Алесь Зайцаў падзяліўся ўражаннямі ад мінулага еўрапейскага мінітуру, распавёў пра сутнасць лагодна-рокавага стылю гурта, паразважаў над перспектывамі моднай музыкі ў эфіры "Еўрарадыё"…
Пра гастролі...
– Нядаўна гурт "Босае сонца" вярнуўся з невялікага туру, які закрануў нямецкі фэст ворк-шопаў "Singentreffen", былі канцэрты ў Познані і Гродне. Як паўплывалі на ваш унутраны і творчы стан нямецка-польска-беларускія краявіды і на якія думкі навяла вас паездка?
– Як заўжды, гэтыя канцэрты, як і ўсе астатнія канцэрты за мяжой і па-за Мінскам, прыносяць шмат натхнення, шмат планаў і спадзяванняў. Так было і тут. Па шчырасці сказаць, мы ехалі крыху ў невядомую для нас сітуацыю, таму што не надта ўяўлялі сабе, што будзе за фестываль у Германіі, што будзе за канцэрт у Польшчы, можа таму, што на гэтыя імпрэзы гурт трапіў не дзякуючы сваім пошукам. Нас паўсюль парэкамендавалі сябры музыкі з гуртоў Hoha-band і "Дзецідзяцей". І, нягледзячы на тое, што ехалі мы ў невядомасць, мы атрымалі вельмі шмат ад гэтых паездак. Ну і найперш, вядома, музычны досвед, досвед стасункаў з музыкамі з іншых краін. Гэта вельмі карысны досвед для беларускіх музыкаў – не заўсёды ён лёгкадасягальны, таму робіцца яшчэ больш карысным. Бо калі ты бачыш, як тваю музыку, беларускую, беларускамоўную, ўспрымаюць немцы ды палякі, гэта дае магчымасць неяк ацаніць сябе трошкі з боку і сфарміраваць новыя погляды на сваю творчасць, а таксама паглядзець на тое, што робяць гурты падобнага ўзроўню і падобных стыляў за мяжой. Такі абмен досведам узбагачае, натхняе на новыя крокі, новыя планы, якія ў нас напалеонаўскія…
Пра змену стылю
– У параўнанні з гуртом "Босае сонца", які можна было назіраць на мінулагодніх "Басах", цяперашні гурт "Босае сонца" гучыць больш драйвова і рокава. Некаторыя эксперты лічаць, што "Босае сонца" у сваёй акустычнай празрыстасці выглядала значна цікавей…
– Я не ведаю, як выглядаем мы цікавей – напэўна, частка суб’ектывізму застаецца, і гэта, на мой погляд, нармальна. Таму што любы музыка, любы творца павінен рабіць у першую чаргу тое, што ён адчувае ўнутры сябе… Так, сапраўды мы пачыналі некалі з зусім акустычнай музыкі – такога своеасаблівага трыа, дзе я граў на акустычнай гітары і спяваў, а мне падыгрывалі перкусіяніст і скрыпачка. За пэўны час гэта вырасла ў нешта больш сур’ёзнае: зараз у гурце працуюць 5 прафесійных музыкаў, выпадковых людзей у нас няма, і кожны падыходзіць да працы ў гурце і да музыкі прафесійна, звязвае з ёй перспектывы…
Мы сапраўды сталі не зусім акустычнымі. Магчыма, гэта звязана з тым, што хочацца быць больш гучнымі і ахопліваць большыя прасторы, што падавалася нам маламагчымым у тым выглядзе, у якім мы існавалі год таму. Але гэта не значыць, што мы ператворымся ў нейкі стандартны рокавы калектыў і будзем працаваць выключна ў стандартным рокавым накірунку. Зусім не. Аб гэтым сведчыць хаця б той факт, што ў складзе нашага гурта дагэтуль застаюцца баян і скрыпка – то бок яны па структуры сваёй ужо акустычныя, і ў чымсьці нават народныя інструменты. І тым цікавей працаваць над нейкімі больш мэйнстрымавымі плынямі музыкі, блізкімі да сучаснай еўрапейскай рок-музыкі, выкарыстоўваючы можа не столькі стандартныя, як традыцыйныя для беларускай музыкі інструменты. Таму, думаю, гэтая пошукі скончацца тым, што мы вынайдзем-такі свой гук, свой стыль, да якога імкнёмся зараз, і які будзе спалучаць нешта гучнае і моцнае з празрыстай і акустычнай музыкай таксама.

Пра вартасць і мэтазгоднасць
– Кожны творца часам павінен задумвацца пра мэтазгоднасць сваёй творчасці. Некаторыя проста не думаюць пра тое, ці патрэбна іх музыка беларусам, таму і выглядаюць смешна… Што скажаш наконт неабходнасці гурта "Босае сонца" беларускай музыцы?
– Па-першае, спадзяюся, што мы выглядаем не смешна, як мінімум. Таму што, ўсё-такі мы ўкладаем у тое, што мы робім, не толькі свой погляд, свае эмоцыі, свае адчуванні, бо калі кіравацца толькі гэтым, атрымліваецца падлеткавы падыход! Вядома, мы думаем аб тым, ці патрэбна тое, што мы робім, тым жа беларусам, ці ўвогуле слухачу. Пакуль што цяжка сказаць, таму што мы не зрабілі яшчэ нейкіх важкіх крокаў і важкіх заяваў пра сабе, як пра нейкі сур’ёзны калектыў. Гэта, я спадзяюся, у самай бліжэйшай будучыні адбудзецца. Але, тым не менш, мэтазгоднасць ёсць, таму што як бы гэта не амбітна гучала, мне здаецца, што такога гурта, якім імкнецца стаць "Босае сонца", як раз бракуе Беларусі. Пры ўсёй сваёй імклівасці быць актуальнымі, быць на хвалі, захаваўшы пры гэтым сваё "Я", свой погляд, не кінуўшыся ў нейкія выключна мэйнстрымавыя накірункі, мы імкнёмся стаць знакам для Беларусі і быць папулярнымі за яе межамі.

