Мінскі рок-гурт Re1ikt вярнуўся Польшчы, дзе ў Studio-X у Ольштыне працаваў над новым альбомам. Цягам тыдня музыкі запісалі 14 новых песень для наступнага дыска, сярод якіх будзе некалькі апрацовак беларускіх народных спеваў. У працы над некаторымі творамі паўдзельнічаў і ўладальнік студыі вядомы польскі прадзюсар Марцін Кілбашэўскі.
“Мы доўга і скрупулёзна рыхтаваліся да запісу новай плыты: стваралі канцэпцыю альбому, аналізавалі аранжыроўкі, рабілі дэма-запісы, - распавядае лідар і бубнач Re1ikt Аляксандр Дземидзенка. - Нам удалося ўзбагаціць гучанне песень з дапамогай шматлікіх гітар і гітарных узмацняльнікаў, эфектаў, перкусійных і духавых інструментаў. Песні атрымаліся вельмі цікавыя і адначасова лёгкія для ўспрымання, меладычныя. Таму наша бачанне этна- і рок-музыкі, наш абноўленны стыль, абавязкова спадабаецца як даўнім прыхільнікам гурта, гэтак і новай аўдыторыі”.
Запіс на Studio-X гурт Re1ikt - узнагарода за першае месца на польскім фестывалі Rockowisko Hajnowka. Таксама беларускія музыкі атрымалі тады прыз глядацкіх сімпатый. Папярэдні альбом гурта Re1ikt “Рэкі прабілі лёд” выйшаў на лэйбле “Вігма” ў 2011 годзе. Рэліз новага альбому Re1ikt запланаваны на восень. Ён мае працоўную назву “Лекавыя травы”.