О проекте

Аляксандр Памідораў: "Ніколі не з’яўлюся пад чырвона-зялёным сцягам"

 

Аляксандр Памідораў сустрэўся з прыхільнікамі і сыграў невялічкі акустычны канцэрт у рок-бары "Йо-ма-йо". Музыка паразважаў над праблемай "чорных спісаў", даў дыягназ беларускаму радыёвяшчанню і прызнаўся, што ніколі не выйдзе пад чырвона-зялёным сцягам.

Памідораў вітаецца з усімі асіплым голасам. Толькі што ён вярнуўся з гарадзенскага байк-фэсту "Хавайся ў бульбу", дзе быў вядоўцам. Там і застудзіўся. Але ад вечарыны не адмовіўся. Творчую сустрэчу з ім зладзілі завадатары кампаніі "Рок-салідарнасць", якія перыядычна выцягваюць на размову незалежных творцаў. Прайшлі ўжо сустрэчы з Аляксандрам Кулінковічам, Славам Коранем і Алегам Хаменкам. Памяшканне пад імпрэзу такога фармату знайсці няпроста, але атрымалася дамовіцца з рок-барам "Йо-ма-йо", што месціцца ў ДК Трактарнага заводу, таго самага, дзе ў сакавіку здарыўся надзвычайны хапун на рок-канцэрце. Так што ўзабраўшыся на невялікую сцэну, Памідор раз-пораз азіраўся ў бок дзвярэй разам з астатнімі гасцямі. Калі б забег спецназ, напэўна, ніхто асабліва і не здзівіўся б.

Сцяг у трубачку

Спачатку Аляксандр расказаў пра сябе і нагадаў тым, хто не ведае, што Памідораў – несапраўднае яго прозвішча, але ён вельмі да яго прызвычаіўся і наогул ганарыцца, што яго так некалі назвалі. А не Агурцовым, напрыклад. Выявілася, што хадзіў ён у тую ж школу, дзе вучыліся Жанна Літвіна і Аляксандр Фядута, а першыя песні напісаў яшчэ ў 1989 годзе. І хоць беларускай мовай часта карысталіся ў яго сям’і, яе давялося істотна падцягнуць. У пачатку 90-х ён трапіў у беларускамоўны асяродак і зразумеў, наколькі малы яго слоўнікавы запас. "Цяпер мне лягчэй з беларускай перайсці на ангельскую, чым на расійскую", – прызнаецца Памідораў.

Музыкант быў абсалютна шчыры, з захапленнем расказваў пра свае зацікаўленні. "Я вывучаю дзеянне на арганізм моцных напояў", – кажа ён і прызнаецца ў асаблівай любові да вінаў вытворчасці ялцінскага завода "Масандра". Дзяўчатам ён параіў ніколі не піць паўсалодкае шампанскае, а ўжываць сухое альбо брут. Галоўная ж цікавасць у яго – музыка. Ён яе слухае, збірае і піша. А зарабляе на жыццё ў асноўным вядзеннем усялякіх імпрэзаў. "Я зрабіўся яшчэ большым мізантропам, чым быў, калі ўзяўся весці мерапрыемствы", – прызнаецца ён і дадае, што ніколі не будзе працаваць на вяселлях і пахаваннях, а таксама імпрэзах з палітычнай афарбоўкай. Калі гэта не датычыць, натуральна, свабоды і незалежнасці. Яшчэ адзін з прынцыпаў Памідорава – ніколі не з’яўляцца пад чырвона-зялёным сцягам. Праўда, двойчы ў яго практыцы такое здаралася: калі ён вёў турнір па вольнай барацьбе і на яшчэ адным спартовым мерапрыемстве, дзе ён сам вырашыў праблему, незаўважна скруціўшы той сцяг, што боўтаўся за яго спінай, у трубачку.

