Vinsent прэзентаваў у Інтэрнэце кліп на новую песню "Ні кроку назад", жывая прэм'ера якой адбылася 9 мая на вялікім канцэрце ў Мінску. Кампазіцыя таксама выйшла ў якасці інтэрнэт-сінгла і стала саўндтрэкам да фільму "Вышэй за неба".
"Ні кроку назад" – гэта першая студыйная праца, запісаная з жывым складам, зь якім Vinsent ужо пасьпеў даць шмат канцэртаў у Беларусі і за мяжою, выдаць шэсьць канцэртных кліпаў і "Жывы DVD" . Да таго ж песьня "Ні кроку назад" стала саўндтрэкам да фільму "Вышэй за неба". Падчас працы над фільмам Андрэй Курэйчык, сцэнарыст і мастацкі рэжысэр праекту, асабіста прапанаваў Vinsent'у, які зьняўся ў фільме, на гэтую песьню стварыць кліп.
"Андрэю Курэйчыку я паказаў песьню яшчэ ўвосень у дэма-варыянце, і ён сказаў, што яна абавязкова павінна стаць саўндтрэкам, бо перадае эмацыйна ўсё тое, што Курэйчык закладаў і бачыць у фільме, таму яшчэ да заканчэньня працы над песьняю і фільмам, мы мелі падрыхтаваны макет кліпа", – узгадвае Vinsent. – Я задаволены працаю, задаволены вынікам, бо песьня сапраўды атрымалася шчырай і яскраваю. Кожны, хто яе пачуе, хочацца, каб прыгадаў нешта сваё, жыцьцё і атмасфэру "гораду сонца", дылему "каханьня і здрады", праблему "свабоды і няволі". У песьні ёсьць лёгкае дэпрэсіўнае адценьне, стан пошуку жыцьцёвага выйсьця, але гэты стан пранікнёны рамантызмам, які мы павінны захоўваць нягледзячы на вонкавыя праблемы і пэўныя цяжкасьці".
Дарэчы, кліп здымаўся ў старой закінутай мінскай школе нумар 25, дзе калісьці вучыўся аўтар "Вышэй за неба" Андрэй Курэйчык. Для кліпу былі падрыхтаваныя адмысловыя дэкарацыі, а працу ажыццяўляла здымачная група фільму.