адгукнуцца радавога аматара добра выпіць ды закусіць? Ці пераб"юць творы гэтага альбому навязьлівыя шлягеры кшталту "Цячэ вада ў ярок"?

4. Brutto "Рокі" – слухаць

Безумоўна, гэтую каманду найперш неабходна бачыць, а ня проста слухаць. Гук і відэа ў Brutto суіснуюць неадрыўна, і высокая пазыцыя альбому ў маім сьпісе прадыктаваная ў першую чаргу ўражаньнямі ад жывога выступу акустычнага, камэрнага складу каманды, што я ня так даўно пачуў, але які тым ня менш гваздаў неймавернай энэргетыкай. Пры гэтым не магу залічыць сябе ў апантаныя прыхільнікі Brutto. Парадокс? Сам таму дзіўлюся…

5. CherryVata "Daybreak" – слухаць

Памятаецца, нехта напісаў, што цяперашняя салістка групы дрэнна сьпявае. Ну, каб гэтак дрэнна сьпяваць, варта было атрымаць акадэмічную опэрную адукацыю, ага. Да таго ж, Кацярына Штырц запомнілася мне па складу арыгінальнага кавэр-бэнду "Пячэнькі", які вой як ліха выконваў рок-хіты! CherryVata тым часам запісала (-аў?) добра збалансаваную праграму, у якой уласна электроніка зьяўляецца падмуркам цэлага, а не заяўляе пра сябе як адзіна кіруючы сродак выказвання. А калі падчас канцэртаў да бэнду далучаюцца яшчэ й жывыя барабаны, дык усё наогул становіцца на належныя месцы.

6. Нагуаль "Землемер и Чипполино" – слухаць

Для мяне самае истотнае ў гэтай праграме тое, што "Нагуаль" робіць сваю музыку на ўласнае задавальненьне і абсалютна не падобна на няхай сабе і самыя эксперымэнтальныя пошукі калег па сцэне. А яскравага індывідуальнага выказваньня ў айчыннай музыцы, згадзіцеся, ня так і шмат…

7. Ulyanica "Вясна" – слухаць

Некаторыя хібы дэбютнага альбому ў гэтай праграме прысутнічаюць. Галоўны зь іх для мяне ў тым, што Ulyanica пайшла спрошчанай, пратаптанай ужо неаднойчы і многімі дарожкаю, заснаваўшы рэпертуар на даўно вядомых і зайграных мэлёдыях (прыкладам, той жа "Vuraj" такую небясьпеку разумеў ад пачатку). Ульяна Гедзік на цырымоніі са мной пагадзілася, сказаўшы, што для другой плыткі адшукае песьні з тых краёў, дзе яна нарадзілася. Што ж да агульнага музычнага рашэньня, дык мне падалося, што музыкі спыніліся недзе пасярэдзіне: джазавы акцэнт мог быць ня тое што больш моцны, а хіба больш мэтанакіраваны, з большых націскам менавіна на інструмэнтальную частку. Гэта выдатна прадэманстраваў Канстанцін Гарачы, у дуэце зь якім Ульяна і выступіла сёлета на пачатку цырымоніі ўзнагароджаньня.

8. Irdorath "Wild" – слухаць

Годная ўвагі праграма, у першую чаргу ў сэньсе гукавой арганізацыі цэлага. Дый агульнай арганізаванасьці ў параўнаньні з папярэднімі альбомамі тут значна больш. Безумоўна, можна сьмела сцьвярджаць, што гэтая група полістылістычная, што, як ня дзіўна, я асабіста не разглядаю як пэўны недахоп. Цалкам магчыма, што такі прынцып і дазваляе каманьдзе пачувацца куды больш вольна падчас аранжавальных вырашэньняў. Хоць і некаторыя "міны" тут прысутнічаюць...

9. Blaine Rohmer "Promise Of Autumn" – слухаць

Усе хіба ведаюць, што я не вялікі прыхільнік такой музыкі. А тут нечакага мяне нешта добра такі зачапіла. Ажно дагэтуль спрабую разабрацца, што ж менавіта? Канешне ж, у першую чаргу ладны мэлядычны падмурак, дзякуючы чаму цэлае пазьбягае небясьпекі зрынуцца ў гвалтоўны "чос". Другі фактар – гэта моцная стылёвая зьнітаванасьць. Падумалася: калі тую музыку стваралі два-тры чалавекі, дык хіба кожны хоць крыху, дый імкнуўся б пацягнуць "коўдру" на сябе. Тут жа ўсё "намаляваў" адзін чалавек. Мо таму ягоны аўтарскі пасыл і зачапіў.

10. Nizkiz "Синоптик" – слухаць

Па першым праслухваньні падалося, быццам гэтая праграма атрымалася крыху аднастайнай, што ў ёй не хапае хоць бы аднаго ўдарнага нумару. Аднак паўторнае праслухваньне паказала, што такія нумары ў "Сіноптыку" ўсё ж прысутнічаюць. Гэта і "Небяспечна", і загалоўны трэк. Нягледзячы на даволі спакойны лад гэтых, дый іншых песень, "удар" яны ў сабе нясуць. І ён хутчэй сэнсавы, а не рытмічны, ён збольшага прыхаваны, чым знарок акцэнтаваны. Вельмі добрая, годная ўвагі праграма, здольная зацікавіць нават дастаткова далёкіх ад року людзей.

Experty.by


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net