Горш, чым у СССР

Памідораў быў вядоўцам і адначасова выступоўцам на тым самым канцэрце-мітынгу на плошчы Бангалор у ліпені 2004-га. Увайшла гэтая акцыя ў гісторыю таму, што якраз пасля яе з’явіліся тыя самыя "чорныя" спісы. Цікава, што сам Памідораў даведаўся пра забарону з "Газеты Выборчай". Ён пакінуў краіну ўсяго на некалькі дзён, паехаўшы на фестываль "Басовішча". А па прыездзе дазнаўся, што "Палац" звольнілі з Белдзяржканцэрта, прыкрылі тэлепраграму Хаменкі, сюжэты ды матэрыялы ў дзяржаўных СМІ пра Drum Ecstasy былі знятыя перад самым іх выхадам, яго самога таксама папрасілі з СТВ, дзе ён вёў праграму. Праблема вырашылася толькі пасля візіту забароненых музыкаў у адміністрацыю прэзідэнта ў 2007 годзе. Сам Памідораў, дарэчы, на ёй не быў, бо знаходзіўся за мяжой, а ўчынак калегаў ухваляе і кажа, што пры нагодзе і сам пайшоў бы на такую сустрэчу. "Не бачу крыміналу ў тым, каб пайсці ў адміністрацыю. Дыялог з уладай цікава паспрабаваць. Да таго ж, я грамадзянін РБ і маю права атрымаць адказы на свае пытанні".

І вось летась гісторыя з чорнымі спісам паўтарылася. Цікава, што цяпер гурт Памідорава ў ім не фігуруе. Але ўсё адно, запрашаючы на свой канцэрт 14 траўня ў "Графіці", музыка дадае: "Спадзяюся, што адбудзецца". Такую заўвагу цяпер робяць усе беларускамоўныя музыкі, бо разумеюць, што могуць папоўніць спіс толькі за тое, што яны беларускамоўныя музыкі. "Існаванне такіх спісаў – гвалт над музыкамі ды іх творчасцю. І сітуацыя выглядае горш, чым у Савецкім Саюзе. Там хоць ясна было, хто забараняе і на якой падставе. А ў нас – абсалютна незразумела", – зазначае ён і прапаноўвае шукаць выйсце якраз у такой паўпадпольнай дзейнасці – ладзіць сустрэчы, кватэрныя выступы, запісваць іх і распаўсюджваць праз сеціва, ездзіць з гастролямі вакол Беларусі. І, натуральна, пастаянна патрабаваць адказу ад чыноўнікаў, чаму ў краіне забараняюць рок-канцэрты. Памідораў, дарэчы, прыгадаў паказальны эпізод з недалёкага мінулага, калі ў 1993 годзе быў забаронены канцэрт гурта zygimont VAZA, а гледачы былі разагнаныя, як нядаўна ў "Йо-ма-йо". Зроблена гэта было на загад старшыні Савецкага райвыканкама Мінска Сяргея Калякіна, цяперашняга апазіцыйнага палітыка.

"Радыё не ловяць лакатары…"

Не абмінулі ў размове і яшчэ адну балючую тэму – радыё. "Культура радыё ў Беларусі знішчаная", – сцісла канстатаваў Памідораў, які доўгі час працаваў на розных FM-станцыях у якасці вядоўцы і праграмнага дырэктара. На яго думку, паўплывалі на заняпад айчыннага радыёвяшчання "ідыёцкія 75%", прыдуманае слова "фармат" ды нясмеласць праграмных дырэктараў. Сам Памідораў сышоў з гэтай сферы: ён наогул беражэ сваю працоўную кніжку з выявай Пагоні і захоўвае яе дома на палічцы.

Пры тым, што размова вялася ў асноўным пра негатыўныя з’явы, Памідорава не назавеш песімістам. Ён лічыць, што цяпер ідзе назапашванне творчай энергіі, пра што сведчыць хаця б колькасць беларускамоўных альбомаў, якая з кожным годам расце. Не збіраецца складаць рукі і сам музыка. У пацверджанне гэтаму ён сыграў у акустыку парачку нядаўна напісаных песняў, а таксама ўсімі любімыя "Цуд на Каляды", "Дзень без гарэлкі", "Дым" і "Радыё".

Тэкст: Сяргей Будкін, Budzma.org
Фота: Аляксандр Ждановіч, Budzma.org


Чтобы оставить свой комментарий к этой публикации, войдите в систему. Нам важно ваше мнение!

Или авторизируйтесь посредством:

 

RSS

RSS-материал

награды Experty.by

рецензии и аудиозаписи

алфавитный каталог

  • более 350 альбомов
  • онлайн-прослушивание
  • описания и рецензии
  • ссылки на легальное скачивание

Последние комментарии

 
 
Developed by Lynxlab.net