Журналист Дмитрий Подберезский о попытках белорусских музыкантов пробиться за пределы Беларуси для сайта Zapraudu.info: "Нагодай для гэтых разваг зрабіліся дзве падзеі літаральна апошняга месяца. Два калектывы – Yellow Brick Road і "Ў" гучна заявілі аб сваіх амбіцыях. Улічваючы тое, што першы з іх, англамоўны, прабівае заходні мур, а другі, беларускамоўны, – усходні, мне падалося цікавым паразважаць над тым, у каго шанцаў усё ж больш".
Вельмі часта, слухаючы музыкаў-пачаткоўцаў ад рок- ці пап-музыкі, сустракаешся з іх найпершым жаданнем прабіцца на заходні (для першых) ці ўсходні (для другіх) музычныя рынкі. Загадзя адмаўляючы сабе ў магчымасці набыць аўтарытэт і папулярнасць на радзіме, нашы музыкі спадзяюцца з дапамогай "заграніцы" некалі вярнуцца на радзіму вярхом на белым кані. Атрымліваецца гэта ў вельмі нямногіх і надзвычай рэдка...
Выбар кар’ернага вектару – задача насамрэч вельмі складаная. Але ў любым выпадку зрабіць сабе імя за мяжой магчыма, калі толькі ты грунтуешся на некалькіх асноўных момантах. Гэта: арыгінальнасць чыста музычнай прапановы, высокі, непадробны ўзровень яе ўвасаблення ды, бадай, тое, што можна называць харызмай, якая часта робіць проста цуды.
Як вядома, у беларусаў з харызмай неяк так, квола... Аднак калі згадваць савецкія часы, дык заходні вектар для нашай музыкі раскрываўся, хоць і вельмі рэгламентавана, дзякуючы найперш арыгінальнасці музычных прапаноў, якія зыходзілі з-за "жалезнай заслоны", і канешне ж, сапраўды высокаму выканальніцкаму ўзроўню. Як бы не ганілі славутыя мастацкія рады, трэба прызнаць: халтуру яны на сцэну прапускалі надзвычай рэдка. Працавалі б яны сёння – забяспечыць 75% радыёэфіру айчыннай музыкі не было б аніякіх шанцаў.
Ды сышоў СССР, і ўмовы прарываў на Захад істотна змяніліся. Мода на ўсё савецкае, у тым ліку і музыку, якая панавала ў канцы 80-х, як і кожная мода, з часам адышла, і на першы план высунуліся ўсё тыя ж фактары: узровень і арыгінальнасць. І тут аказалася, што менавіта другі чыннік і з’яўляецца самым слабым у арсенале айчынных музыкаў, найперш маладых. Эпідэмія хваробы пад назвай "рабі так, як модна ў іх", як паказвае час, – накатваецца хвалямі рэгулярна і аніяк не жадае сціхнуць. Моладзь марыць пра кар’еру на Усходзе ці Захадзе, не разумеючы, што там і там такіх, як яны, і сваіх хапае. А таму вызначальна шанцы скарыць той ці другі вектар – мінімальныя.
Нагодай для гэтых разваг зрабіліся дзве падзеі літаральна апошняга месяца. Два калектывы – Yellow Brick Road і "Ў" гучна заявілі аб сваіх амбіцыях. Улічваючы тое, што першы з іх, англамоўны, прабівае заходні мур, а другі, беларускамоўны, – усходні, мне падалося цікавым паразважаць над тым, у каго шанцаў усё ж больш. Варта браць пад увагу і тое, што ў складзе першай групы выступаюць сапраўды маладыя хлопцы, а ў другім музыкі, за плячыма якіх маецца ўжо даволі значны досвед.
Такім чынам, Yellow Brick Road. За паўтара гады існавання група тройчы выязджала з турамі на Захад, даўшы за гэты час больш за 70 канцэртаў. Паказчык сапраўды неблагі, нават улічваючы тое, што выступалі яны, наколькі вядома, выключна ў клубах. Дарэчы, нічога ганебнага ў тым няма: і сапраўдныя зоркі сусветнай рок-музыкі часта робяць такія туры, атрымліваючы практычна тыя ж ганарары, што і іх калегі з Беларусі. Бас-гітарыст калектыву і па сумяшчальнасці менеджэр Дзмітрый Хламаў гэтак тлумачыць патрэбу выездаў на Захад: "У Беларусі занадта мала магчымасцей выступаць, менавіта таму многія нашы групы спыняюцца ў развіцці. Які можа быць прагрэс, калі ты маеш канцэрт раз на некалькі месяцаў ды выступаеш увесь час з аднымі й тымі групамі? Трэба браць інструменты і ехаць іграць, набірацца ўражанняў і досведу".
