Трыа Buben Naruszewicz Baisan выдала праект "Izdryk Papirosy" – запіс жывой імправізацыі у Музеі Азгура паводле кнігі ўкраінскага пісьменніка Юрыя Іздрика "Папіроcи" у беларускім перакладзе. Рэліз адбыўся ў дзвюх версіях: аўдыё і відэа з субтытрамі.
Юрый Іздрык – украінскі празаік, паэт, культуролаг, у мінулым – галоўны рэдактар часопісу "Четвер", адзін са стваральнікаў так званага "станіслаўскага фенамену". Аўтар кніг прозы "Воццек& воццекургія", "Подвійний Леон" і інш.; паэзіі "Ю", "AB OUT", "Календар Любові"; эсэ "Флешка" і "Флешка 2gb".
Пераклад кнігі на беларускую зрабіў вакаліст трыа Алесь Плотка (Baisan) пад рэдакцыяй Макса Шчура і Святланы Курс. Увосень вершы з кнігі маюць з’явіцца на паперы ў гарадскім часопісе "Большой".
– Пераклад кнігі быў зроблены адразу пасля візіта на "Кніжны Арсенал". Прадуктыўнасці паспрыяў фармат кнігі арыгінала – яна выдадзеная ў форме пачака папіросаў, таму перакладаць зручна нават ў метро. І аўтар і рэдактар адобрылі пару інтэртэкстуальных выбрыкаў і жарцік, атрымаўся неблагі падарунак аўтару на дзень нараджэння, – адзначае Алесь Плотка.