Пазаштатны эксперт і сябра вялікага журы. Ад 2002 году працаваў радыёвядучым на станцыях "Мир", "Минск", "Мелодии века". Ад 2007 году працуе журналістам на "Еўрарадыё". Аўтар шматлікіх інтэрв'ю, рэцэнзій і рэпартажаў пра беларускую музыку, а таксама вядучы музычных імпрэзаў.
Агулам 2015 музычны год пакінуў вельмі станоўчыя ўражанні. Натуральна, былі і правальныя рэлізы, і няўдалыя эксперыменты, і няспраўджаныя надзеі, але ў выніку хапіла і супрацьлеглых эмоцый. Ва ўсялякім выпадку мінулы год уразіў і парадаваў значна больш за пазамінулы. Магчыма, на тое ёсць не толькі музычныя прычыны. Большую частку альбомаў мне давялося праслухоўваць у апошні месяц перад складаннем ТОП-10, а таму крытэры кшталту "падзабыўся", ці "не памятаю ніводнай мелодыі, а значыць лайно" аўтаматычна зніклі.
Вызначыцца з пяцёркай лепшых было даволі проста, а вось пытанні з расстаноўкай іх па месцах былі. Далей — абвал, не моцны, але з шостага месца пачаліся сапраўдныя складанасці. Харошых, вартых і роўных рэлізаў у 2015 годзе было шмат. У выніку з дзесяткі давялося выкідаць гурты, складаючы таблічкі з "плюсамі-мінусамі", дзе вырашаючым станавіўся літаральна адзін радок.
1. Re1ikt "Лекавыя травы" – слухаць
Выбітны альбом. Пасля выхаду "Рэкі прабілі лёд" асабіста для мяне гурт Re1ikt адразу выйшаў на адно з першых месцаў сярод беларускіх музыкаў. Новы альбом не тое, што не расчараваў, а наадварот умацаваў маё перакананне. Вельмі моцны, глыбокі і крыху шаманскі альбом. Больш масавы за папярэднік, з пазнавальным уплывам заходніх гуртоў, але пры гэтым самабытны і, лічу, знакавы для беларускай музыкі.
2. Крамбамбуля "Чырвоны штраль" – слухаць
Лепшага альбому для прыгожага і гучнага сыходу запісаць немагчыма. Напэўна, самы шчыры і моцны рэліз у дыскаграфіі гурта. Спалучэнне розных стыляў гучыць канцэптуальна, цэласна і яскрава. Нягледзячы на сацыяльнасць тэкстаў, "Чырвоны штраль" атрымаўся вельмі святочным. Багацце музычных фішак і якасць гучання прымушаюць слухаць альбом на рэпіце, не зважаючы на тое з дарагіх калонак ён гучыць, ці са старога праса.
3. Nizkiz "Лірика" – слухаць
Яшчэ адзін чаканы мной альбом і зноў без расчараванняў. Рост магілёўскіх рокераў відавочны і менавіта гэтым абумоўлена даволі высокае месца ў топе. Хапае на дыску прахадных тэмаў, якія нібы адразу чапляюць, але праз некалькі праслухоўванняў надакучваюць. Але моцная і заразная энергетыка музыкаў робіць сваю справу. Патэнцыял да канца не раскрыты, таму будзем чакаць працягу.
4. Shuma"Жніво" – слухаць
Стылістычна — не маё. Але вельмі прадуманы, вывастраны і бездакорна зроблены альбом. Да таго ж нешта ў "Жніве" ёсць такое, што зацягвае, аплятае, прабіраецца да самых прыхаваных, нават інтымных месцаў душы. Падаецца, што Shuma здолела намацаць тыя нітачкі ў беларускім фальклёры, дзякуючы якім можна падпарадкоўваць і зачароўваць слухача. Паглядзім, ці вытрымаюць узятую планку наступнымі рэлізамі, але нешта мне падказвае, што ўсё ж дадуць рады.
5. Серебряная свадьба "Музыка – всё!" – слухаць
Альбом, які хочацца слухаць і ўсміхацца. Прычым усмешка можа быць і сумнай, і тужлівай, і вар’яцкай. А яшчэ лепш гэты альбом глядзець. Ня важна ў кліпах, ці на канцэртах. Жаданне адчуваць музыку ўсімі магчымымі пачуццямі непазбежна. На мой погляд, рабіць тое, што будзе цікава любому ўзросту — рэдкі талент, а рабіць гэта якасна і з бездакорным густам — увогуле дасяжна адзінкам.
6. Super Besse "63610*" – слухаць
Альбом і гурт, які хутчэй зацікавіць заходнюю публіку. Вось не ведаю чаму, але менавіта так мне падаецца. Модны і ўзважаны альбом з качам і драйвам. Але гэта хутчэй канцэртная характарыстыка. Каб забіць у плэер і не вымаць доўгія месяцы — наўрад ці. Хаця…
7. Зміцер Вайцюшкевіч і WZ-Orkiestra "Наша песня" – слухаць
Нават не магу патлумачыць свой выбар. Ёсць у мяне нейкая незразумелая сувязь з творчасцю Змітра. Пры гэтым назваць яшчэ аднаго выканаўцу, які працуе ў падобнай стылістыцы і так жа прыцягвае маю ўвагу, не магу. Няхай "Наша песня" не адкрывае нічога новага, не робіць прарываў і наўрад ці стане нейкім важкім ці ўплывовым рэлізам для беларускаў, яе месца сярод лепшых. Я таксама мастак і я так бачу! )
8. Кассиопея "Крестик" – слухаць
Вельмі прыгожыя мелодыі з мудрагелістымі тэкстамі, якія чапляюць, прыцягваюць і ўжо не жадаюць адпускаць. Амаль кожная песня ўбіваецца ў галаву і не выходзіць па некалькі дзён. А тэксты незаўважна пераўтвараюцца ў цытаты, якія ты кідаеш у размовах з сябрамі. Карацей, усё так, як і трэба для "Кассиопеи", толькі крыху лепш, цікавей і па-новаму.
9. Vinsent "Vir" – слухаць
Даволі асабісты альбом, мне падаецца. У ім шмат развагі ды лірыкі, але пры гэтым Vinsent гучыць упэўнена і пераканаўча. Шэсць гадоў з моманта выхаду дэбютнага "Пачатак" пайшлі музыку на карысць. Магчыма, разам са сталеннем згубілася пэўнае нахабства, але ў ва ўсім іншым рэпер дакладна выйграў.
10. Brutto "Родны край" – слухаць
Альбом цікавы і варты менавіта вяртаннем да "ляпісаўскага" гучання. З аднаго боку такім чынам музыкі адразу вырашылі ўсе пытанні па тэкстах ды прымітыву, якія ўзніклі пасля выхаду дэбютніка. А з іншага боку, Brutto не хапае таго драйву, што быў у папярэднім гурце Міхалка. Гаворка вядзецца пра запіс, а не канцэрты, бо іх параўнаць я не магу. Цалкам верагодна, што справа акурат не ў музыках, а ў тым, што сам фронтмэн пакуль так і не выбраўся з пэўнага творчага крызісу. Сяргей нібы хоча нешта змяніць, але пакуль не намацаў куды, таму часова вяртаецца ў тое, што дакладна працуе.
Experty.by