О проекте

Філ Чмыр – інтэрвію з бадуна

 

Лідэр Drum Ecstasy Філ Чмыр даў інтэрвію для "Тузіна Гітоў" з бадуна і распавёў пра новы альбом, які ён лічыць непаўнавартасным, ды пра саўндтрэк да расейскай стужкі "Самый лучший фильм", якую ён называе поўным лайном, а таксама адкрыў таямніцу, што на замежных гастролях гурт пазыцыянуе сябе, як "піцерскі".

– Давайце пагутарым пра вашу кружэлку "Слушать громко"…

– Гэта не кружэлка, гэта проста пяць песень.

– Але зь іх жа выйшаў альбом.

– Альбом непаўнавартасны, проста пяць трэкаў, 25 хвілінаў. Будзем лічыць, што гэта першая палова нашага апошняга альбома.

– Якое тады значэньне мае выданьне гэтых кампазыцыяў. Няўжо нельга было пачакаць ды запісаць альбом цалкам?

– А навошта? Вясна, выдатны настрой, пяць трэкаў гатовыя, вось яны ў інтэрнэце. Будуць гатовыя яшчэ чатыры і адзін да фільму, выкладзем таксама.

– Які агучылі фільм гэтым разам?

– "Самый лучший фильм". Фільм – лайно. Кавалак, якім нам давялося агучыць, там дзе яны ганяюць на машынах па горадзе. Я, акром гэтага моманту, наогул фільм ня бачыў.

– Чаму такая назва рэлізу – "Слушать громко"?

– Калі мы рабілі першы майстэрынг, то заўважылі, што калі ён слухаецца ціха, то ня надта ўрубае. Таму вырашылі назваць "Слушать громко", каб слухач адразу разумеў, што ўставіць музыка толькі на гучнасьці. Потым наш саўндпрадусар зьмяніў гукавую канцэпцыю, зьявіліся новыя кампрэсары, і трэкі сталі добра слухацца і на ціхай гучнасьці. Але ж назву пакінулі ўсё адно.

– Што ў вас за інструмэнт даволі незвычайнага выгляду?

– Гэта бас-гітара, звычайная бас-гітара Honor, а выглядае яна так, як павінны выглядаць усе інструмэнты – анічога лішняга. Ніводнага лішняга кавалка дрэва. Унутры стаяць ролікі, выдатна трымаюць лад, я настрайваю гітару два разы на год, яна можа ў мяне ўпасьці са сцэны, але не разладзіцца.

– Вы шмат граеце за мяжой. Тамака пазыцыянуюце сябе, як беларускі гурт?

–Так, мы беларускі гурт. Калі маркетолягу неабходна лепш прадаць, тады мы беларускі гурт зь Піцера. Такія выпадкі здараюцца, бо Піцер куды лепш раскручаны, шмат грошай у яго ўкладзена. Таму калі мы выступаем, напрыклад, у Нямеччыне, мы ня мусім быць маскоўскай, менскай ці кіеўскай групай. Мы павінны быць гуртом з Санкт-Пецярбургу. Тады на нас прыйдуць. Таму неаднакроць мы пісаліся, як "Санкт-Пецярбург/Менск".

– Якая на ваш погляд цяперашняя сытуацыя ў беларускім андэграўндзе?

– Скрушная, бо маем дзікую колькасьць таленавітых гуртоў. Але ёсьць праблема. І праблема на рынку збыта. Склады перапоўненыя, кропак продажу няма. У нас няма фэстаў, у нас няма клюбаў, няма цэнтраў, дзе гэтыя людзі маглі бы граць. Не рэпэтаваць, а менавіта пракатваць канцэрты. Натуральна, што ў сувязі з гэтым няма навыку граць, ад таго ўсе так доўга запісваюцца.

– Ці ёсьць каманды, зь якімі хацелася бы пасупрацоўнічаць?

– Мы ўвесь час у супрацы зь некім. Мы працавалі са Зьмітром Лук’янчыкам з колішняй "Троіцы". У нас быў добры праект. Ён і застаецца, як толькі попыт будзе – адновім яго. Хацелася бы нечага зрабіць з Паўлам Аракелянам. Асабіста мне яшчэ з кімсьці ня хочацца. Можа хлопцы лічаць па-іншаму.

– Якія пляны на лета?

– Аніякіх. Ані тураў, ані канцэртаў. Мы прафукалі час, сядзелі з запісам і таму ўсе фэсты мы ўпусьцілі. Маем прапанову наведаць Каўказ у чарговы раз, чакаем канчатковага адказу. Натуральна, некалькі расейскіх канцэртаў таксама плянуецца. Цяпер час чаканьня. У самой Беларусі надта маленькі рынак, таму мы цяпер на яго не арыентуемся, нас цікавяць бліжэйшыя краіны – ЭС, Расея, Украіна. Але тое ня значыць, што мы не патрыёты, проста там болей грошай. А грошы дазваляюць рабіць музыку далей.

– На якую мэтавую аўдыторыю разьлічваеце?

– На дадзены момант гэта людзі сталыя, тыя, каму на канцэрце патрэбны столік, салідная барная стойка. Плянуем працаваць з моладзьдзю, але яна нас ня ведае.

– Што з вашым шоў? На прэзэнтацыі "Слушать громко" яго не было.

– Ды яно мяне дастала ўжо! Тысячу даляраў плаціце ў Беларусі, тры з паловай за мяжой. Будзе вам шоў, будзе піла. Не – дык нічога ня будзе.

Як потым выявілася, у Філа бадун быў несапраўдным. Ён ня піў, але паўночы сядзеў у кампаніі з украінскімі калегамі. Кажа, што стан ап’яненьня нейкім дзіўным чынам перадаўся ад кагосьці з тых, хто піў.

Тэкст: Алесь Лукашоў
"Тузін гітоў"

Drum Ecstasy

Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net