Мінскі гурт "Джына" прэзентаваў у Інтэрнэце EP "Жывёла – добры фрэнд". У рэліз увайшлі 3 трэкі, а ідэяй запісу, па словах музыкаў, сталі "маленькія ненармальнасці" кожнага чалавека.
Музыкі гурта "Джына" граюць разам 3 гады. Першапачаткова гурт выконваў каверы на Queens Of The Stone Age і Tool, ствараў свае першыя "протапесні" і шукаў свой стыль. Актыўная фаза існавання гурта пачалася адносна нядаўна, а вынікам гэтай працы стаў дэбютны міньён.
– Агульнай ідэяй запісу сталі маленькія ненармальнасці, якія ёсць у кожнага з нас, – адзначае бубнач і аўтар тэкстаў Кіріл Раманчук. – Гэта разам мы такія моцныя, цвёрдыя, магутныя. Але паасобку мы ўяўляем сабой не вельмі радасную матэрыю. Матэрыю, якая напоўнена фобіямі, варожасцю да навакольнага свету і натуральным хаосам. Як бы мы не намагаліся падаўляць у сабе ўсё гэта, але яно кіруе намі і нашым светаўспрыманнем.
Музыкі адзначаюць, што іх песні не нясуць канкрэтнага пасылу, але дэманструюць сродкі абароны ад знешніх і ўнутраных непрыяцеляў: неабходна даведацца, прызнаць іх і смяяцца з тых, хто ўнутры, і тых, хто звонку.
– Працавалі над запісам мы адносна доўга, некалькі месяцаў. Было вырашана ўсё рабіць самастойна, але ў нас не было аніякага разумення аб тым, што рабіць з гукам і як з ім працаваць, навучаліся літаральна на хаду, – узгадвае вакаліст і клавішнік Сяргей Іваноў. – У некаторым сэнсе, гэтая кружэлка – пробны камень, яе нельга успрымаць як канчаткова абраны намі шлях развіцця.
Акрэсленых планаў на будучыню ў гурта "Джына" пакуль няма.
– Мы нічога не плануем, пішам песні і ўсё яшчэ вучымся граць, развіваем музычную фантазію, спрабуем розныя падыходы да напісання песень. А што далей – будзе бачна, – кажа Сяргей Іваноў.
Паслухаць/cпампаваць рэліз на сайце Ultra-Music.
Тэкст: Вячаслаў Радзівонаў, Ultra-Music
Комментарии
Что-то в этой группе есть...
Что-то в этой группе есть... в будущем, думаю, смогут развиться в полноценный плод