О проекте

The Road Dogs запісваюць новы альбом на імянных гітарах (+фота/+відэа)

 

Сталічны блюз-рок калектыў The Road Dogs распачаў запіс другога паўнафарматнага альбома. "Еўрарадыё" паназірала за запісам партый гітарыста Вадзіма Галіўліна і гітарыста-вакаліста Сяргея Склярава для песні "Waiting For the Wind", якую напісаў амерыканскі сябра музыкаў Майкл Ворд.

"Апроч таго, што Майкл пратэстанцкі пастар, ён яшчэ і музыка, калекцыянер гітар, аматар Harley Davidson, карацей наш чалавек, – перабіваюць адзін аднаго музыкі. – Ён пераможца нейкага там конкурсу аўтарскай песні ў Фларыдзе, адпаведна, вядомы ў вузкіх колах чалавек, акурат як і The Road Dogs. Дык вось, ён сапраўды вельмі класны кампазітар. Ён дазволіў нам аранжыраваць і выканаць яго песню, праўда, не ведае, калі гэта будзе рэалізавана. Плануем зрабіць для яго сюрпрыз".

На новым альбоме будзе не менш за 10 трэкаў, не больш за траціну з якіх будуць каверы на вядомыя блюзавыя творы. Музыкі не выключаюць, што ў сваіх пласцінках зробяць традыцыйнай песню на вершы каго-небудзь з класікаў беларускай літаратуры. Дарэчы, варыянт купалаўскага "Я мужык беларус", які быў запісаны для дэбютніка, хутка выйдзе на складанцы "Паэты жывуць у песнях".

За 5 гадоў існавання, The Road Dogs паспелі выпрацаваць пазнавальнае гучанне і стылістыку, перакананыя музыкі, таму казаць пра кардынальныя змены на новым дыску не даводзіцца. Але агулам, калі параўноўваць з дэбютнікам, ён будзе больш цэласны і больш аб’ёмны па гучанні.

"Напэўна, мы цяпер засталіся адзіным блюз-рок-гуртом у Беларусі, які грае ў складзе: бас і тры гітары, – усміхаецца гітарыст і вакаліст гурта Сяргей Скляраў. – То бок, мы становімся падобнымі на Lynyrd Skynyrd, з той розніцай, што ў нас не хапае грошай на добрага вакаліста і таму даводзіцца спяваць мне!) Так што, зыходзячы толькі з трох гітар, гук атрымліваецца вельмі шчыльны".

Не так даўно The Road Dogs цалкам змянілі рытм-секцыю: на змену першым бубначу і басісту, якія з’ехалі за мяжу, прыйшлі Святаслаў Чарнуха і Яўген Сцяпанаў, адпаведна. А ў якасці трэцяга гітарыста далучыўся Георгій Станкевіч. Гэтае "трыа" калісьці складала касцяк гурта Blues Ground – адкрыцця фестывалю "Блюз жыве ў Мінску-1997".

"Нават стары матэрыял цяпер гучыць зусім інакш, і нам даводзіцца неяк да гэтага прызвычайвацца, – працягвае агучваць новаўвядзенні гітарыст Вадзім Галіулін. – Слава Чарнуха, напрыклад, як танк, як такая прафесійная машына. З ім ты разумееш, што твае тылы надзейна закрытыя, але даводзіцца вельмі шмат працаваць на рэпетыцыях. Працаваць менавіта над сабой, над рытмічнасцю і г.д. Ну, і Uncle George, як мы называем Георгія Станкевіча, таксама вельмі шмат уносіць у аранжыроўкі, ускладняе іх".

Запісваюцца гітарысты на новых інструментах, якія адмыслова для іх стварыў беларускі майстар Андрэй Школік (Svet Guitars). Музыкі па чарзе просяць сфоткаць іх з гітарамі так, каб быў заўважны надпіс на грыфе: "Roadcaster" ды "The Road Dogs Burncaster".

"Я вельмі задаволены інструментам, і цяпер не гатовы сказаць, што калі-небудзь яго прадам, – тлумачыць такія паводзіны Сяргей Скляраў. – Трэба, каб мяне вельмі заціснула, каб я яго прадаў. І прычына не толькі ў тым, што гітара называецца Roadcaster, яна будзе асацыявацца з нашым гуртом і яна сапраўды гучыць! А калі ўсё ж давядзецца прадаваць, то традыцыйна яе набудзе Вадзім і гітара з гурта не сыйдзе".

Бліжэйшым летам музыкі плануюць актыўна выступаць на ўсіх магчымых фестывалях Беларусі і замежжа. Дарэчы, цяпер The Road Dogs толькі складаюць графік і з задавальненнем разгледзяць любыя прапановы. Ну, а альбом з працоўнай назвай "№2" выйдзе не раней за восень, але дакладнай даты пакуль не вызначана.

Тэкст: Ілля Маліноўскі, Еўрарадыё
Фота: Еўрарадыё

The Road Dogs

Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

 
 
Developed by Lynxlab.net