Пабачыў сьвет рэліз "Тузін.Немаўля", які рыхтаваўся два гады. У трайны DVD увайшлі тры беларускія нямыя фільмы з музыкай, якую адмыслова для праекту стварылі Сяргей Пукст, Ilo & Friends і Re1ikt.
"Тузін.Немаўля" – унікальны праект інтэрнэт-парталу Tuzin.fm і Падляскай опэры і філярмоніі – Эўрапейскага цэнтру мастацтва ў Беластоку. У яго межах тры беларускія выканаўцы – Ilo&Friends, Сяргей Пукст і Re1ikt напісалі арыгінальную музыку да першых беларускіх нямых кінафільмаў – "Прастытутка" (1926), "Кастусь Каліноўскі" (1927), "У агні народжаная" (1929). Сучасныя плякаты да фільмаў стварылі мастакі Васіліса Паляніна-Календа, Лявон Вольскі і Анджэй Ветэшка.
"Цікавасьць праекту ў тым, што музыкі ня проста суправадзілі фільм адвольнымі гукамі, а прапусьцілі гэтыя стужкі празь сябе і нават узялі на сябе сьмеласьць пракамэнтаваць з дапамогай музыкі тое, што адбываецца на экране. Таму гэты паказ можна разглядаць ня як звычайную рэтраспэктыву, а новы актуальны арт-праект", – кажа кіраўнік праекту "Тузін.Немаўля" Сяргей Будкін.
На ўручэньні музычнай прэміі Ultra-Music Awards-2012 "Тузін.Немаўля" быў прызнаны "Праектам году". Жывая прэм’ера праекту прайшла летась у Падляскай опэры і філярмоніі і ў клюбах Loft і "Графіці" (Менск). Дадатковы паказ стужкі "Кастусь Каліноўскі" адбыўся ў межах фэстывалю "Басовішча" ў Мастаўлянах і на фэстывалі Bulbamovie ў Варшаве. Афіцыйная беларуская прэм’ера прайшла ў межах ХХ Міжнароднага кінафэстывалю "Лістапад", для якой Дзяржфільмафонд Расеі адмыслова прадаставіў усе тры фільмы на кінастужцы.
Цягам гэтага году ўдзельнікі праекту запісвалі сваю музыку да фільмаў на студыях у Менску і Беластоку адмыслова для DVD-выданьня. Аздобай дыску заняўся Анатоль Лазар з студыі "Адліга". Тры дыскі зь фільмамі і музыкай упакаваныя ў бляшанку, стылізаваную пад каробку, дзе захоўвалі кінастужкі – падобным чынам дыскі ў Беларусі яшчэ не афармляліся.
Дыскі выдадзеныя калекцыйным накладам. Знайсьці іх можна будзе на паказах фільмаў з праекту "Тузін.Немаўля", а таксама ў сяброў парталу Tuzin.fm – кнігарні "Логвінаў".
У дыск таксама ўвайшоў фільм Яўгена Шапчыца "Tузін.Немаўля. В-side", у якім распавядаецца пра працу над праектам.
Тэкст: Tuzin.fm