Праект "Ў" паўстаў дзякуючы высілкам найперш Рамана Арлова, даўняга ўдзельніка групы "J:морс", і Вадзіма Марголіна, які некалі выступаў у складзе групы "Postscriptum", а цяпер жыве і працуе (не як музыка) ў Маскве. Да запісу дэбютнага альбому былі запрошаны Аляксандр Памідораў, Алег Хаменка, Ганна Хітрык ("Сундук"), Уладзімір Пугач, Аляксей Стокс, Віталь Артыст, Яўген Чалышаў ("Харлі"), Руся, Віктар Рудэнка ("Dali"), Аляксей Хлястоў і іншыя. Мэта была прабіцца на расійскі рынак з песнямі менавіта на беларускай мове, зрабіць тое, што зрабілі з дзесятак гадоў таму калектывы з Украіны. Аднак калі замежныя выступы "YellowBrickRoad" праходзілі амаль незаўважна, дык праект "Ў" суправаджаўся моцнай медыйнай раскруткай. На прэсавай канферэнцыі ў Мінску маскоўскі прадюсэр праекту Дзмітрый Вайтэнка нават заявіў наступнае: "... па тых водгуках , якія масквічы зараз даюць, і па тых каментарах, якія яны пакідаюць у сацыяльных сетках, гэта прарыў. Гэта новы прарыў у Маскве, менавіта ў Расіі. У Маскве людзі проста адкрылі вочы!"
Тым не менш выданне дэбютнага альбому, ягоная прэзентацыя ў Мінску выклікала часам куды менш аптымістычныя водгукі. І зусім не таму, што ў крыві беларусаў апошнім часам моцна сядзіць вірус ганіць перш за ўсё сваё, не. Бо нават Уладзімір Пугач, які быў у складзе "J:морс" калегам Рамана Арлова, дастаткова рэзка выказаўся адносна стратэгічных мэт "У нескладовага": "Уся ідэалогія, якую яны будуюць вакол гэтага праекту з майго пункту гледжання, – лухта ад сівой кабылы". Пры гэтым ён шчыра жадае Р. Арлову і праекту ў цэлым поспехаў.
Пры нагодзе хацелася б, дарэчы, параіць Д. Вайтэнку наведаць які канцэрт "Белорусских Песняров", якія даўно вядомыя ў Расіі, маюць пастаянную аўдыторыю і даюць у сярэднім па 10 канцэртаў на месяц, клубных і ў залах. І пры гэтым не ўжываюць словы "прарыў"...
Дастаткова скептычна была прынята дэбютная работа "Ў" і наведнікамі сайту experty.by. Агульны настрой даволі трапна выказаў адзін з іх старым футбольным выразам "замах на рубель – удар на капейку". Так, карыстальнік ngoro заўважыў: "Не надо никого "побеждать и завоевывать", нужно просто играть хорошую профессиональную музыку (кстати, с музыкой в альбоме все хорошо). И не для Москвы или Вашингтона, а просто для слушателя". Mitya: "Шумиха, поднимаемая вокруг данного проекта, не соответствует услышанному, мало души, просто песни". Slaver, адзначаючы ў тым ліку правінцыйнае жаданне "пакарэння" Расіі, піша: "Самая страшная ж праблема – неадпаведнасьць высокіх мэтаў і гучных словаў зь якасьцю матэрыялу".
Я патэлефанаваў Аляксандру Багданаву, вядомаму ў свеце беларускай музыкі як Папа Бо, які неаднаразова ладзіў вялікія канцэрты прадстаўнікоў нашай альтэрнатыўнай музыкі ў маскоўскіх клубах. Вось яго думка:
– Думаю, шанцаў у "Ў" там няма. Мне так падалося, што ініцыятары праекту не вызначыліся з яго мэтазгоднасцю. Мне наогул не зразумела, дзеля чаго ўсё робіцца. Я некалькі разоў на месяц бываю ў Маскве, у клубах, і нешта не чуў пра нейкі прарыў "Ў". Там хапае і сваёй падобнай музыкі, Расію падобным пап-рокам не ўзяць. Я не пра мову, менавіта пра музыку. Маскву можна ўзяць нечым вельмі арыгінальным: фрыкам, дзікім нестандартам. Прыклад – групы "Кассиопея", "Серебряная свадьба", якія я там часта паказваю. А "У нескладовае" – гэта вельмі стандартна, звычайна.
