Мінскі панк-рок гурт Monkey Bite запісаў і прадставіў у Інтэрнэце свой дэбютны аднайменны EP, які складаецца з 5 песень, запісаных на студыі "Осмос". Канцэртная прэзентацыя дыска адбудзецца 16 снежня ў "Графіці".
Гурт Monkey Bite сабраўся ўвосень 2010 году і ўжо паспеў адзначыцца шэрагам канцэртаў: быў запрошаны на 7-годдзе парталу "Тузін Гітоў", дзе выступіў разам з гуртамі "Жнюв", "Палац", Re1ikt, а таксама на U&Me Party, адыграўшы разам з гуртамі "Калачиком рядом" і Green Fence Band. У чэрвені Monkey Bite запісалі першы сінгл "Ніколі", а цяпер прэзентуюць і дэбютны EP.
"Як і мае быць для ЕPшніка, гучанне атрымалася EPічнае, – жартуе гітарыст і аўтар песень Сяржук (Zuker) Лапуць. – Нейкай агульнай канцэпцыі няма, бо ў альбом увайшлі абсалютна розныя песні: і па драйву, і па атмасферы. Але гэта ўсё тое, што не дае нам спакою, тое, што жыве ў нашых галовах і сэрцах".
Для свайго першага EP Monkey Bite адабралі 5 песень: лірычна-фантастычную "Ніколі", умоўна-моўную "Гарбаты!", пралетарска-інтэрнацыянальную "Вася", гераічна-бясстрашную "Камяні" і эпічна-развітальную "Бывай". "У нас даволі разнапланавыя песні, таму ў EP мы вырашылі ўключыць усяго патроху, – кажа вакаліст гурта Яўген Доўнар. – Гэты EP – наша заява сцэне і публіцы: мы розныя, але каўбасныя".
Запісваліся Monkey Bite на студыі "Осмос". "Нам хацелася захаваць канцэртную энэргетыку, таму запісвалася ўсё на тры-чатыры разам у лінію, а потым тое-сёе дараблялася, – кажа Сяржук Лапуць. – Хочацца падзякаваць выдатнаму гукачу і проста добраму чалавеку Гарыку Плевіну за працу над песнямі". "Нам хацелася б яшчэ пару-тройку дзянькоў правесці ў студыі, але ў цэлым мы задаволеныя вынікам", – дадае Яўген Доўнар.
Зараз Monkey Bite актыўна рыхтуюцца да канцэртнай прэзэнтацыі EP, якая адбудзецца 16 снежня ў клубе "Графці". На канцэрце можна будзе не толькі паслухаць ужо знаёмыя песні, але і набыць дыск з абмежаванага накладу.
Спампаваць "Monkey Bite EP" можна на сайце Ultra-music.com
Тэкст: прэс-рэліз