Авангарднае трыа Buben Naruszewicz Baisan прадстаўляе дэбютны альбом "Bulbahuana". Рэліз арыентаваны на гарадскіх вар’ятаў, ліміту сярэдняй рукі і філфак: харш-лірыка спакусліва сплятаецца з імправізамі Нарушэвіча і электронікай Бубена.
Праект утвораны на базе дуэта Buben Baisan з удзелам гітарыста Леаніда Нарушэвіча, вядомага па гурце імправізацыйнай музыкі "Князь Мышкін". У адрозненне ад папярэдніх прац Buben Baisan – альбомаў "Iamb'n'bass" (2013) i "Skweee Belarus" (2014) – рэліз напалову англійскі.
– Гэты альбом мы прысвячаем Андрусю Горвату – чалавеку, які выйшаў у беларускі космас. Беларускі космас бульбахуаны, – кажа паэт і вакаліст праекта Алесь Плотка. – Сэнс просты – каб зразумець сябе, трэба аддаліцца ад усяго і засяродзіцца на дзвюх рэчах: бульбе і хуане. Усе астатняе – прыдумкі сучаснага медыйнага свету.
Калектыў, які дазваляе сабе люта імправізаваць на жывых выступах, запрашае ўсіх на прэзентацыю рэліза 18 лютага ў мінскі клуб "Утопія 60". Уваход вольны, пачатак а 19-й гадзіне.
Альбом можна набыць на iTunes.
Тэкст: Experty.by