Сьпявачка Тацьцяна Беланогая рыхтуе новы дыск пад працоўнай назвай "Ніткі", у якім яна вырашыла адмовіцца ад сацыяльнай праблематыкі: "Гэта будзе альбом пра зьнітаванасьць і пра нябачную мэнтальную сувязь", – заявіла яна. На задуму выканаўцы ўсе тэксты яе песень будуць перакладзеныя на некалькі моваў і зьмешчаныя на вокладцы альбома.
Тацьцяна Беланогая кажа, што даўно ўжо плянавала засесьці ў студыі за запісам новага альбома. "Калі пэўная колькасьць песень пачалі вымалёўвацца ў нейкую карціну, то засталося толькі сабрацца з духам і пачаць запіс". На яе альбоме будуць сабраныя песні, тэматыка якіх зьвязаная з дарогай, вандроўкамі і ўзаемаадносінамі паміж людзьмі. "Думаю, што ёсьць сувязь чалавека зь зямлёй, нябачная сувязь паміж закаханымі, сувязь паміж людзьмі адной нацыі. Пра гэта будзе новы альбом", – кажа Тацьцяна.
Яна кажа, што ад папярэдніх працаў гэтая будзе адрозьнівацца тым, што ў новых песьнях ня будзе кранацца сацыяльная тэматыка. "Ніткі" сьпявачка называе альбомам-разважаньнем. "Тут шмат загадак, я хачу, каб слухачы самі малявалі герояў. Тады я зразумею, якім чынам мы зьнітаваныя і праз што мы зьнітаваныя".
Тацьцяна запісала песьні, але ёй захацелася, каб дыск уключаў у сябе тэксты і пераклады тэкстаў на некалькі мовах. Таму наперадзе яшчэ перакладчыцкая праца.
Рэліз новага дыску Беланогай плянуецца на вясну.
Сьпявачка прадставіць свае вядомыя і новыя песьні на кватэрніку, які адбудзецца 15 студзеня ў 19:00. Акром таго Тацяна прэзэнтуе свае карціны. Дадатковая інфармацыя праз тэлефон (029) 551-33-35.
Тэкст: "Тузін Гітоў"
Фота: bielanohaja.org