12 красавіка Akute прадставяць у Мінску новую канцэртную праграму, якая атрымала назву "Як на далоні". У ёй музыкі абяцаюць паказаць некалькі цалкам новых песень з будучага альбома.
Удзельнікі гурта раней неаднаразова выказвалі сваю павагу да творчасці Ulis у інтэрв’ю, але ў лютым вырашылі пайсці далей – на ўзнагародах Ultra Music Awards, дзе Akute перамаглі ў намінацыі "Гурт году", яны выканалі сваю версію песні "Як на далоні".
Гэта першы кавер у рэпертуары магілёўскага трыа і менавіта ён даў назву канцэртнай праграме.
– Для мяне Ulis з альбомам "Танцы на даху" ў свой час быў выбухам – я заслухаў касету да дзірак і дагэтуль я лічу яго адным з галоўных эталонаў сучаснай беларускай музыкі, які нашмат апярэдзіў свой час. Гэта сапраўдны рок – псіхадэлічны, нярвовы і вельмі змястоўны па тэкстах, вельмі блізкі нам па духу і сэнсу. Сваім крокам мы жадаем нагадаць людзям пра гэты выбітны гурт, – распавёў бас-гітарыст Akute Раман Жыгараў.
Akute "Як на далоні" (аматарскае відэа)
У межах праграмы адбудзецца прэм’ера некалькіх песень з будучага альбома, працу над якім музыкі распачалі на пачатку года. У студыі запісана ўжо тры песні, ідзе праца над звядзеннем. Папярэдні альбом гурта "Не існуе" быў выдадзены год таму.
– Матэрыялу пакуль што прыкладна на палову альбома. Мы нікуды не спяшаемся, бо наша мэта зрабіць альбом, які будзе крокам наперад. Запіс, як і ў мінулыя разы, робім у Магілёве, звядзенне спрабуем рабіць у Кіеве. Але пра нейкія вынікі пакуль казаць рана. Таму пакуль што новыя песні можна будзе пачуць толькі на канцэртах, – тлумачыць музыка.
12 красавіка ў клубе Re:Public гурт Akute з праграмай "Як на далоні". Адмысловы госць – Pryzma (Магілёў). Першы гурт – 19.00. Квіткі: танцпол папярэдне – 60-70 тыс, танцпол у дзень канцэрта – 80 тыс., месца за столікам – 90 тыс.. Даведка: (029) 649 08 88.