Пра музычныя параўнанні
– Як ты паставішся да таго, што "Босае сонца" нехта назаве паслядоўнікам WZ-Orkiestra, а цябе – маладым і інтэлігентным Вайцюшкевічам?
– (Cмяецца) А Вайцюшкевіч, значыць, не інтэлігентны? Я слухаю вельмі шмат музыкі, і, вядома ж, мне была цікавая творчасць таго ж Вайцюшкевіча і WZ-Orkiestrа, як і многія іншыя беларускія і замежныя гурты. Я ўвогуле насычваю і напітваю сябе вялікай колькасцю музычных накірункаў, не абмяжоўваюся як у творчасці, так і ў слуханні нейкіх музычных праяваў. Таму не выключаю такой магчымасці, што штосьці з таго, што я ўспрымаю, пакідае на мне свой адбітак і выліваецца ў тое, што я раблю сам. Я адчуваю сваю музыку ўсё ж сваёй, таму нейкія параўнанні мяне не палохаюць ніколькі.
Мода і музыка
– Апошнім часам у Беларусь прыйшла хваля заходняга рэвайвал-року, адпаведна з’явіліся англамоўныя гурты новай генерацыі, якія актыўна граюць канцэрты і нядрэнна гастралююць. Як ты ставішся да музычнай моды?
– Я не бачу для сябе патрэбы працаваць у тым стылі, які зараз на хвалі. Я бачу чамусьці патрэбу шукаць свой стыль і рабіць яго запатрабаваным. Я проста не сачу асабліва за музычнымі модамі ў Беларусі, і ўвогуле, нягледзячы на тое, што я жыву ў музыцы і займаюся ёй пастаянна, я кіруюся сваім густам і тым, што мне цікава, а не тым, што модна. Часам гэтыя акалічнасці супадаюць, вядома, але часам і не. Як і любая мода, яна прыходзіць і сыходзіць. І калі працаваць вузка накіравана ў гэтым модным накірунку, то, на мой погляд, гэта мае не зусім вялікія перспектывы, мякка кажучы. Калі я збіраюся звязаць сваю далейшую прафесійную дзейнасць і жыццё з музыкай, то лічу патрэбным шукаць нейкі сінтэз таго, што я адчуваю і раблю, з тым, што зараз на хвалі і з тым, што хочуць чуць людзі.

Пра грошы...
– Што трэба рабіць маладому гурту, каб раскруціцца?
– Паўстае, як заўжды, грашовае пытанне. Зараз у "Босага сонца" яно на павестцы дня, таму што нас пачынаюць слухаць, намі пачынаюць цікавіцца, у нас з’яўляюцца свае слухачы… Але мы разумеем, што каб гэтым жа людзям прадставіць свае запісы ў якасным выглядзе, каб для гэтых жа людзей зрабіць якасныя канцэрты, каб увогуле проста існаваць і якасна працаваць, таму што музыка гэта не толькі творчасць, гэта таксама і праца, нам патрэбныя добрыя інструменты, апаратура для выступаў, святло… А на гэта патрэбныя пэўныя сродкі. У Беларусі проста няма нармальна наладжанай сістэмы працы як з маладымі гуртамі, так і з ужо сталымі, сур’ёзнымі і прафесійнымі калектывамі. Па-просту кажучы, няма шоў-бізнесу. І як у гэтай сітуацыі існаваць, і асабліва існаваць маладым гуртам? Мы вось робім зараз нейкія крокі па пошуку схем дзеяння ў гэтым накірунку: спонсараў, кампаній, якія будуць гатовыя з намі супрацоўнічаць…

Лета...
– Лета наперадзе. Распланавана яно ў вас фестывальна-канцэртным чынам? Ці збіраецеся адпачываць?
– Адпачываць дакладна не збіраемся – гэта мы ўжо вырашылі для сябе. Мы збіраемся працаваць йдалей над нашай музыкай і над усім, што яе тычыцца. Прынамсі, маем у планах зрабіць за лета паўнавартасны сайт для гурта, падумаць над запісам сінглу і выпускам кліпа на гэты сінгл. Што тычыцца летніх фестываляў, то тут мы трошкі спазніліся. Магчыма, не паўсюль зможам дамовіцца з арганізатарамі і зацікавіць сабою іх. Магчыма, недзе нас можна будзе ўсё-такі пачуць і пабачыць… У любым выпадку, праца будзе працягвацца, і, спадзяюся, яна дасць свае вынікі, якія мы ўбачым ужо восенню.
– Маеш што паведаміць слухачам "Еўрарадыё"?
– Слухачам "Еўрарадыё" хацелася б пажадаць шмат сапраўднай, добрай і цікавай музыкі. Слухайце тое, што вам цікава, і будзьце неабыякавымі да сваіх! Вельмі хочацца, каб беларускія гурты, беларускія музыкі пачалі быць цікавымі беларускаму слухачу!
"Босае Сонца" ў Інтэрнэце – "MySpace", "Vkontakte"
Тэкст: Маша Лагодзіч, "Еўрарадыё"
Фота: "Музычны апельсін", Яўген Ерчак, Tarantino