О проекте

І.Маліноўскі: Harotnica "Gvalt"

 

Пазаштатны эксперт Ілля Маліноўскі пра дэбютны альбом Harotnica: "Harotnica сапраўды стварыла ўласнае пазнавальнае, не падобнае да іншых беларусаў гучанне. Але пакуль, відаць, не вельмі вызначылася са спосабамі яго дасягнення".

Дэбютны альбом дэструктыўнага пажарнага аркестра Harotnica можна смела назваць эксклюзіўным для беларускай музыкі. Стылістычная мешаніна з агульнавар’яцкім танцавальным настроем і самотнымі, часам суіцыдальнымі тэкстамі – кароткая характарыстыка ўсіх васьмі трэкаў альбома. Восем гадоў пошукаў уласнага гучання, вызначэння стылістыкі, страчанай і знойдзенай публікі, кардынальных зменаў складу і нарэшце цэлыя два гады ў студыі зрабілі сваю справу. Дыск "Гвалт" атрымаўся вельмі жывым, шчырым і, што немалаважна, лаканічным.

"Гэтым разам", з якой пачынаецца альбом, – выдатная замануха з боку музыкаў. Трэк стоадсоткава раскрывае агульны настрой ды падыход да творчасці гурта Harotnica. Цытаванне мелодыі "Titoli" Ennio Morricone толькі ўмацоўвае гэтыя ўражанні. Але галоўнае, што далейшае праслухоўванне альбома не расчароўвае. Музыкі здолелі ўтрымаць планку на ўсім гучанні "Гвалту". А тое, што на дыску толькі 8 невялікіх па хронаметражы трэкаў, таксама грае выключна на карысць. Застаецца адчуванне нейкай ненасычанасці, хочацца працягнуць праслухоўванне, і адзіны варыянт у такім выпадку – рэпіт!

Harotnica сапраўды стварыла ўласнае пазнавальнае, не падобнае да іншых беларусаў гучанне. Але пакуль, відаць, не вельмі вызначылася са спосабамі яго дасягнення. Нягледзячы на тое, што самі музыкі вельмі задаволеныя атрыманай працай, аранжыроўкі песень часам падаюцца перанасычанымі. На жывых выступах такога адчування чамусьці не ўзнікае. Хутчэй за ўсё гэтае "перанасычэнне" адбылося ўжо падчас запісу праз перфекцыянізм музыкаў. Як кажуць, "лепшае – вораг добрага".

Як ні спрабуе Harotnica, ва ўсялякім выпадку на словах, пазбегнуць якога б там ні было дачынення да фальклору, гэта не атрымліваецца. Насамрэч і не трэба. Бо менавіта фальклорныя інструменты, раптоўная балканшчына з пераходамі на баладнасць ды "жыццёвыя" тэксты "пра нялёгкую жаночую долю" і ёсць асноўнай разынкай гурта. Без аднаго з гэтых элементаў Harotnica хутчэй за ўсё ператварылася б у шараговы беларускі поп-рок-бэнд.

Апошні трэк "Wind" крыху выбіваецца з альбома. Прычым не столькі сваёй англамоўнасцю, колькі агульным гучаннем. Ён зусім іншы стылістычна, нават голас Валерыі Валадзько гучыць неяк больш па-даросламу і па-заходняму. Таксама вельмі цікавы эксперымент, які варта было б працягнуць і паспрабаваць выдаць, але ўжо асобна.

Музыкі плануюць пачаць працу над наступным рэлізам – матэрыялу, кажуць, хапае. Будзем з задавальненнем чакаць. Галоўнае трымацца абранага кірунку, а пакуль няхай не самыя моцныя, але 9 балаў з 10-ці.

Адзнака: 9 з 10

Паслухаць альбом і прачытаць рэцэнзіі штатных экспертаў можна тут.

Крыніца публікацыі – "Еўрарадыё".

Пра аўтара:

Журналіст і ў душы музыка. Нарадзіўся ў 1983 годзе ў горадзе Сафія, Рэспубліка Балгарыя (так выпадкова атрымалася!). З чатырох год вывучаў музыку ў мінскіх дварах. Не без прыгодаў скончыў Факультэт мастацтваў па спецыяльнасці журналістыка ў Інстытуце сучасных ведаў. З 2002 года працаваў радыёвядучым на станцыях "Мір", "Мінск", "Мелодыі века", апошнія 6 год працуе журналістам "Еўрарадыё". Часам спявае ў гурце пад рознымі назвамі.


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net