Заўважу: Аляксандр паказвае на Усходзе ад Беларусі скрозь расійскамоўныя калектывы, якім пры гэтым у сапраўднай арыгінальнасці не адмовіць аніяк. І арыгінальнасць гэтая дыктуецца найперш вобразам калектыву, а ўжо потым, як мне падаецца, – незвычайнасцю музычных прапаноў. Менавіта тым самым браў Маскву заўчасна памерлы два гады таму Святаслаў "Свет" Хадановіч са сваімі калегамі па "SvetBoogieBand". Дайшло нават да таго, што ў спісе расійскіх выканаўцаў блюзу ён прысутнічаў далёка не на апошніх пазіцыях. Аднак ані разу я не чуў ад яго гучных заяў пра нейкі там прарыў ці што іншае. Ён проста ехаў і іграў.
На заканчэнне – яшчэ адзін прыклад, гэтым разам крыху з іншай, але таксама музычнай, галіны. Неяк Віктар Скорабагатаў распавёў мне пра тое, як паказалася ў Маскве на міжнародным конкурсе вакалістаў адна з ягоных вучаніц з акадэміі музыкі. Яна выканала там праграму пад назвай, калі не памыляюся, "400 гадоў беларускай вакальнай музыкі". Прысутных спецыялістаў, выканаўцаў і педагогаў, перш за ўсё ўразіла сама праграма: большасць з іх нават уяўлення не мела пра такую даўнюю вакальную традыцыю беларусаў.
Гэта я – усё пра тое ж: арыгінальнасць мастацкай прапановы. Чаго і хацелася б пажадаць двум згаданым калектывам. І калі ўдзельнікі YellowBrickRoad, як можна здагадвацца, адчуваюць сябе там роўнымі сярод роўных, спакойна набіраючыся досведу, дык ініцыятары "Ў", як падалося, паставілі ўсё ж вагоны папярод цягніка. Адной мовай усходні рынак скарыць, мне думаецца, немагчыма...
У тэксце выкарыстаныя матэрыялы experty.by і сайту "Еўрапейскага радыё".
Оригинал статьи на сайте "Говори правду!".
Об авторе:
Родился 20 августа 1952 года в Минске. В 1974 окончил белорусское отделение филфака БГУ. Работал учителем на селе, администратором объединения "Летапіс" киностудии "Беларусьфильм", редактором литературно-драматической, после – музыкальной редакции Белорусского телевидения. Старший редактор отдела музыки в журнале "Мастацтва", затем - заместитель главного редактора. В 2000-2008 – корреспондент белорусской службы радио "Свобода". С 2008 – один из экспертов музыкального интернет-проекта "Experty.by"
С публикациями на музыкальные темы начал выступать в середине 70-х. Печатался в бюллетене "Рабочая смена" (позже – журнал "Парус"), газетах "Знамя Юности", "Лiтаратура i мастацтва", "Имя", "Белорусская деловая газета", "Музыкальная газета", "Наша Нiва", журналах "Клуб и художественная самодеятельность" (Россия), "Маладосць", "Бездельник", "Крынiца", "Jazz квадрат", "Melodie" (ЧССР), "Jazz Forum" (Польша), музыкальном портале "Тузiн гiтоў".
Автор и ведущий ряда программ на телевидении ("Тэледыскатэка", "Сустрэнемся пасля 11-цi" в 70-80-х годах, БТ) и радио ("Музыка тоўстых" на радио "Беларуская маладзёжная" и радио "101,2" в 90-х, "Мэлёдыя дня" и "Па-за тактам" на радио "Свобода" в 2000-х).
В 80-х – председатель минского клуба любителей джаза. Член Союза писателей Беларуси с 1994 года, Белорусской ассоциации журналистов с 1998. Член жюри международного конкурса на фестивале "Noc bluesowa" (Польша, 2000–05), член жюри конкурса на фестивале "Басовiшча" (2006–07).
Один из авторов "Толкового словаря терминов популярной музыки" (1994, 1999), автор идеи и составитель книги "Энцыклапедыя беларускай папулярнай музыкі" (2008).