Штатны эксперт і сябра вялікага журы. Працуе ў банку, атрымлівае другую адукацыю ў галіне культуразнаўства (БДАМ). Ад 2012 вядзе музычны блог Broken CD. Пераможца народнага кастынгу маладых штатных экспертаў (2013).
Мінулы год выдаўся складаным, але цікавым. Па выніку, нічога кардынальна не змянілася, усё так жа рэдкі беларус слухае і ведае сваю музыку, а цяпер і даведацца пра яе навіны ўсё цяжэй. Аўдыторыя былога Ultra-music размылася паміж шматлікімі сайтамі пра ўсё на свеце, а ніша вялікага беларускага музычнага СМІ пустуе.
Гэта яшчэ больш яскрава дэманструе, што музыка ў нас жыве не дзякуючы, а насуперак створаным умовам. Яна выжывае на энтузіазме і самаадданасці асобных людзей, якія яе ствараюць, прасоўваюць, крытыкуюць і, галоўнае, слухаюць. Дзякуй вам усім за гэта! А выдатных альбомаў у 2016-м выйшла нямала, на любы густ знойдзецца:
1. True Litwin Beat "Ненужная правда о белорусах" – слухаць
Запіс году. Рэзкае, з'едлівае і дакладнае слова Пукста, пакладзенае на наўмысна ўтрыраваны хіп-хоп ад Бялова, стварае абсалютна дакладную галерэю партрэтаў сучасных беларусаў. Ад карцін смешна, балюча, маркотна і часам прыкра, але на тое гэта і праўда.
2. Shuma "Сонца" – слухаць
Другога альбома Shuma доўга чакаць не прыйшлося. І зноўку – у яблычак! На "Сонцы" няма таго драматызму і вытанчанасці "Жніва", ён больш прыкладны, але ад гэтага не менш круты. Дасканалы гук, ідэальныя галасы, тая ж магічная трансавасць дазваляюць растварацца ў музыцы і не шукаць недахопы. Хоць іх тут і няма, відавочна.
3. Лявон Вольскі "Псіхасаматыка" – слухаць
Складаны альбом ад беларускага самурая рок-музыкі. Вельмі асабісты, часам да болю адкрыты, ён дэманструе тое, што мы ўсе і так ведаем: "Вольскі – наша ўсё".
4. Грёзы Пафнутия "Сутра подсолнуха" – слухаць
Для гэтага альбома патрэбны час абсалютнага паглыблення ў музыку і паэзію. І тады ён забярэ з сабою і, магчыма, зменіць вас. Магчыма, назаўжды.
5. Петля пристрастия "Мода и облака" – слухаць
Найлепшы альбом года па сукупнасці рэйтынгаў для мяне не стаў найлепшым у дыскаграфіі "Пятлі". Найбольш чыстым і лёгкім для прачытання – так, найлепшым па гучанні – так, але таямнічай прыцягальнасці лірыкі тут ужо няма, ды й агульны настрой змяніўся. Пры гэтым альбом напраўду крэпкі, а "Груз" і "Автоматизм" варта дадаваць у тузін хітоў "Петли Пристрастия".
6. Mustelide "Spi" – слухаць
Другі альбом "электроннай прынцэсы" – вандроўка ў краіну cноў і мрояў. Вельмі стылёва зроблены, пластычны і летуценны, але ўжо не такі блізкі і кранальны. Якасны актуальны электра-поп.
7. Akute "Пластыка" – слухаць
Гурт у цудоўнай форме, і альбом гэта падцвярджае. У музыцы з’явілася энэргія, знойдзены баланс паміж попам і рокам. Тэксты, аднак, па-ранейшаму "фірмовыя" – з недастатковай дэталізацыяй, абстрактна-пачуццевыя, бедныя на лексіку і вобразы. Пры гэтым альбом здзіўляе, ён неідэальны, але падаецца, Akute выбралі правільны вектар.
8. Re1ikt "Куфар" – слухаць
Падалося, паспяшылі хлопцы з альбомам. Усё тут па-ранейшаму крута, акрамя падбора песень. Магіі "Лекавых траваў" няма, маем проста складанку трэкаў, хоць і выдатных.
9. Dzieciuki "Рэха" – слухаць
Другі альбом "Дзецюкоў", які стаў для мяне сапраўдным сюрпрызам. З тым жа запалам і драйвам, але, нарэшце, без раздражняльнага аматарства. Класна запісаны патрыятычны панк-рок, за які гонар бярэ.
10. IOWA "Import" – слухаць
Негледзячы на шмат крытыкі ад крытыкаў, другі альбом IOWA, лічу, удаўся. Так, ён без глыбіні, рызыкоўных хадоў ды эксперыментаў, але і без штампаў, агульных месцаў, пазбаўлены штучнасці, наігранасці і патасу. Лірыка падкупае шчырасцю, выдатна б’е біт, мелодыі чапляюць – не дарма ж IOWA адзін з найпепшых маладых поп-гуртоў на прасторах былога Саюза.
Experty.by